нумар 8
15 лістапада 2011

АЎТАПАРТРЭТ З ЛЮСТЭРКАМІ

Студыя мэтра
АЎТАПАРТРЭТ +разгарнуць
Збеглыя вобразы
Дзірка ў палатне
Эклектычная калекцыя
Памежныя кантрасты
Сармацкі профіль
Рамантычны эскіз
Габрэйскі фон
Усходняя вязь
ЛЮСТЭРКІ +разгарнуць
Практычны дапаможнік для мастакоў
Архіўны каталог
Мастацкі пленэр
НАТУРШЧЫКІ
ПАРТРЭТЫСТЫ
БІЯГРАФІЯ

Мэры Шэлі ( Mary Shelley ) 1797 – 1851

Шэлі, Мэры, Shelley, Mary Мэры Ўолстанкрафт Шэлі нарадзілася ў Лондане 30 жніўня 1797 году ў у сям’і вядомае феміністкі, выкладніцы і пісьменніцы Мэры Ўолстанкрафт і не менш вядомага ліберальнага філосафа, журналіста-анархіста і атэіста Ўільяма Годвіна, аўтара раманаў “Прыгоды Калеба Ўільямса”, “Сэнт-Леон”, “Флітвуд” і шэрагу п’есаў, пра якога казалі, што Мэры Шэлі – ягоны найлепшы твор. Менавіта Ўільям Годвін займаўся выхаваннем Мэры і яе сястры пасля смерці маці, пад ягоным кіраўніцтвам будучая пісьменніца атрымала добрую адукацыю і стала добра адукаванай, начытанай асобай, якая цікавілася апошнімі дасягненнямі навукі, асабліва ў галінах хіміі і фізіялогіі.

У 16 гадоў Мэры Шэлі знаёміцца з Персі Шэлі, які дзеля яе кідае сваю першую жонку Генрыету, што праз два гады заканчвае жыццё самагубствам. Яны збягаюць у Францыю, хутка вяртаюцца. Бацька Мэры Шэлі кепска ставіцца да гэтага шлюбу і на некаторы час рве з дачкой стасункі.

У 1816 годзе Мэры Шэлі знаёміцца ў Швейцарыі з Байранам, які прапануе ёй напісаць “звышнатуральны аповед”. У 1818 годзе пабачыў свет “Франкенштэйн, ці Сучасны Прамэтэй” (Frankenstein; or, The Modern Prometheus). Акрамя гэтага, Мэры Шэлі напісала і іншыя творы: “Пераўтварэнне”, “Апошні чалавек”, “Вальпегра”.

Пасля смерці мужа 8 ліпеня 1822 году ў Італіі Мэры Шэлі пераязджае ў Геную, дзе першы год жыве з Лі Хантам і яго сям’ёй і дзе часта сустракаецца з Байранам, пасля вяртаецца ў Англію. Да 1840-х гадоў яна плённа працуе як рэдактарка і пісьменніца, піша апавяданні для жаночых часопісаў, пасля смерці бацькі ў 1836 годзе рыхтуе да выдання яго лісты і мемуары згодна з яго пажаданнем у тэстаменце (хаця праца гэтая так і не была даведзеная да канца). Памерла Мэры Шэлі 1 лютага 1851 году ад злаякаснай пухліны мозгу.

У “Абацтве кашмараў” (Nightmare Abbey) Томаса Лава Пікака сярод вобразаў іншых паэтаў-рамантыкаў (Колрыджа, Саўці, Байрана, Персі Шэлі), выведзены вобраз Мэры Шэлі (пад імем Celinda Toobad). Па-свойму інтэрпрэтуе аўтар (блізкі сябар і найпершы з’едлівы крытык названых вышэй аўтараў) гісторыю кахання Персі Шэлі і той любоўны трохкутнік, адной з вяршыняў якога апынуўся паэт. Праўда, у “Абацтве кашмараў” гісторыя атрымлівае больш камічнае завяршэнне, чым яна мела ў жыцці, – галоўны герой аказваецца ні з чым, страціўшы прыхільнасць абедзвюх сваіх пасіяў (прататыпамі якіх з’яўляюцца Мэры Шэлі і Гарыет Ўэстбрук, першая жонка паэта).
  • [LJ]Дадаць у ЖЖ