нумар 8
15 лістапада 2011

АЎТАПАРТРЭТ З ЛЮСТЭРКАМІ

Студыя мэтра
АЎТАПАРТРЭТ +разгарнуць
Збеглыя вобразы
Дзірка ў палатне
Эклектычная калекцыя
Памежныя кантрасты
Сармацкі профіль
Рамантычны эскіз
Габрэйскі фон
Усходняя вязь
ЛЮСТЭРКІ +разгарнуць
Практычны дапаможнік для мастакоў
Архіўны каталог
Мастацкі пленэр
НАТУРШЧЫКІ
ПАРТРЭТЫСТЫ
ТЭКСТЫ

Канстанцінас Кавафіс (Κωνσταντίνος Καβάφης) 1863 – 1933

У чаканні варвараў Вершы



У чаканні варвараў

(Περιμένοντας τους Bαρβάρους)


— Чаму на гэтай плошчы сабраліся мы?

— Таму што сёння прыбываюць варвары.

— Чаму тады сенат сядзіць без дзеянняў
і новыя законы не прымаюцца?

— Таму што сёння прыбываюць варвары,
а значыць, не патрэбныя сенатары:
свае законы прынясуць нам варвары.

— Чаму так рана імператар наш падняўся?
Чаму ён сеў ля брамы гарадское
на троне і з каштоўнымі кляйнодамі?

— Таму што сёння прыбываюць варвары,
і хоча іх прыняць правадыра
наш імператар і ўручыць пергамент,
падрыхтаваны загадзя, — у ім
пазначаныя званні ганаровыя.

— Чаму тады і консулы, і прэтары
надзелі сёння тогі пурпуровыя?
Нашто ім бранзалеты з аметыстамі,
пярсцёнкі смарагдовыя зіхоткія?
Навошта жэзлы ў іх руках разьблёныя,
аздобленыя золатам і срэбрам?

— Таму што сёння прыбываюць варвары,
а іх сляпіў заўсёды бляск каштоўнасцяў.

— Чаму не выйшлі годныя аратары,
каб запаліць натоўпы красамоўствам?

— Таму што сёння прыбываюць варвары,
і нудзіць варвараў майстэрства нашых рытараў.

— Чаму ж запанавала тут разгубленасць
і твары ад трывогі пасур’ёзнелі?
Чаму імгненна апусцелі вуліцы
і ўсе ідуць дадому, задуменныя?

— Бо ноч прыйшла, а варвараў не бачна,
ідуць з памежжа весткі неспакойныя,
нібыта болей не існуе варвараў.

І як цяпер мы будзем жыць без варвараў?
Бо варвары былі хоць нейкім выйсцем.

пераклад з навагрэцкайГанна Янкута і К. Коракс



Успомні, цела…

(Θυμήσου, Σώμα...)


Успомні, цела, не пра тое, колькі ты кахала,
не толькі ложкі, што цябе прымалі,
але і жарсць, якая ззяла ціха
ў вачах, што колісь на цябе глядзелі,
і ў голасе дрыготкім, — і заўсёды
ёй замінала нейкая драбніца.
Цяпер, калі мінула ўсё, здаецца,
што ты таксама аддавалася той жарсці,
якая ззяла — ўспомні — як жа ззяла
ў вачах, што пазіралі на цябе,
і ў голасе дрыжала — для цябе, успомні, цела.

пераклад з навагрэцкайК. Коракс



Вяртайся

(Επέστρεφε)


Часцей вяртайся і бяры мяне,
ты, пачуццё каханае, часцей бяры мяне,
у час, калі жывая памяць цела,
і кроў пульсуе ад жаданняў даўніх,
калі ўсё памятаюць вусны, скура,
і рукі быццам зноў цябе кранаюць.
Вяртайся ўночы і бяры мяне,
калі ўсё памятаюць вусны, скура...

пераклад з навагрэцкайК. Коракс



Аднастайнасць

(Μονοτονια)


За днямі дні праходзяць аднастайна,
Аднолькавасць мінае шматразова,
І кожнае імгненне, як звычайна,
Без змен увасабляецца нанова.

І з году ў год — гісторыя старая.
Прадказваць прышласць лёгка да блазенства,
Бо “заўтра” зноў “учора” паўтарае
І з будучыняй траціць падабенства.

пераклад з навагрэцкайК. Коракс


© К. Коракс, пераклад, 2011

© Ганна Янкута, пераклад, 2011

  • [LJ]Дадаць у ЖЖ
каментары
А напісаў(ла) 16:46:50, 29.04.2011
варвары вельмі добрымі атрымаліся
Зорка Венера напісаў(ла) 12:21:48, 29.04.2011
хораша. а пра варвараў дык і актуальна...
пакінуць каментар