Онлайн-энцыклапедыю "Вікіпедыя" раскрытыкавалі за раскрыццё фіналу п'есы "Пастка" Агаты Крысці, піша The Independent. Крытыку, у прыватнасці, выклікала тое, што ў п'есе, якой прысвечаны артыкул англамоўнага раздзелу "Вікіпедыі", паведамляецца імя забойцы.Па словах унука пісьменніцы Мэцью Прычарда, ён "вельмі шкадуе" пра сітуацыю, якая склалася. "Мая бабуля заўсёды засмучалася, калі крытыкі ў рэцэнзіях расказвалі сюжэты яе твораў. Думаю, што гэтая сітуацыя прыкладна такога ж кшталту", – цытуе яго словы газета.
Аматары творчасці Агаты Крысці ўжо накіроўвалі некалькі петыцыяў ў фонд Wikimedia з тым, каб з артыкула прыбралі імя забойцы ці хаця б папярэдзілі пра яго згадку. На момант напісання дадзенай нататкі асоба забойцы называлася ў раздзеле пад назвай Identity of the murderer ("Асоба забойцы"). Аднак, мяркуючы па ўсім, гэтага аматарам творчасці Крысці недастаткова.
П'еса "Пастка" была ўпершыню паказаная на сцэне Каралеўскага тэатра ў Нотынгеме ў 1952 годзе. З таго ж часу яна штогод ставіцца ў Лондане. Такім чынам, за ўвесь час спектакль быў паказаны больш за 24 тысяч разоў. Адной з асаблівасцяў пастаноўкі з'яўляецца тое, што гледачоў па заканчэнні прадстаўлення просяць захаваць імя забойцы ў сакрэце дзеля інтрыгавання будучых гледачоў.