Санкт-Пецярбургскае ўпраўленне расійскага Міністэрства юстыцыі, якое славіцца сваімі завышанымі патрабаваннямі да некамерцыйных арганізацыяў, запатрабавала ад італьянскага культурнага цэнтра “Таварыства Дантэ Аліг'еры”, здабыць дазвол паэта або яго сваякоў на выкарыстанне імя Дантэ.У канцы 2011 году гэты культурны цэнтр падаў дакументы на перарэгістрацыю. Таварыства раней ужо мела ліцэнзію на такую назву, з'яўляючыся філіялам “Таварыства Дантэ Аліг'еры”, якое было заснаванае ў Рыме яшчэ ў 1889 годзе і мае больш за 500 філіялаў па ўсім свеце.
І вось днямі з галоўнага ўпраўлення Мінюста па Санкт-Пецярбургу прыйшоў адказ, у якім чыноўнікі прапанавалі арганізацыі змяніць назву альбо ўзяць у Дантэ ці яго сваякоў дазвол на выкарыстанне імені. Якім чынам можна правесці перамовы па гэтым пытанні з паэтам, што памёр у 1321 годзе, у паперы не ўдакладняецца. Ды і адшукаць сваякоў Дантэ амаль праз 700 гадоў пасля яго смерці практычна немагчыма.
Прычым чыноўнікі дзейнічалі ў адпаведнасці з законам, бо ў пераліку папераў, неабходных для рэгістрацыі некамерцыйных арганізацый, згаданы дакумент, які пацвярджае права на выкарыстанне імя грамадзяніна ў назве арганізацыі.
Некалькі гадоў таму ўжо быў падобны інцыдэнт з рэгістрацыяй пецярбургскага таварыства імя Тараса Шаўчэнкі. Для гэтага юрыстам давялося ехаць у Кіеў і шукаць сваякоў паэта, які жыў 200 гадоў таму.
І хоць рашэнне Мінюста яшчэ не канчатковае, культурнаму цэнтру ў любым выпадку давядзецца давесці, чаму яму неабходна насіць імя італьянскага паэта. З іншага боку, калі назва ўжо адзін раз была зарэгістраваная, то гэта аргумент на карысць таварыства — бо першы раз дзяржаву яна задавальняла.