- З далёкага туману, з ціхіх азёраў загорнае камуны шапоча шапаценне: гэта ідзе Марыя. Я выходжу на небсяжныя палі, праходжу перавалы і там, дзе рдзеюць курганы, пахіляюся на самотную пустынную скалу. Я гляджу ў далячынь. – Тады думка за думкаю, як амазонкі, джыгітуюць вакол мяне. Тады ўсё знікае... Таемныя вершнікі лятуць, рытмічна гойдаючыся, да адгор'я, і згасае дзень; бяжыць у магілах дарога, а за ёю маўклівы стэп... Я падымаю вейкі і ўспамінаю... сапраўды, мая маці – уцялеснены правобраз той надзвычайнай Марыі, што стаіць на межах невядомых вякоў. Мая маці – наіўнасць, ціхая журбота і дабрыня бязмежная. (Гэта я добра памятаю!) І мой немагчымы боль, і мая нязносная пакута цепляцца ў лампадзе фанатызму перад гэтым дзівосным сумным вобразам.
- . . . . . . . . . . . . .
- Маці кажа, што я (ейны мяцежны сын) зусім замучыў сябе... Тады я бяру ейную мілую галаву з налётам серабрыстае сівізны і ціха кладу на свае грудзі... За акном ішлі росныя ранкі і падалі перламутры. Праходзілі невыносныя дні. Удалечыні з цёмнага лесу цягнуліся падарожнікі і каля сіняе крыніцы, дзе разляцеліся дарогі, дзе разбойны крыж , спыняліся. Гэта – маладое загор'е.
- – Але мінаюць ночы, шапацяць вечары каля таполяў, таполі адыходзяць у шасэйную няведамасць, а за імі – леты, гады і маё шалёнае юнацтва. Тады дні перад навальніцаю. Там, за адгор'ем шызага боку (я сам не даганяю, колькі не круціў), бліскаюць маланкі і накіпаюць, і пеняцца горы. Цяжкі задушлівы гром ніяк не прарвецца з Індыі, з усходу. І томіцца прырода ў пераднавальніччы. А тым часам, за хмарным накіпам чуваць і іншы гул – глухая кананада. Насоўваюцца дзве навальніцы.
- Атака за атакаю. Шалёна напіраюць варожыя палкі. Тады нашая кавалерыя з флангу, і ідуць флангі інсургентаў у контратаку, а навальніца расце, і мае думкі – нясцерпна нацягнуты дрот.
- Дзень і ноч я прападаю ў ”чэка”.
- Памяшканне нашае – фантастычны палац: гэта будынак расстралянага шляхціча. Вычварныя парцьеры, старасвецкія ўзоры, партрэты княскага роду. Усё гэта глядзіць на мяне з усіх канцоў майго выпадковага кабінету.
- Дзесьці апарат вайсковага тэлефону цягне сваю сумную трывожную мелодыю, што нагадвае далёкі вакзальны ражок.
- На шыкоўнай канапе сядзіць, падклаўшы пад сябе ногі, узброены татарын і манатонна напявае: “ала-ла-ла”.
- Я гляджу на партрэты: князь хмурыць бровы, княгіня – напышлівая пагарда, княжычы – у мроку стогадовых дубоў.
- І ў гэтай надзвычайнай суворасці я адчуваю ўвесь старажытны свет, усю бяссільную грандыёзнасць і красу трэцяе маладосці мінулых шляхецкіх гадоў.
- Гэта выразны перламутр на банкеце дзікай галоднай краіны.
- І я, зусім чужы чалавек, бандыт – па адной тэрміналогіі, інсургент – па другой, я проста і ясна гляджу на гэтыя партрэты, і ў маёй душы няма і не будзе гневу. І гэта зразумела:
- – я – чэкіст, але і чалавек.
- Цёмнай ноччу, калі за акном праходзяць гарадскія вечары (сядзіба ўзляцела на гару і царуе над горадам), калі сінія дымкі ўздымаюцца па-над цагельняю і абываталі, як мышы, – за падваротню, у канарэечны замак, цёмнай ноччу ў маім кабінеце збіраюцца мае таварышы. Гэта новы сінедрыён, гэта чорны трыбунал камуны.
- Тады з кожнага закутка глядзіць сапраўдная і насамрэч жахлівая смерць. Абываталь:
- – Тут паседжанне садызму!
- Я:
- ... (маўчу).
- На гарадской вежы за перавалам трывожна звініць медзь. Гэта б'е гадзіннік. З цёмнага стэпу далятае глухая кананада.
