нумар 8
15 лістапада 2011

АЎТАПАРТРЭТ З ЛЮСТЭРКАМІ

Студыя мэтра
АЎТАПАРТРЭТ +разгарнуць
Збеглыя вобразы
Дзірка ў палатне
Эклектычная калекцыя
Памежныя кантрасты
Сармацкі профіль
Рамантычны эскіз
Габрэйскі фон
Усходняя вязь
ЛЮСТЭРКІ +разгарнуць
Практычны дапаможнік для мастакоў
Архіўны каталог
Мастацкі пленэр
НАТУРШЧЫКІ
ПАРТРЭТЫСТЫ
ТЭКСТЫ

Ігар Паглазаў (Игорь Поглазов) 1966 – 1980

У паломніцтве літар Вершы



* * *

(Всё застыло, как на фотографии...)

Усё стаіць, нібы на фатаграфіі.
Дым агню, цякучыя пяскі.
Мішка, Мішка, вось бы ў Бесарабію.
У люстры суму там мяне пакінь.

Цёмнай плынню ноч раскіне путы,
Зорак сыпане, зашапаціць.
Там бярозка, як мая пакута
Будзе рэй святочны завадзіць.

Там агонь, і брама там скавыча,
Журавом зацягне красавік.
Мішка, Мішка, я сваім абліччам
Даганяю журавовы смык.

 

пераклад з рускай –Глеб Лабадзенка

* * *

(Берберский король с голубыми глазами...)

Берберскі кароль – і блакітныя вочы,
З дзіравай кішэнню на восліку крочыў,
Прынёс мне галінку зялёнай агавы...

Кахаю! – крычалі мне зёлкі ласкава
Кахаю! – крычалі вялікія дрэвы!
Кахаю! – клялі і кляліся залевай.
А ён усміхаўся на шэранькім муле,
Бы пчолка, што мкнецца ў палаючы вулей.

І часам мне цяжка без грошай ў кішэні,
З галінкай агавы, на восліку шэрым
Стары і каштоўны прыяцель мой крочыць,
Берберскі кароль – і блакітныя вочы.

 

пераклад з рускай –Глеб Лабадзенка

* * *

(И в блуждании букв, в предложения слитых...)

І ў паломніцтве літар, у сказы ледзь злітых,
І ў накаце дарог, што на золку туман прыхаваў,
Ганарыцца магу – у вар’яцтве галоў паспалітых
Мой куток запляваны сам Творца Нябёс цалаваў.

Свет наш дзіўна ліняе сваімі вякамі,
Белы дым пагулянак цярусіць на дол небасхіл.
Старажытная памяць у горле стаіць камякамі
У журботнай самоце душы і магіл.

І не выкрасці ў статуй багоў чарадзейнага дыску.
Пусташолахам крокі сціхаюць, і не пакахаць.
Зарыдае небесным блакітам мой твар васіліска,
Развітальнай насмешкі не здолеўшы адлюстраваць.

 

пераклад з рускай –Андрэй Хадановіч

* * *

(Журавль Ветхого Завета...)

Старога Запавету жораў,
Ён дзень пры дні ў маім акне.
Амаль губляецца ў прасторы –
І зноў прыходзіць да мяне.

Як брама скардзіцца старая;
П’е, нібы ліст, у траўня з рук;
Як Бальмант, д’ябла дакарае,
На парыжэлы сеўшы брук.

Старога Запавету жораў
Сваю тугу дамоў нясе,
Нібыта бацькаўшчыны хворай
Пячаткі зразумеў усе.

 

пераклад з рускай –Андрэй Хадановіч

* * *

(Пажити мои, пажити...)

Па жыце маім, па жыце...
Пажыць бы яшчэ, пажыць бы.
Ад збаўлення нашага
Ды за Збаўцу нашага.

Не далі мне, не далі.
Там анёлы снедалі.
Устануць, павагаюцца –
І не павітаюцца.

Не жылі ніколі вы,
Рукі мае кволыя,
Думкі асцярожныя
З дзеямі астрожнымі.

Адышлі знябытымі.
Неба – не блакіт – дымы.
Кажам, як з нябыту, мы:
Дзе мы? Дзе мы? Дзе мы?

 

пераклад з рускай –Глеб ЛабадзенкаіАндрэй Хадановіч


© Глеб Лабадзенка, пераклад, 2010

© Андрэй Хадановіч, пераклад, 2010

Pahlazau, Ihar.pdf Pahlazau, Ihar.doc

  • [LJ]Дадаць у ЖЖ
пакінуць каментар