нумар 9
27 сакавіка 2012

Art Detected

Злачынства, сэр!
Бясчынства, сэр!
За сцэнай
Ключавая рэпліка
Нечаканы паварот
Мышалоўка+разгарнуць
Пераклады пераможцаў "Ператвора"
Бэйкер-стрыт 221b
НАПІСАЛІ ЗАБОЙСТВА
ПЕРАКЛАЛІ ЗАБОЙСТВА
БІЯГРАФІЯ

Мілан Ракіч ( Милан Ракић ) 1876 – 1938

Ракіч, Мілан, Ракић, Милан Сербскі паэт, дыпламат і акадэмік. Нарадзіўся ў Бялградзе 18 верасня 1876 году ў сям’і міністра фінансаў Міты Ракіча (дзедам паэта па матчынай лініі быў Мілан Мілічавіч, пісьменнік і навуковец), там жа скончыў пачатковую і сярэднюю школу. Пасля вывучаў у Сарбоне права (1898–1901), па заканчэнні універсітэта адразу паступіў на дыпламатычную службу, дзе працаваў да самае смерці.

У 1902 годзе надрукаваў першыя вершы ў “Сербскім літаратурным весніку”, а ў 1903 годзе выдаў зборнік “Вершы” (перавыдаваўся пасля ў 1924 і 1936 гадах), які зрабіўся першай кнігай сербскага мадэрнізму. Другая кніга пад назвай “Новыя вершы” выйшла ў 1912 годзе – праз высокую патрабавальнасць да сваіх твораў Ракіч не надрукаваў больш нічога, апроч гэтых кніг. Нягледзячы на тое, што паэтычная спадчына Ракіча складаецца ўсяго з 64 вершаў, паэт лічыцца адным з класікаў нацыянальнай літаратуры і пачынальнікам не толькі сербскага мадэрнізму, але і ўсёй сербскай літаратуры ХХ ст. Даследчыкі творчасці паэта гавораць пра ўплыў на яе парнаскай школы і французскага сімвалізму (асабліва блізкай Ракічу была паэзія Шарля Бадлера), пра матывы трагічнай і гордай любові да Радзімы (цыкл вершаў, прысвечаных Косаваму полю). Адна з важных тэмаў яго творчасці – смерць, пра якую ён пісаў у скептычным і часам іранічным тоне.

У 1922 годзе Ракіч выбраны чальцом-карэспандэнтам, а ў 1934 годзе – акадэмікам Сербскай акадэміі навук.

Памёр 30 чэрвеня 1938 году ў Заграбе.
  • [LJ]Дадаць у ЖЖ