нумар 9
27 сакавіка 2012

Art Detected

Злачынства, сэр!
Бясчынства, сэр!
За сцэнай
Ключавая рэпліка
Нечаканы паварот
Мышалоўка+разгарнуць
Пераклады пераможцаў "Ператвора"
Бэйкер-стрыт 221b
НАПІСАЛІ ЗАБОЙСТВА
ПЕРАКЛАЛІ ЗАБОЙСТВА
ПАДЗЕЯ

97% беларусаў не чытаюць перакладаў на беларускую

31  студзеня  2012
97% беларусаў не чытаюць перакладаў на беларускую Ужо два дзесяцігоддзі Беларусь — незалежная краіна са сваёй культурнай і адукацыйнай палітыкай, творчымі саюзамі, перыядычнымі выданнямі. Як змянілася становішча беларускай літаратуры за часы незалежнасці? У 2011 годзе напярэдадні Году кнігі Саюз беларускіх пісьменнікаў звярнуўся да лабараторыі “Новак” з просьбай правесці апытанне, каб даведацца, колькі чытаюць беларусы, што іх цікавіць у літаратуры і хто з сучасных беларускіх літаратараў найбольш падабаецца чытачу.

Вынікі несуцяшальныя:

• Беларусы чытаюць мала. Ніколі не бярэ ў рукі кнігу траціна насельніцтва (33,7%).

Палова беларусаў кніг не купляе, у найлепшым выпадку пры патрэбе пазычаюць у знаёмых ці бяруць у бібліятэцы.

• Сучасную замежную літаратуру (у першую чаргу рускую) ведаюць лепей за сваю. 62% апытаных наогул не цікавяцца беларускімі кнігамі. Істотная частка (13,3%) зусім не ўмее чытаць па-беларуску.

• На пытанне пра тое, якіх сучасных беларускіх пісьменнікаў ведаюць, найчасцей называюць імёны, якія сталі знакавымі яшчэ за савецкім часам: Васіля Быкава (6,5%), Уладзіміра Караткевіча (3,8%), Івана Шамякіна (3,2%). Пераважная ж большасць не ведае нікога (74,6%). Для параўнання: у сучаснай масавай рускай літаратуры беларусы абазнаныя значна лепей. 17,8% ведаюць, хто такая Дар’я Данцова.

• Што да густаў, то ў безумоўных лідарах дэтэктывы — ім аддаюць перавагу 38,3% аматараў чытання, 28,1% калі і бяруць у рукі кнігу, то гэта жаночы раман. Кнігу класіка з паліцы здымаюць 26,5% ад усіх беларусаў, якія чытаюць хаця б раз на год.

• На думку нашых суайчыннікаў, зрабіць беларускую літаратуру больш папулярнай маглі б цікавыя аўтары і творы (52,4%), іх большая жанравая разнастайнасць (27,2%), а таксама лепшая рэклама (22,9%).

• Варта таксама адзначыць, што дзейнасць найстарэйшай творчай арганізацыі Беларусі — Саюза беларускіх пісьменнікаў — станоўча ацэньваюць 61,4% апытаных.

Вось як каментуе вынікі апытання старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч:

“Вынікі, як і чакалася, не самыя прыемныя. Выяўляецца, што літаратурныя імёны-брэнды савецкіх часоў беларусы дагэтуль памятаюць, а вось новых так і не з’явілася. Гэта значыць што той курс, які ўзяла Беларусь у культурнай сферы — малаэфектыўны.

Год кнігі — добрая нагода, каб аб’яднаць высілкі дзяржавы і грамадскіх арганізацый дзеля змены сітуацыі. Самы важны клопат дзяржавы ў галіне культуры — падтрымліваць мову карэннай нацыі краіны. Гэта датычыць удасканалення і пашырэння школьных праграм па мове і літаратуры, павелічэння колькасці адукацыйных установаў з беларускай мовай навучання, стварэння, нарэшце, цалкам беларускамоўнага нацыянальнага ўніверсітэта.

Абсалютная большасць беларусаў дагэтуль спажывае інфармацыю праз тэлебачанне. Але на беларускім ТБ няма беларускай кнігі, няма беларускіх аўтараў, ды і наогул беларускай мовы збольшага няма. Такім чынам, інфармацыя пра новыя кнігі і новых аўтараў не даходзіць да чытачоў.

