нумар 8
15 лістапада 2011

АЎТАПАРТРЭТ З ЛЮСТЭРКАМІ

Студыя мэтра
АЎТАПАРТРЭТ +разгарнуць
Збеглыя вобразы
Дзірка ў палатне
Эклектычная калекцыя
Памежныя кантрасты
Сармацкі профіль
Рамантычны эскіз
Габрэйскі фон
Усходняя вязь
ЛЮСТЭРКІ +разгарнуць
Практычны дапаможнік для мастакоў
Архіўны каталог
Мастацкі пленэр
НАТУРШЧЫКІ
ПАРТРЭТЫСТЫ
ТЭКСТ

Францішак Дыянізі Князьнін ( Franciszek Dionizy Kniaźnin ) 1750 – 1807

Уступ да Сельмскіх песняў (Księżycu! nocy ty jesteś ozdobą…) Вершаваная перапрацоўка з Асіяна



Месяцу! Ночы аздоба ды дзіва!
Як праз нябёсы плывеш ганарліва,
Йдзеш у аблочным азораным коле —
Што вызіраеш ты з высяў на доле?
    Подых вятроў затухае,
    Дальняе плыні сціхае
    Шум; і прыбой заняпалы
    Б'ецца ўсё кволей у скалы.
    Лёгкія мушкі радасным роем
Танцы вядуць над начным супакоем.
Зорка, што йдзе праз нябёснае поле!
Што вызіраеш ты з высяў на доле?
    Толькі сыходзіш ты сцежкай
    Горняю ў мора маўкліва,
    З ціхай лагоднай усмешкай.
Хвалі да госці спяшаюць імкліва,
    Збегшыся, разам вітаюць,
    Золатам пасмаў гуляюць.
Зорка, дабранач! І ў цемры да рана
Хай заяснее мой дух палымяна.
Зыркім агнём ён успыхвае скора.
    Цені сяброў я бачу, о Лора!
    Вось аб'явіўся, стаў над смугою
    Фíнгал з адважнай раццю сваёю
Побач і барды. Мая вы сябрына!
Бачу цябе я, вялебны Уліне,
Бачу цябе, міласпеўны Альпіне,
Бачу Мінону і гожага Рына.
Год у расстанні праходзіў па годзе;
Як вы змяніліся, мілы мой сходзе,
З часу, што памяць адно захавала —
    З дзён, калі ў Сельме, бывала,
    Мы, як змяркалася, ў міры
Ў песнях цягаліся, роўна Зефіры,
    Што паўз пагорак зялёны
    Мкнуцца, кранаючы схоны
    Й хілячы дзеля забавы
      Юныя травы.



Ніжэй змешчаны пераклад ангельскага празаічнага тэксту Макферсана, перапрацоўкай якога з'яўляецца прыведзены вершаваны фрагмент. Чытачу можа быць цікава параўнаць тэксты і скласці некаторае ўражанне пра суадносіны дакладнасці і вольнасці ў Князьнінскім падыходзе да стылю, настрою й вобразнасці першакрыніцы (у той ступені, у якой такое параўнанне можна праводзіць на падставе перакладаў).


Зорка блізкае ночы! Гожае тваё ззянне на захадзе. Ты, што ўзнімаеш нястрыжаную галаву з воблака, — велічныя крокі твае па тваім пагорку. Што бачыш ты на раўніне? Бурныя вятры сціхлі. Далятае аднекуль мармытанне ручая. На далёкую скалу ўзбіраюцца шумныя хвалі. Вечаровыя мушкі ўзняліся на кволых крылцах; над полем — гуд іхнага лёту. Што бачыш ты, гожы агоню? Але ты ўсміхаешся й сыходзіш. Усцешаныя хвалі збіраюцца вакол цябе, яны абмываюць твае прыўкрасныя валасы. Бывай, маўклівы праменю! Хай узнімецца святло ў душы Асіяна!

І яно ўзнімаецца ў моцы! Я бачу сяброў, што адышлі. Яны збіраюцца над Лораю, як у дні іншых гадоў. Фінгал прыходзіць, як вільготны слуп смугі! Ягоныя героі вакол яго. І вось барды спеваў — сівы Улін! Зграбны Рына! Альпін са спеўным голасам! Пяшчотныя скаргі Міноны! Як змяніліся вы, сябры мае, з дзён балявання ў Сельме! Калі мы спаборнічалі, як веснавыя ветрыкі, што лятуць па схоне ды па чарзе з мяккім шумам прыхіляюць травы.

(Пераклаў з ангельскай Антон Францішак Брыль)



© Антон Францішак Брыль, пераклад, 2011

пераклад з  польскай   –   Антон Францішак Брыль
  • [LJ]Дадаць у ЖЖ
пакінуць каментар