- Мае таварышы сядзяць за шырокім сталом, што з чорнага дрэва. Цішыня. Толькі далёкі вакзальны ражок тэлефоннага апарата зноў цягне сваю маркотную, трывожную мелодыю. Зрэдку за акном праходзяць інсургенты.
- Маіх таварышоў лёгка пазнаць:
- доктар Тагабат,
- Андруша,
- трэці – дэгенерат (верны вартавы на каравуле).
- Чорны трыбунал у поўным складзе.
- Я:
- Увага! На парадку дня справа крамніка ікс!
- Са старасвецкіх пакояў выходзяць лёкаі і гэтаксама, як перад князямі, схіляюцца, выразна глядзяць на новы сінедрыён і стаўляюць на стол гарбату. Потым нячутна знікаюць па аксаміце дываноў у лабірынтах высокіх пакояў.
- Кандэлябр на дзве свечкі цьмяна гарыць. Святлу не пад сілу дастаць нават чвэрці кабінету. У вышыні ледзь хістаецца жырандоля. У горадзе – цемра. І тут – цемра: электрычная станцыя ўзарваная. Доктар Тагабат разваліўся на шырокай канапе падалей ад кандэлябра, і я бачу толькі белую лысіну і надта высокі лоб. За ім яшчэ далей у цемру – верны вартавы з дэгенератыўнай будоваю чэрапа. Мне відаць толькі ягоныя трохі сумныя вочы, але я ведаю:
- – у дэгенерата – нізенькі лоб, чорная капа раскудлачаных валасоў і пляскаты нос. Мне ён заўжды нагадвае катаржніка, і я думаю, што ён не раз мусіў фігураваць у раздзеле крымінальнай хронікі.
- Андруша сядзіць праваруч мяне з разгубленым тварам і зрэдку трывожна пазірае на доктара. Я ведаю, у чым справа.
- Андрушу, майго беднага Андрушу, прызначыў гэты нязносны рэўком сюды, у “чэка”, супраць ягонай кволай волі. І Андруша, гэты невясёлы камунар, калі трэба энэргічна распісацца пад цёмнай пастановаю –
- заўсёды мнецца, заўсёды распісваецца так:
- не імя і прозвішча на суворым жыццёвым дакуменце ставіць, а зусім
- незразумелы, зусім хімерны, як хетыйскі іерогліф, хвосцік.
- Я:
- Справа ўся. Доктар Тагабат, як вы мяркуеце?
- Доктар (дынамічна):
- – Расстраляць!
- Андруша крыху спалохана пазірае на Тагабата і мнецца. Нарэшце, дрыжучы, няўпэўненым голасам, кажа:
- – Я з вамі, доктар, не згодны.
- – Вы са мною не згодны? – і грукат хрыплага рогату пакаціўся ў цёмныя княскія пакоі.
- Я гэтага рогату чакаў. Так заўсёды было. Але і на гэты раз здрыгваюся, і мне здаецца, што я іду ў халодную багну. Жвавасць маёй думкі дасягае кульмінацыі.
- І ў той жа момант знянацку перада мной ўсплывае вобраз маёй маці...
- – ... “Расстраляць”???
- І маці ціха, журботна глядзіць на мяне.
- ...Зноў на далёкай гарадской вежы за перавалам звініць медзь: Гэта б'е гадзіннік. Паўночная цемрадзь. Да шляхецкага дому ледзь далятае глухая кананада. Перадаюць у тэлефон: нашы пайшлі ў контратаку. За парцьерай у шкляных дзвярах стаіць зарыва: гэта за далёкімі пагоркамі гараць вёскі, гараць стэпы, і выюць на пажар сабакі па закутках гарадскіх падваротняў. У горадзе цішыня і маўклівы перазвон сэрцаў.
- ...Доктар Тагабат націснуў кнопку.
- Тады лёкай прыносіць на падносе старыя віны. Потым лёкай ідзе, і растаюць ягоныя крокі, аддаляюцца па леапардавых футрах.
- Я гляджу на кандэлябр, але мой погляд мімаволі падкрадаецца туды, дзе сядзяць доктар Тагабат і вартавы. У іхных руках бутэлькі з віном, і яны яго п'юць прагавіта, драпежна.
- Я думаю: “так трэба”.
- Але Андруша нервова пераходзіць з месца на месца і ўсё парываецца нешта сказаць. Я ведаю, што ён думае: ён хоча сказаць, што так несправядліва, што так камунары не робяць, што гэта – вакханалія і г.д. і да т.п.
- Ах, які ён дзіўны, гэты камунар Андруша!
