нумар 9
27 сакавіка 2012

Art Detected

Злачынства, сэр!
Бясчынства, сэр!
За сцэнай
Ключавая рэпліка
Нечаканы паварот
Мышалоўка+разгарнуць
Пераклады пераможцаў "Ператвора"
Бэйкер-стрыт 221b
НАПІСАЛІ ЗАБОЙСТВА
ПЕРАКЛАЛІ ЗАБОЙСТВА
БІЯГРАФІЯ

Стыг Дагерман ( Stig Dagerman ) 1923 – 1954

Дагерман, Стыг, Dagerman, Stig Шведскі празаік, драматург і журналіст. Нарадзіўся 5 кастрычніка 1923 году. Выхоўваўся дзядулем і бабуляй з бацькавага боку. Маці бачыў адзін раз у жыцці. У 1932 годзе ва ўзросце адзінаццаці гадоў пераехаў з Эльвкарлебю ў Стакгольм да бацькі.

З 1941 году працаваў журналістам у розных часопісах, пішучы артыкулы на культурна-мастацкую тэматыку.

У 1945 годзе выходзіць раман “Змяя” (Ormen), пасля якога Дагермана залічылі да шматабяцальных маладых пісьменнікаў. Наступны раман – “Выспа вырачаных” (De dömdas ö) – выходзіць праз год.

Крытыкі знаходзяць у творах Дагермана паралелі з творамі такіх пісьменнікаў, як Ўільям Фолкнэр, Альбэр Камю, Франц Кафка. Многія лічаць яго адным з галоўных прадстаўнікоў шведскага “пакалення 1940-х” (Fyrtiotalisterna), вылучаючы ў яго творчасці рысы экзістэнцыялізму.

У 1947 годзе выходзіць кніга “Нямецкая восень” (Tysk Höst) – дакументальны зборнік, дзе апавядаецца пра пасляваенную Германію.

Вялікі поспех займеў зборнік апавяданняў пісьменніка “Начныя гульні” (Nattens lekar), апублікаваны ў 1947 годзе. Тады ж Дагерман піша сваю першую п’есу – “Смяротнік” (Den dödsdömde). Свой апошні раман пад назваю “Вясельныя турботы” (Bröllopsbesvär) Дагерман публікуе ў 1949 годзе, пасля чаго замаўкае як пісьменнік.

Самае вядомае апавяданне пісьменніка “Забіць дзіця” (Att döda ett barn), друкаванае ў другім нумары “ПрайдзіСвета” ў перакладзе з мовы арыгіналу (раней гэтае ж апавяданне было перакладзенае на беларускую з ангельскай), дэманструе ўплыў эстэтыкі кіно на манеру пісьма Дагермана і ўжыванне ім сродкаў гэтага віду мастацтва.

5 лістапада 1954 году Дагерман скончыў жыццё самагубствам, атруціўшыся выхлапнымі газамі ва ўласным гаражы.
  • [LJ]Дадаць у ЖЖ