Я абняў летнюю раніцу.
Нерухомыя, спалі абліччы палацаў. Мёртваю была вада. Цені вартавалі лясную сцяжыну. Крочыў я – і ажывалі цёплыя подыхі, і міргалі дыяменты, і ціхутка ўздымаліся крылы.
Першай падзеяю сталася кветка, што нашаптала мне імя сваё на сцежцы, па якой рассыпалася халаднавата-цьмянае зіхценне.
Я засмяяўся светлакосаму вадаспаду, што кудлаціўся скрозь голле яліны, і на срэбнай вяршыні ўгледзеў багіню.
І стаў зрываць адно покрыва за другім. Ідучы дарогаю, рассоўваў іх рукамі. Мінаючы поле, расказаў пра раніцу пеўню. А яна ўцякала горадам між званіцамі ды цэрквамі, і я, туляючыся жабраком па мармуровай набярэжнай, даганяў яе.
Напаткаў на сыходзе са сцяжыны, ля лаўровага гаю, і, ахутаўшы покрывам, адчуў яе бязмежнае цела. Так мы заснулі на ўзлеску, раніца ды дзіця.
Я прачнуўся – і быў поўдзень.
пераклад з французскай – Яўгенія Якубовіч
К У Б А К М А Й С Т Р А
Арцюр Рэмбо
(Arthur Rimbaud)
Адчуванне
(Sensation)
Увечары пайду блукаць уздоўж дарог,
Я буду летуцець, навокал жыта й квецень,
І свежасцю абдасць прымяты мной мурог,
А валасы тады няхай цярэбіць вецер.
Маўчаць і ні аб чым не думаць насамрэч...
Але душу любоў агорне без прычыны,
І нібы той цыган, я павандрую прэч,
З Прыродаю ўабдым, шчаслівы, як з жанчынай.
пераклад з французскай – Уладзь Лянкевіч
Пачуванне
(Sensation)
Адным з такіх блакітных вечароў,
Калі ані хмурынкі на нябёсах,
Пайду праз жыта, быццам брат вятроў,
Па дыванах травы, пяшчотна-росных.
У далячынь, без усялякіх слоў,
Нібыта той цыган, што век вандруе,
І абдыму абшар, шчаслівы зноў,
І як жанчыну, волю пацалую.
пераклад з французскай – Ала Левіна
© Андрэй Стэфановіч, пераклад, 2010
© Zeugma, пераклад, 2010
© Яўгенія Якубовіч, пераклад, 2010
© Уладзь Лянкевіч, пераклад, 2010
© Ала Левіна, пераклад, 2010
<br><br><a href='PS_PAGE_LINK'>чытайце цалкам на prajdzisvet.org</a>