Там, дзе зялёныя сцелюцца долы,Сцежкаю, што зарасла напалову,Дзеці дадому імчацца са школыЦераз убраную квеццем дуброву.Ціха начынне грукоча ў пенале —Крышачкі булкі з асадкаю новай, Грошыкі медныя — мы іх збіралі,Каб прывітацца з зязюляй вясновай.Братава шапка, берэцік сястрыцыЎ пышным кустоўі мільгаюць часамі.З сокатам сойка ў галлі мітусіцца,Доўгія хмары плывуць над лясамі. Дах чырванеецца за паваротам,Бацька гародчык матыкаю поле,Хіліцца, злёгку чапляе лістоту.З градак ён бачыць усё наваколле.
пераклад з польскай — Ганна Янкута
Потым іх хмелю спляценні схаваюць:Толькі да лета мы колер іх бачым,Колер гарлачыкаў, што абрываюцьЛюдзі ў ставах надвячоркам гарачым.Зверху іх злёгку падмазалі белым —Нібы агеньчыкі ззяюць на коллі.Дзіўна — аднойчы там туркаўка села:Птушак штыкетнік не пудзіў ніколі.Гладкаю стала драўляная клямка —Дотыкі выцерлі дрэва дазвання. Жоўты язмін тут — зіхоткая плямка,Ад крапівы тут няма ратавання.
Ганак дзвярыма на захад. ЗаўсёдыГрэе там сонца. Шырокія рамы.Бачна адтуль наваколле: гароды,Лес, і прысады, і ўся панарама.Як апрануцца ў зяленіва гоні,Цені ад ліпаў накрыюць паўградкі,Свет за карою блакітнаю тоне,Лісцем зубчастым парваны на латкі. Брат і сястра над паперай галовыХіляць, малюючы буры і штылі,І языком памагаюць ружовымЛодцы, якую амаль патапілі.
Пакой. І там маўчыць у цемры бурайГадзіннік гданьскі. Вокны невысока.А над сафой, абцягнутаю скурай,Смяюцца пыскі чорцікаў разьблёных,І медны рондаль ззяе гладкім бокам. Карціна на сцяне. “Зіма” завецца:На коўзанцы між дрэваў — незлічоныНатоўп, і дым над комінам віецца,І ў шэрым небе лётаюць вароны.Яшчэ адзін гадзіннік. Ён — з зязюляй,Што тройчы голас падае сарваны.Калі мы трэці крык зязюльчын чулі,Нам разлівала маці суп духмяны.
Пахнуць мастыкаю вузкія сходы,Ўверх узбіраюцца жоўтай дугою.З краю мыском станеш без перашкоды,А ля парэнчаў ледзь ступіш нагою.Голаў дзіка падаўжаецца ценем,Іклы растуць — вось ён, страшна застылы, Штосьці вынюхвае там, на скляпенні,А прамяні распаўзаюцца ў пыле.Маці, высокая, з тоненькім пасам,Сходзіць са свечкай дрыготкай і кволай.Цень яе з ценем сустрэўся ікластым.Б’ецца адна яна з грознай жывёлай.
Вось кніга. Моль трапечацца няроўнаНад калясніцай, пылам і дарогай,Зачэпіш — сыпле срэбны пыл няўлоўныНа грэцкі горад, што бяруць аблогай.Вось цела прывязалі да двухконкі,Аб пліты б’ецца галава героя,А матылёк, прыбіты да старонкі,Трапечацца ледзь-ледзь у цэнтры Троі.І ў той жа час насоўваецца бура,Паспешліва адчальваюць трыеры.А побач шыі гнуць валы панура,І ўзворвае араты бераг шэры.
Высокі лоб і позірк утрапёны,Гуляюць блікі сонца з валасамі.Вянчае бацьку пыл, нібы карона,Калі разгорне кнігу ён часамі.У каляровых строях чарадзеяЗаклёны шэпча ён падчас чытання:Схавана ў кнізе безліч дзіўных дзеяўДля вучня Бога ў справах чаравання.
