Вера Бурлак вядомая беларускаму чытачу хутчэй як паэтка, чым як перакладчыца. Наколькі значнай для Вас самой перакладчыцкая дзейнасць? Ці лічыце Вы сябе паэтам-перакладчыкам ці ўсё ж паэтам, які проста час ад часу бярэцца за пераклады?
Мабыць, усё ж другое – паэтам, які часам перакладае, бо паэт-перакладчык – гэта, на маю думку, іншы лад жыцця. Але для мяне пераклады вельмі важныя і часам робяцца галоўнымі. Асабліва калі ўласнае не надта пішацца (з розных прычынаў: стома, недахоп часу, натхненне здрадзіла і інш.). З перакладам праблемы “здраднага натхнення” няма: тут апетыт прыходзіць падчас ежы.
Ёсць яшчэ і геаграфія, якую дыктуе мова. Асноўная частка маіх перакладаў – з ангельскай і ўкраінскай моваў. З ангельскай ёсць і ўлюбёны час: другая палова XIX – пачатак ХХ стагоддзя. Аднак ёсць яшчэ мовы ў запасе. Самая экзатычная з іх – сярэднеегіпецкая, класічная мова старажытных егіпцян. Даўно мару паспрабаваць перакласці нешта з яе – так даўно мару, што ўжо мову, вывучаную па кніжках, падзабыла.
Вы перакладаеце вельмі розных аўтараў. Якім чынам Вы абіраеце “ахвяру”?
Насамрэч у мяне даволі абмежаванае кола цікаўнасці. Па-першае, форма: гэта літаратура гульні, абсурду. Мадэрнісцкі і авангардысцкі эксперымент. Іронія – яна выяўляецца сродкамі стылю, яе пераклад таксама часам набывае характар гульні. Усё гэта – поле для ўласнай гульні і для развіцця тэхнікі, гэта мне цікава і прыемна – лепей за крыжаванкі. Да таго ж, мне даспадобы складаныя задачкі – я лёгка паддаюся на такі выклік.
Па-другое, змест. Гісторыі аб прывідах, незвычайных з’явах – асабліва калі яны не вычэрпваюцца аповедам толькі пра гэта – заўсёды прыцягваюць. Дзівосныя казкі – як кэралаўскія – таксама. Некаторыя аўтары самі па сабе – незвычайная з’ява, напрыклад, Марыя Мараўская, пра якую я цяпер актыўна думаю.
Але здараецца перакладаць і не па ўласным выбары. І, што цікава, гэта захапляе не менш! Трохі адхіліцца ад уласнага шляху, пабыць трохі болей “не сабой”, чым калі перакладаеш па сваім выбары, – вельмі прывабная задача. Да таго ж, дапамагае ў сабе адкрыць нешта новае або амаль чужымі вуснамі выказаць тое, што ў табе ёсць, але для чаго няма ўласных словаў.
У трэцім нумары “ПрайдзіСвета” выйшаў Ваш пераклад апавядання Мантэгю Родса Джэймса “Студня стогнаў”. Гэта проста эпізадычны пераклад ці Джэймс – Вашае зацікаўленне, якім Вы збіраецеся займацца і далей? Чым выкліканая цікавасць да Джэймса?
Да М. Р. Джэймса хацелася б звярнуцца яшчэ. Ён няшмат напісаў, гэта, вядома ж, стварае спакусу замахнуцца на “поўны збор твораў”, але час пакажа, ці атрымаецца. Я даведалася пра яго з “НЛА”, там быў артыкул з аналізам ягоных апавяданняў. І па гэтым артыкуле я зразумела, што яго абавязкова трэба пачытаць... а потым (зразумела, пачытаўшы) і перакласці. Для мяне ён вельмі прывабны і як аўтар, і як асоба. Мая ўлюбёная тэматыка – прывіды. Вытанчаны, трохі іранічны, трохі адцягнены стыль. Сам аўтар – навуковец, гісторык-медыевіст (мая ўлюбёная закрытая “кабінетная” прастора; зварот да “памерлых” часоў, якія, аказваецца, вяртаюцца). Для мяне ён якраз не самы блізкі па характары аўтар (хоць ёсць і значна далейшыя), але гэтае разыходжанне робіць задачу яшчэ больш цікавай.
Ці няма ў Вас жадання зрабіць свой пераклад “Алісы ў краіне цудаў”?
Жаданне ёсць. І нават нейкія спробы рабіліся. Але пакуль спыняе наяўнасць двух ужо гатовых перакладаў (а можа, іх нават больш). Калі я вазьмуся за гэты пераклад, буду рабіць яго найперш для сябе.
Які эпізод кэралаўскага “Скрозь Люстэрка, і Што ўбачыла там Аліса” даўся Вам цяжэй за ўсё? Як Вы з ім змагаліся?
Цяжэй за ўсё даўся момант, які я так і не перамагла, – замяшаныя на гістарычным і культурным кантэксце і, да таго ж, на аўтацытацыі “англасаксонскія” Ганцы Караля з іх “англасаксонскімі паставамі”. Гэты эпізод нават для многіх сучасных носьбітаў ангельскай мовы, напэўна, патрабуе тлумачэння, ён заўсёды каментуецца ў перакладах. З ім звязаная і праблема адаптацыі тэксту, неабходнасці яго культурнага “транспанавання”. Пра яго шмат пісалі, паспрабую каротка перадаць сутнасць праблемы. З’яўленне гэтых персанажаў у казцы звязанае з цікаўнасцю Кэрала да англасаксонскай даўніны – і адначасова з іранічным стаўленнем да моды на гэтую даўніну, якая панавала тады ў інтэлектуальных колах. Адсюль дзіўныя “англасаксонскія паставы”, якія прымаюць Ганцы: яны “змаляваныя” з папулярнага тады этнаграфічнага выдання.
