Лаўрэатам медалю Карнэгі – прэстыжнай брытанскай узнагароды за найлепшую дзіцячую кнігу году – стала ірландская пісьменніца Шыван Даўд (Siobhan Dowd), якая памерла ад раку ў жніўні 2007 году.Яе аповесць “Дзіця з балота” (”Bog Child”), узнагароджаная медалём Карнэгі, была надрукаваная ўвосень 2008 году і атрымала высокую ацэнку крытыкі. Медаль Карнэгі ўпершыню быў прысуджаны пасмяротна.
Галоўны герой аповесці Шыван Даўд – 16-гадовы падлетак на імя Фэргус. Ён знаходзіць у балоце труп дзяўчынкі, і думае, што яна – ахвяра Ірландскай рэспубліканскай арміі, хаця насамрэч гэтаму пахаванню ўжо 2000 гадоў.
У аповесці пераплятаюцца лініі дзяўчынкі на імя Міў і Фэргуса, які жыве ў Паўночнай Ірландыі пачатку 1980-х, з яе тэрактамі, галадоўкамі пратэсту і кантрабандай.
У 2009 годзе медаль Карнэгі прысуджалі пісьменнікам 72-м разам. Сярод яго ранейшых лаўрэатаў – Тэры Пратчэт, Філіп Пулман, Клайв Стэйплс Льюіс.