“Мудрэц ласкавы, о які ціхмяныДар веды твой, як рада сэрца дару!Цябе люблю я і табе адданы,Хаця твайго і не пабачу твару.Даўно разнеслі прах вятры і воды,А разам з імі кожны шал забыты,Ты дасканалым стаўся назаўсёды,Як кніга, думкай ўзятая з нябыту.Зазнаў ты скрухі і зазнаў адчаю,І знікла памяць пра грахі й пралікі.Чым дарагі ты сёння мне, я знаю:Малыя людзі, іхны плён — вялікі”.
За полем, лесам і за іншым полем —Вады люстэрка і нябёс бяздонне,Зямля сыходзіць залатым падоллемУ мора — як цюльпан у місе, тоне.І кажа бацька: там ляжыць Еўропа —У ясны дзень уся як на далоні,Яшчэ не адышла пасля патопу,Прыстанак для людзей, сабак і коней.Там яркіх гарадоў іскрацца вежы,Плятуцца срэбнай ніткай ручаіны,І ветахі пагор’яў на бязмежжыЛяжаць то тут, то там, як пух гусіны.
“Там, дзе той промень кранае даліну,Цень уцякаць прымушаючы спрытна,Горад стаіць, не стары, але слынны,Гэта — Варшава, што ветру адкрыта.Трохі далей, дзе дажджоў перазвоны,Там, дзе пагоркі ва ўборах з акацый, —Прага. І замак на ўзвышшы цудоўны,Згодна з традыцыяй фартыфікацый.Тое, што дзеліць краіну надвое, —Альпы. І піхты чарнеюць на ўзгор’і.Там жа, дзе сонца плыве залатое, —Сіняй Італіі сподак на моры.Між гарадоў — там стаіць іх даволі —Вызначыш Рым, хрысціянства сталіцу:Круглыя дахі блішчаць на касцёле,То бок святога Пятра базіліцы. А за марскою затокай, на поўнач,Там, дзе імгла ахінула раўніны,Вежы Парыжа гуртуюцца побач,Статкі мастоў над ракою гнуць спіны.Тут за Парыжам — апошняе слова:Мода на шкло і жалеза квітнее.Толькі на сёння — і так дастаткова,Апавяду табе рэшту пазней я”.
На макавінцы — хатка і гароды,Сабачкі брэшуць, месяц спее макам.Што гэты свет шырэйшы за гасподу,Не здагадацца макавым сабакам.Зямля — зярнятка, і не больш за тое,Планеты, зоры — іншыя зярняткі.І хай сто тысяч іх і нават болей —На кожным могуць быць такія хаткі.У маку — свет. А мак — на агародзеКачаецца ў дзяцей навідавоку.А ўвечары, як месяц узыходзіць,Чуваць сабак — то блізка, то далёка.
Гараць півоні белым і ружовым,А ў кожнай, быццам у духмяным збане,Сядзяць жукі — яны вядуць размовы...Камусьці — кветка, а жуку — прыстанне.Стаіць над клумбай маці і пялёсткіПерабірае, выбраўшы сцябліну,Каб вывучыць півоневыя вёскі,Дзе ў год ператвараецца хвіліна.Крыху пазней яна сабе і дзецямРаскажа пра здагадкі, думкі, мары.А з лісцем весела гуляе вецерІ кропачкі святла бягуць па тварах.
Прыходзіць вера, калі хтосьці бачыцьЛісток на хвалі ці расу на травахІ ведае: іначай немагчыма.Заплюшчы вочы ці згасі святло — На свеце будзе тое, што было,А ліст на хвалях праплывае міма.Прыходзіць вера, калі хтосьці зраніцьНагу каменнем — з ведай, што каменнеІснуе для таго, каб раніць ногі.Глядзіце: дрэва пакідае цені,Вось цені — нашы, кветак — у спляценні:Нішто без ценю жыць не мае змогі.
Надзея — гэта там, дзе нехта верыцьУ тое, што зямля — не сон, а маеЖыццё; а дотык, зрок, і слых таксамаНе хлусяць нам, і ўсё, што кожны знае, —Яно нібыта сад, і мы — ля брамы.Ўвайсці няможна — хай; але нярэдка —Хапіла б толькі пільнасці ў паглядзе —Раптоўна зорка новая ці кветкаПрыкмеціцца камусь у гэтым садзе.А іншыя гавораць, быццам вочыПадманваюць, а рэчы — толькі здані,Але ў такіх якраз няма надзеі,Бо думаюць яны, што як не ўсочышЗа светам — дык ураз яго не стане,Як быццам скралі спрытныя зладзеі.