Мне хацелася ўсё ж, каб у тэксце не заставалася нічога незразумелага, нематываванага для чытача – прынамсі, у ідэале. А тут заставалася спадзявацца толькі на разумную зноску з каментарамі. На дапамогу прыйшоў Андрэй Хадановіч (ён рэдагаваў тэкст для выдання ў “Архэ”) і прапанаваў выдатны варыянт – лепшага я пакуль не бачыла. “Англасаксонскія” (чаму “англасаксонскія”? Навошта гэтае ўдакладненне?) Ганцы ператварыліся ў “першых англасаксонцаў з рысункамі”, як “Наша Ніва” 1900-х гадоў – “першая беларуская газета з рысункамі” (нават малюнкі ў ангельскай энцыклапедыі тут “гукнуліся”). Вядома ж, таксама загадка для знаўцаў, але значна лягчэйшая і часткова “свая”. За гэта я вельмі ўдзячная Андрэю Хадановічу. Як, дарэчы, яшчэ за шэраг падказак, атрыманых на Перакладчыцкай майстэрні ў Беларускім Калегіюме – вырашэнне некаторых задач яны зрушылі з мёртвай кропкі.
Кэрал любіць “нанізваць” адну на адну (другую на другую, трэцюю на трэцюю...) слоўныя і сэнсавыя гульні. Тут таксама даводзілася пазавіхацца, але такія задачы збольшага вырашальныя, некаторымі рашэннямі я нават сама вельмі задаволеная – не чакала ад сябе, што здолею.
На гэтае пытанне я магла б многае апавесці – у тым ліку пра свае дробныя і не вельмі дробныя перамогі – але, мабыць, час спыніцца.
Вы займаліся даследаваннем дзіцячай літаратуры Срэбнага веку. Чым яна вас прывабіла? Ці браліся вы перакладаць штосьці з гэтага літаратурнага перыяду?
Цікаўнасць да гэтага перыяду рускай літаратуры ў мяне яшчэ гадоў з 13, калі настаўніца па сальфеджыа дала мне пачытаць Мікалая Гумілёва – тоўстую зялёную кнігу з “Бібліятэкі паэта”. Я была зачараваная, я была загіпнатызаваная, я хадзіла і трызніла Гумілёвым, асабліва паэмай “Зорны жах”, у якой амаль нічога не зразумела – і ад таго палюбіла яе яшчэ больш. Таму, выбіраючы на філалагічным факультэце тэму для першай курсавой, я мэтаскіравана шукала і адшукала “нешта пра Гумілёва”. Праз усе студэнцкія гады я вывучала яго творчасць. А вось калі справа дайшла да кандыдацкай дысертацыі, апынулася, што Гумілёва ўжо досыць добра вывучылі іншыя даследчыкі. Трэба было шукаць новую тэму. Гумілёў і тут дапамог. У яго ёсць паэма “Мік”, якая лічыцца дзіцячай. І менавіта ёю даследчыкі не асабліва цікавіліся. Я задумалася: а хто і што яшчэ тады пісалі для дзяцей? Так і дайшла да сваёй тэмы – праяваў мадэрнізму ў рускай дзіцячай літаратуры мяжы XIX–ХХ стагоддзяў. Перакладаць спрабавала, нават таго ж Гумілёва, Валерыя Брусава. Праўда, гэта так і засталося спробамі. Згаданая раней Марыя Мараўская таксама пісала ў гэты час. Вабіць і сама атмасфера таго памежнага часу, і асобы, і творы самі па сабе. Думаю, гэты перыяд для мяне як перакладчыцы яшчэ не вычарпаны.
У вашай сям’і расце сын. Раскажыце, якія перакладныя кнігі на беларускую цікава чытаць яму. І што Вы б хацелі, каб ён пачытаў з сусветнага набытку дзіцячай літаратуры па-беларуску?
Наш сын, яму чатыры з паловай гады, любіць вершы. З прозай у нас пакуль неяк не склалася. Але казку пра мумітроляў, напрыклад, мы за два дні адолелі – слухаў з цікаўнасцю. А вось з перакладамі вершаў існуе праблема. З аднаго боку, такія пераклады рабіліся – з вядомых мне большасць руска-беларускія. Сярод іх ёсць вельмі добрыя, напрыклад, вольны “Мыйдадзір” А. Зіміёнкі (Кастусь ад яго якраз у захапленні). Але, з другога боку, яны вельмі даўно не перавыдаваліся. Або, калі нешта выходзіла, то малымі накладамі – не адшукаць (так выпадкова я набываю ў букіністычных крамах перакладныя казкі – на будучыню – і кожную знаходку ўспрымаю як цуд). Можа, я адстала ад літаратуры, але нават не прыгадаю добрай дзіцячай кніжкі вершаў (падкрэсліваю – вершаў, з прозай становішча лепей) у перакладзе на беларускую, якая б выйшла за апошнія гады. Мне здаецца, чым больш перакладаў робіцца, тым лепш. Яны стануць у агульны шэраг з арыгінальнымі творамі (бо дзіця асабліва не разбіраецца, хто беларус этнічны, а хто “перакладзены” – галоўнае, што кніжка добрая, любімая і на роднай мове), і так пашырыцца і дыяпазон асваення сусветнай культуры беларусамі, і наша свядомасць уздымецца з узроўню краіны (нават малой беларускамоўнай супольнасці ў межах краіны) на ўзровень сусвету.