Палітыка беларускай дзяржавы павінная стаць беларусалюбнай. Ну а пісьменнікам розных саюзаў трэба часцей і без перашкод сустракацца з чытачамі, каб папулярызаваць найлепшае са створанага”.

Астатнія вынікі апытання выглядаюць наступным чынам:

Мова літаратуры

97,1% беларусаў не чытаюць замежную літаратуру ў перакладзе на беларускую мову. 68,4% з іх ні пры якіх умовах не абралі б беларускамоўную версію кнігі. Аднак 20,3% згодныя набыць замежны твор па-беларуску пры ўмове добрай якасці перакладу.

Шлях кнігі да чытача

Асноўны шлях кнігі да беларускага чытача — ад сяброў і знаёмых. 44 % аматараў чытва пазычаюць кнігі, 28,7% — купляюць у кнігарнях, у тым ліку праз інтэрнэт, 26,8% па- ранейшаму наведваюць бібліятэкі. 12,6 % аддаюць даніну сучаснасці і спампоўваюць кнігі з інтэрнэту. 49,9 % беларусаў ніколі не купляюць кнігі.

Айчынныя літаратары

Ніводнай сучаснай беларускай пісьменніцы не змаглі назваць 84,9% апытаных. Першая ж шасцёрка названых выглядае так: Святлана Алексіевіч (2,8%), Цётка (2,5%), Валярына Кустава (2,1%), Раіса Баравікова (1,5%), па 1,1% набралі Наталля Батракова і Яўгенія Янішчыц.

А вось сярод айчынных пісьменнікаў, якіх беларусы не проста ведаюць, але і любяць чытаць, — Васіль Быкаў (7,4%), Уладзімір Караткевіч (7,4%), Якуб Колас (5,5%), Янка Купала (3,9%) і Іван Мележ (2,9%).

Замежныя аўтары

Сітуацыя з замежнымі аўтарамі ў Беларусі лепшая. Іх не ведаюць і не любяць чытаць “усяго” 48,7% і 39,0% адпаведна. Улюбёныя небеларускія пісьменнікі: Дар’я Данцова (11,3%), Аляксандра Марыніна (5,6%), Таццяна Усцінава (3,4%), Леў Талстой (2,5%) і Юлія Шылава (2,0%).

Перыядычныя выданні

Што да перыядычных выданняў, 91,9% беларусаў не чытаюць айчынныя літаратурныя часопісы, а 98,9% не чытаюць часопісы замежныя, у тым ліку рускія.

“Литературную газету” і часопіс “Наш современник” чытаюць 0,3% беларусаў. Крыху больш чытачоў у дзяржаўных айчынных выданняў, якія цэнтралізавана выпісваюць бібліятэкі: часопіс “Нёман” (2,9%), газета “Літаратура і мастацтва” (2,6%), часопісы “Полымя” (2,2%), “Маладосць” (2,2%). З незалежных літаратурных выданняў чытаюць часопіс “Дзеяслоў” (0,6%) і дадатак да газеты “Новы Час” “Літаратурная Беларусь” (0,4%).
паводле lit-bel.org
  • [LJ]Дадаць у ЖЖ
каментары
Зміцер напісаў(ла) 09:59:42, 02.02.2012
Краму.

Што значыць «сур'ёзна»? Я, вядома, не прапаную так рабіць. Я проста хацеў сказаць, што рускую мову сярэднестатыстычны беларус разумее значна лепш за беларускую. Таму і рускамоўныя калькі ў беларускім тэксце ўспрымаюцца лягчэй.

Вы не згодны?
Дамінік Зміцеру напісаў(ла) 13:56:14, 01.02.2012
Ды ня трэба калькаваць, а самабытнасці мажліва дасягнуць патрэбнай інтанацыяй стыля мовы, а ёсць выпадкі, калі за самабытнаць (як і за Малыя Шыбенніцы) трэба па руках біць.

Але справа ў тым, што дзякуючы "шыбеннікам" мы адвярнулі ад беларускамоўнага перакладу большасць чытачоў, аб чым я ўжо і казаў і цяпер, калі мы жадаем прыцягнуць чытача да нашага перакладу, трэба са штаноў выскокваць і займацца самапіярам, тым больш што тут нам дапамагаюць самі расейцы ў апошні час настолькі блага перакладаючы, што іхныя пераклады адразу пасля выхаду ператвараюцца на легендарныя (у сваёй аніякавасці)
Крам напісаў(ла) 11:59:57, 01.02.2012
Змітру

Вы гэта сур'ёзна наконт калькавання з рускай мовы? Ці гэта такі тонкі гумар і разнастайнасць думак?

