нумар 9
27 сакавіка 2012

Art Detected

Злачынства, сэр!
Бясчынства, сэр!
За сцэнай
Ключавая рэпліка
Нечаканы паварот
Мышалоўка+разгарнуць
Пераклады пераможцаў "Ператвора"
Бэйкер-стрыт 221b
НАПІСАЛІ ЗАБОЙСТВА
ПЕРАКЛАЛІ ЗАБОЙСТВА
БІЯГРАФІЯ

Філіп Топал ( Filip Topol ) нар. 1965

Топал, Філіп , Topol, Filip Нарадзіўся 12 чэрвеня 1965 году ў Празе. З дзяцінства сур’ёзна займаўся музыкай, пасля гімназіі скончыў музычную школу па класе аргана. У красавіку 1978-га, г. зн. у няпоўныя 13 гадоў, выступіў у якасці разагрэву на падпольным канцэрце-прэзентацыі альбома “Велікодная містэрыя” (Pašijové hry velikonoční) легендарнага андэграўнднага гурта “The Plastic People of the Universe”. Канцэрт праходзіў ва ўмовах строгай канспірацыі на лецішчы Вацлава Гаўла – блізкага сябра і калегі Філіпавага бацькі Ёзэфа, і Філіп выканаў на ім некалькі кампазіцый на вершы свайго брата Яхіма. У тым самым годзе ён разам з двума аднакласнікамі заснаваў гурт “Воіны-псы” (Psí vojáci), які з цягам часу зрабіўся не меншай легендай, чым "The Plastic People of the Universe", і на сённяшні дзень выдаў ужо два дзесяткі альбомаў, прычым першы з ідэалагічных прычынаў змог выйсці толькі ў 1989-м. За савецкім часам “Воіны-псы” былі забароненыя, што абумовіла і блізкае знаёмства Філіпа з органамі чэхаславацкай сацыялістычнай дзяржбяспекі – на допыты на вуліцу Барталамейскую ў Празе юнака выклікалі з 14 гадоў.

Філіп Топал не проста віртуозны музыка і харызматычны спявак, ён таксама аўтар большасці песенных тэкстаў свайго гурта, якія можна чытаць і як паўнавартасныя, вельмі сугестыўныя вершы, прасякнутыя пачуццём адчужанасці і брутальнасці сучаснага ўрбаністычнага жыцця. Фактычна ўся паэзія Філіпа Топала сабраная ў аб’ёмным томе “Народ воінаў-псоў” (Národ Psích vojáků, 2004).

Дагэтулешняя празаічная творчасць Філіпа Топала ўключае ўсяго тры невялікія творы, якія разам змяшчаюцца менш чым на 100 старонках, і, тым не менш, дазваляюць гаварыць пра аўтара як пра вельмі таленавітага празаіка. Апроч аповесці “Карла Залатара падарожжа на Корсіку” (Karla Klenotníka cesta na Korsiku; яна перакладзеная на беларускую мову Веранікай Бяльковіч і змешчаная ў калектыўнай кнізе Яхіма, Філіпа і Ёзэфа Топалаў “Анёл” (Мінск, Логвінаў, 2008)), якая “Чэшскім літаратурным фондам” была прызнаная найлепшай празаічнай кнігай 1999 году, гэта вельмі сімпатычная сваёй непасрэднасцю і набітая энергіяй пратэсту юначая аповесць (ці хутчэй дзённікавы запіс) “Мне 13” (Mně 13), напісаная, як паказвае назва, у 13 гадоў, але выдадзеная ўпершыню ў 1995 годзе, і паэма ў прозе “Нататкі закаханага” (“Zápisky milencovy”, 2004).
  • [LJ]Дадаць у ЖЖ