Сяргей Сматрычэнка
Філолаг-славіст, перакладчык, рэдактар. Нарадзіўся ў 1977 годзе ў Віцебску. Скончыў філалагічны факультэт БДУ, дзе па яго сканчэнні выкладаў, галоўным чынам, чэшскую і славацкую мовы. У розны час працаваў у рэдакцыях часопіса “ARCHE”, газеты “Наша Ніва”, у Беларускім ПЭН-цэнтры. Заснавальнік і куратар кніжнай серыі “Чэшская калекцыя” ў выдавецтве Ігара Логвінава. Суарганізатар некалькіх міжнародных літаратурных акцый, у тым ліку фестываля “Месяц аўтарскага чытання-2007” з удзелам 30 беларускіх пісьменнікаў у чэшскім Брне; укладальнік і перакладчык “Анталогіі беларускага апавядання” па-чэшску. Публікуецца найперш у беларускіх, чэшскіх і славацкіх перыядычных выданнях. Сярод аўтараў, перакладзеных на беларускую мову, – Яхім Топал, Ёзэф Топал, Міхал Вівэг, Мілан Кундэра, Багуміл Грабал, Вацлаў Гавал, Мілаш Урбан, Эва Кантуркава, Вацлаў Чэрны і інш. Цяпер працуе ў Інстытуце славістыкі Венскага універсітэта.