Па выніках Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі – 2010” з 20 жніўня па 30 верасня арганізаваная кніжна-ілюстрацыйная выстава “Найлепшыя кнігі Беларусі” (3-ці паверх, кальцавы калідор).Ужо стала традыцыяй штогод у рамках Дня беларускага пісьменства і Дня бібліятэк праводзіць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі выставу-прэзентацыю па выніках чарговага Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”. У гэтым годзе такое мерапрыемства адбудзецца 9 верасня. Свой ганаровы шлях найлепшыя кнігі распачынаюць у Дзень беларускага пісьменства (5 верасня, Хойнікі), калі прадстаўнікам выдавецтваў уручаюцца ганаровыя дыпломы і памятны знак-сімвал “Залаты фаліянт”.

У сёлетнім 50-м конкурсе, які адбыўся 12–13 мая, узялі ўдзел 44 выдавецтвы і выдавецкія арганізацыі, якія прапанавалі больш за 250 выданняў павышанай якасці па 24 намінацыях. У выніку галасавання журы вызначаныя пераможцы ў 12 тэматычных, 6 спецыяльных і 3 персанальных намінацыях.

У намінацыі “Гран-пры” ганаровае месца займае кніга “Никогда не забудем” выдавецтва “Мастацкая літаратура”.
Персанальныя намінацыі сёлета прысуджаныя Тамары Шэлест (“Найлепшы ілюстратар”), Валерыю Рагалевічу (“Найлепшы дызайнер кнігі”), Пятру Кастраме (“Найлепшы фотамастак”).
Усе наведвальнікі бібліятэкі маюць магчымасць пабачыць вынікі працы беларускіх выдаўцоў, найлепшыя ўзоры мастацкай і паліграфічнай культуры. У экспазіцыі прадстаўленыя лаўрэаты конкурсу: кнігі, якія атрымалі ганаровыя дыпломы пераможцаў, а таксама кнігі – дыпламанты I, II і III ступеняў. Каля 100 выданняў экспазіцыі размеркаваныя па наступных раздзелах: “Тэматычныя намінацыі”, “Спецыяльныя намінацыі”, “Персанальныя намінацыі”. Усе кнігі пазначаныя інфармацыйнымі этыкеткамі.
Акрамя таго, у экспазіцыі асобна адзначаныя беларускія выданні – дыпламанты VII Міжнароднага конкурсу “Мастацтва кнігі” дзяржаваў – удзельніц СНД, што адбыўся 3–4 чэрвеня 2010 г. у Маскве. Рэспубліка Беларусь выступіла на конкурсе з 32 кнігамі павышанай якасці – лаўрэатамі Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі – 2010”. 3 верасня, падчас правядзення 23-й Маскоўскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу, адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў.
Экспазіцыя яркая, пазнавальная, актуальная і цікавая для тых, хто сочыць за развіццём і сучасным станам паліграфічнай і выдавецкай дзейнасці ў нашай краіне.