З 10 па 22 траўня Украіну ахопіць “Беларуская вясна” – фестываль сучаснай беларускай культуры адбудзецца ў чацверты раз і пракоціцца па гарадах Украіны ад Кіева, Харкава, Львова і Івана-Франкоўска да Тэрнопаля, Бровараў, Днепрапятроўска і Чарнаўцоў. Фэст адкрыецца перформансам на Беларускай вуліцы “Лыжы на асфальце”: на лыжы стануць спартоўцы з Філадэльфіі, Варшавы і Бровараў. У межах “Беларускай вясны-2010” пройдзе выстава беларускай рэпартажнай фатаграфіі “Belarus Press Photo 2010”, відэапаказы анімацыі, майстаркласы выцінанкі ад мастачкі Лоры Янушчык, прэзентацыя адзінага недзяржаўнага беларускамоўнага Belsat TV і шэраг лакальных акцый. Навінкамі беларускай культуры падзеляцца госці фекстывалю: фтакарэспандэнт Вадзім Заміроўскі, літаратары Уладзімір Арлоў, Андрэй Хадановіч, Віталь Рыжкоў, Сяргей Прылуцкі, Павел Касцюкевіч, Вольга Бабкова, Барыс Пятровіч, Алеся Башарымава і іншыя. Разынкай фэсту стане адкрыццё “Беларускай палічкі” ў сетцы кнігарняў “Є”. Цяпер неабавязкова украінцам чакаць наступнай “Беларускай вясны”, каб набыць кніжку па-беларуску.