- Але калі доктар Тагабат кінуў на аксамітны дыван пустую бутэльку і выразна напісаў сваё прозвішча пад пастановаю –
- мяне раптоўна ўзяла роспач. Гэты доктар з шырокім ілбом і белаю лысінай, з халодным розумам і з каменем замест сэрца, – гэта ж ён і мой безвыходны гаспадар, мой звярыны інстынкт. І я, глаўкаверх чорнага трыбуналу камуны, – нікчэмнік у ягоных руках, які аддаўся на волю драпежнай стыхіі.
- “Але які выхад?”
- – Які выхад?? – і я не бачыў выйсця.
- Тады праносіцца перада мною цёмная гісторыя цывілізацыі, і цягнуцца народы, і вякі, і сам час...
- – Але я не бачыў выйсця!
- Насамрэч доктар Тагабат меў рацыю.
- ...Андруша спехам рабіў свой хвосцік пад пастановаю, а дэгенерат, смакуючы, углядаўся ў літары.
- Я падумаў: “калі доктар – злы геній, мая злая воля, тады дэгенерат – гэта кат з гільятыны”.
- Але я падумаў:
- – Ах, якая бязглуздзіца! Хіба ён кат? Гэта ж яму, гэтаму вартавому чорнага трыбуналу камуны, у моманты вялікага напружання я складаў гімны.
- І тады адыходзіла, аддалялася ад мяне мая маці – правобраз загорнае Марыі, і замірала, у цемры чакаючы.
- ...Свечкі раставалі.
- Суворыя постаці князя і княгіні знікалі ў сінім тумане цыгарэтнага дыму.
- ...На расстрэл асуджана
- – шэсць!
- Досыць! На гэтую ноч досыць!
- Татарын ізноў цягне сваё азіяцкае: “ала-ла-ла”. Я гляджу на парцьеру, на зарыва ў шкляных дзвярах. – Андруша ўжо знік. Тагабат і вартавы п'юць старыя віны. Я перакідаю праз плячо маўзэр і выходжу з княскага дому. Я іду па пустынных маўклівых вуліцах гораду ў аблозе.
- Горад мёртвы. Абываталі ведаюць, што нас праз тры-чатыры дні не будзе, што дарэмныя нашыя контратакі: хутка зарыпяць нашыя тачанкі ў далёкі паўночны край. Горад затаіўся. Цемрадзь.
- Цёмным кашлатым сілуэтам стаіць на ўсходзе княская сядзіба, цяпер – чорны трыбунал камуны.
- Я паварочваюся і гляджу туды, і тады знячэўку ўспамінаю, што шэсць на маім сумленні.
- ...Шэсць на маім сумленні?
- Не, гэта няпраўда. Шэсць соцень,
- шэсць тысяч, шэсць мільёнаў –
- цемра на маім сумленні!!!
- – Цемра?
- І я сціскаю галаву.
- ...Але зноў перада мною праносіцца цёмная гісторыя цывілізацыі, цягнуцца народы, і вякі, і сам час...
- Тады я, знямоглы, пахіляюся на плот, станаўлюся на калені і палка бласлаўляю той момант, калі я сустрэўся з доктарам Тагабатам і вартавым з дэгенератыўнай будоваю чэрапа. Потым паварочваюся і малітоўна гляджу на ўсходні кашлаты сілуэт.
- ...Я губляюся ў завулках. І нарэшце выходжу да адзінокага дамка, дзе жыве мая маці. У двары пахне мятаю. За хлявом шугаюць бліскавіцы і чуваць грукат задушанага грому.
- Цемра!
- Я іду ў пакой, здымаю маўзэр і запальваю свечку.
- ...– Ты спіш?
- Але маці не спала.
- Яна падыходзіць да мяне, бярэ мой стомлены твар у свае сухія старэчыя далоні і схіляе сваю галаву на мае грудзі. Яна зноў кажа, што я, ейны мяцежны сын, зусім замучыў сябе.
- І я адчуваю на сваіх руках яе крышталёвыя роскі.
- Я:
- Ах, як я стаміўся, мама!
- Яна падводзіць мяне да свечкі і глядзіць на мой змораны твар. Потым становіцца каля цьмянае лампады і журботна глядзіць на абраз Марыі. – Я ведаю: мая маці і заўтра пойдзе ў манастыр: ёй нясцерпныя нашыя трывогі і хіжа навокал.
- Але тут жа, дайшоўшы да ложку, здрыгануўся:
- – Хіжа навокал? Хіба маці смее думаць так? Так думаюць толькі версальцы!