Зміцер напісаў(ла) 10:49:11, 01.02.2012
Вы ведаеце, заўвага пра Малыя Шыбеніцы, магчыма, і слушная...

Але відавочна: самымі зразумелымі будуць кнігі на рускай мове. Беларускія кнігі лягчэй будзе чытаць, калі палову слоў скалькаваць з рускай (а лепей увогуле ўсе).

Перакладчыкам трэба заўсёды шукаць кампраміс паміж лёгкасцю чытання і самабытнасцю. У некаторых гэта атрымоўваецца не вельмі добра, тады і паяўляюцца Малыя Шыбеніцы.



А яшчэ мне падаецца, што падзяленне на «айчынных» і «замежных» аўтараў штучнае. Калі Скарына ў Празе выдаваўся, то ён замежны?
Дамінік да суразмоўцы напісаў(ла) 21:54:09, 31.01.2012
Прабачце, алі калі б гаворка йшла толькі аб недасягальнасці беларускамоўных перакладаў для жыхароў абласных і раённых цэнтраў (што з'яўляецца лухтой, я як жыхар правінцыі ўпэўніваю вас, што пры жаданні тут можна знайсці што заўгодна, а калі гэтага няма на месцы няма праблемаў каб скатацца па патрэбную кнігу ў Мінск).

А вось паспрабуйце прапанаваць падобную кнігу на рэалізацыю цётачцы ў бліжэйшым кніжным шапіку, яна паглядзіць на вас так бы вы прапаноўваеце ёй кавалак дзярма.

А калі вам замала разнастайных перакладаў на беларускую, чаму б вам самому не перакласці сёе тое і запрапанаваць выдаўцам)))))))
ад таго ж таму ж Дамініку напісаў(ла) 20:03:17, 31.01.2012
То бок вы лічыце, што галоўная праблема менавіта ў тым, што занадта "разумныя" перакладчыкі кніжкі незразумелай, не даступнай простым выпускнікам сярэдніх беларускіх школаў, мовай пераклалалі? А зусім не ў тым, што выдаюць перакладныя кнігі мізэрна мала па найменнях, а наклады -- ў лепшым выпадку асобнікаў 500, і што іх у абласных гарадах цяпер не дастаць, а ў раённых дык і не бачылі ніколі?.. Ох, гэтыя перакладчыкі-паганцы! Ату іх!
Дамінік напісаў(ла) 19:35:21, 31.01.2012
А слабо было поўнасцю прачытаць каментар))))))))))))

Пераклад з'яўляецца даступным тады, калі зразумелы большасці тых хто вывучаў мову ў школе ці размаўляў на ёй у роднай вёсцы, а не сукурснікам перакладчыка, якія як і ён ведаюць што ў 14 стагоддзі мешканцы вёсцы Малые Шыбенніцы называлі котку - заблякаю, а у вёсцы Вялікія Пысы ў 16 стагодзі гарэлку называлі хулідзюбкай.
Пытанне Дамініку напісаў(ла) 16:39:27, 31.01.2012
А якім чынам перакладчыкі мусяць клапаціцца пра даступнасць перакладу?
Дамінік напісаў(ла) 16:27:03, 31.01.2012
Калі б беларускія перакладчыкі непакоіліся ў першую чаргу аб добрай якасці і даступнасці перакладу, а не аб колькасці ў ім словаў якія ўжываліся ў вёсцы Малыя Шыбенніцы ў 14 стагоддзі і аб якіх ім ўпотай распавялі на філфаку іхныя пераклады чыталі бы значна больш.
Уладзімір напісаў(ла) 13:38:15, 31.01.2012
Каго гэта здзіўляе? Калі цябе, беларускамоўнага, не дапускаюць ні да дзяцей, ні да дарослых, то хто будзе ведаць тваё імя ці чытаць твае кніжжкі? Вы маеце стасункі з замежнымі аўтарамі і ведаеце, што ў тых жа немцаў, як правіла, з выхадам кніжкі наладжваюцца чытанні, (Lesungen), у кнігарнях, бібліятэках, школах. У Мінску, магчыма, гэта прасцей, але для мяне гэта ўжо даўно праблема...
пакінуць каментар