пераклад з польскай — Антон Францішак Брыль
Любоў — у тым, каб на сябе самогаЗірнуць нібы на рэчы, нам чужыя,Бо ў свеце рэчаў ты — адно драбніца.Хто так зірне, не знаючы нічогаПра гэта, сэрца для тугі закрые, З ім дрэва й птах захочуць парадніцца.І скажа ён: няхай свет рэчаў гэтыАгнём самаздзяйснення палымнее...Свайго служэння знаць не трэба мэты,Бо служыць лепш не той, хто разумее.
пераклад з польскай — Кацярына Маціеўская
Дрэвы сягаюць абшараў нябёсных.Сонца, сыходзячы долу з вышыняў,Паліць агні на падсвечніках-соснах —Мы ж тут малыя, на гэтай сцяжыне.Злучым далоні, падняўшы галовы,Каб не згубіцца ў траве, нібы ў гаі.Ноч апячатвае кветкі, ды новайФарбай штохвілю сусвет палыхае.А ў вышыні, дзе бяседа й чырвонымВіны блішчаць у асінавай медзі,Едуць карэтаю госці з паклонамДа таямнічых князёў ці мядзведзяў.
Цяжкія глушакі ў гульні вясёлайНад лесам неба крыллем разразалі,У гай завоблачны вяртаўся голуб,Як самалёт, крумкач ільсніўся сталлю. Зямля для птушак — змрочныя азёры,Яна ў палоне вечнае навалы.Для іх адных над гэтай хваляй чорнай Святло дамкі і выспы ўратавала.Калі яны спакойна чысцяць пёры,Губляючы адно, яно павіннаНа дно азёраў пракружыцца мройна,Калі ж кране шчаку — лятуць навіныЗ краіны светлай, вольнай і спакойнай.
“Ойча, вярніся! Так цёмна і глухаЎ лесе, так блізка драпежныя крокі!Пыхае квецце атрутлівым духам,Яміна зевам пужае шырокім.Ойча, ты дзе? Разлілася без краюЦемра, і так будзе вечна, нязменна;Кволыя, з голаду мы паўміраем,Горкі наш хлеб, зачарсцвелы каменна.Подых пачварыны, поўны смуроду,Шчокі апальвае жаркаю хваляй.Дзе ты? Няўжо табе, ойча, не шкодаБедных дзяцей, што ўначы заблукалі?”
“Тут я. Адкуль баязлівыя словы?Ноч прамінае, і дзень ужо хутка.Чуеце — грае ражок пастуховы,Зоры ў тумане згасаюць ціхутка. З нетраў вядзе нас сцяжына лясная.Вёска напоўніла звонам абшары,Певень на плоце святло сустракае,Поле шчаслівае ў ранішняй пары.Тут яшчэ ноч. На бруснічнай палянеЧорная мгла, як рачное разводдзе,Ды на хадулях ступае світанне,Коціцца сонечны шарык на ўсходзе”.
Не мае сонца колераў, затоеУ ім усе яны ў адно зліліся.І ўся зямля — паэма, а над ёюМаэстра-сонца палымнее ў высі.І той, хто фарбай свет расквеціць хоча,Няхай на сонца не глядзіць ніколі,Бо выесць сонца памяць, нібы вочы,І застануцца толькі слёзы болю.Хай ён укленчыць і шукае ў лісціПраменне, што адбілася ад глебы.Там будзе ўсё, забытае калісьці:Змярканні й ранкі, ружы, зоры, неба...
Упершыню — у кнізе: Выратаванне. Вершы, паэмы // Чэслаў Мілаш. Збор твораў у 4 т. — Т. 1. — Мінск: “Логвінаў”, 2011.
© Ганна Янкута, пераклад, 2011
© Антон Францішак Брыль, пераклад, 2011
© Кацярына Маціеўская, пераклад, 2011