- І тады, збянтэжаны, запэўніваю сябе, што гэта няпраўда, што ніякай маці няма перада мною, што гэта не больш чым фантом.
- – Фантом? – ізноў здрыгануўся я.
- Не, якраз гэта – няпраўда! Тут, у ціхім пакоі, мая маці не фантом, а частка майго ўласнага злачыннага “я”, якому я даю волю. Тут, у глухім закутку, на ўскраіне гораду, я хаваю ад гільятыны адзін канец сваёй душы.
- І тады ў жывёльным экстазе я заплюшчваю вочы і, як самец напрадвесні, захлынаюся і шапчу.
- – Каму патрэбна ведаць дэталі маіх перажыванняў? Я сапраўдны камунар. Хто наважыцца сказаць мне іначай? Няўжо я не маю права адпачыць адну хвіліну?
- Цьмяна гарыць лампада перад абразом Марыі. Перад лампадаю, як драўляная скульптура, стаіць мая журботная маці. Але я ўжо нічога не думаю. Маю галаву гладзіць ціхі блакітны сон.
- ...Нашы назад: з пазіцыі на пазіцыю; на фронце – паніка, у тыле –паніка. Мой батальён напагатове. Праз два дні я і сам кінуся ў гарматны гул. Мой батальён як на падбор: гэта юныя фанатыкі камуны.
- Але цяпер я не менш патрэбны тут. Я ведаю, што такое тыл, калі вораг пад сценамі гораду. Гэтыя мутныя чуткі шырацца з кожным днём і, як змеі, распаўзліся па вуліцах. Гэтыя чуткі ўжо муцяць гарнізонныя роты.
- Мне паведамляюць:
- – Ідуць глухія нараканні.
- – Можа выбухнуць бунт.
- Так! Так! Я ведаю: можа выбухнуць бунт, і мае верныя агенты шныпараць па завулках, і ўжо няма куды ўмяшчаць гэты вінаваты і амаль невінаваты абыватальскі хлуд.
- ...А кананада ўсё бліжэй і бліжэй. Часцейшыя ганцы з фронту. Хмарамі збіраецца пыл і стаіць над горадам, пакрываючы каламутнае вогненае сонца. Зрэдку шугаюць маланкі. Цягнуцца абозы, крычаць трывожна паравікі, праносяцца кавалерысты.
- Толькі каля чорнага трыбуналу камуны стаіць прыгнятальная маўклівасць.
- Так:
- будуць сотні расстрэлаў, і я ў канец збіваюся з ног!
- Так:
- ужо чуюць версальцы, як у гулкай і мёртвай цішы княскага маёнтку над горадам бліскаюць выразныя і кароткія стрэлы; версальцы ведаюць:
- – Штаб Духоніна!
- ...А ранкі красуюць перламутрам, і падаюць ранішнія зоркі ў туман далёкага бору.
- ...А глухая кананада расце.
- Расце пераднавальнічча: хутка будзе навальніца.
- . . . . . . . . . . . . .
- ...Я ўваходжу ў княскую сядзібу.
- Доктар Тагабат і вартавы п'юць віно. Андруша пануры сядзіць у кутку. Потым Андруша падыходзіць да мяне і наіўна-сумна кажа:
- – Слухай, дружа! Адпусці мяне!
- Я:
- Куды?
- Андруша:
- – На фронт. Я больш не магу тут.
- Ага! Ён больш не можа! І ўва мне раптам успыхнула злосць. Нарэшце прарвалася. Я доўга стрымліваў сябе. – Ён хоча на фронт? Ён хоча падалей ад гэтае чорнае бруднае справы? Ён хоча выцерці рукі і быць бязвінным, як голуб? Ён мне аддае “сваё права” купацца ў лужынах крыві?
- Тады я крычу:
- – Вы забываецеся! Чуеце?.. Калі вы яшчэ раз скажаце пра гэта, я вас зараз жа расстраляю.
- Доктар Тагабат дынамічна:
- – Так яго! так яго! – і пакаціўся рогат па пустэльных лабірынтах княскіх пакояў. – Так яго! так яго!
- Андруша зніякавеў, збялеў і выйшаў з кабінету.
- Доктар сказаў:
- – Кропка! Я адпачну! Працуй яшчэ ты!
- Я:
- Чыя чарга?
- – Справа № 282.
- Я:
- Вядзіце.
- Вартавы моўчкі, нібы аўтамат, выйшаў з пакою.
- (Так, гэта быў незаменны вартавы: не толькі Андруша – і мы грашылі: я і доктар. Мы часта ўхіляліся даглядаць расстрэл. Але ён, гэты дэгенерат, заўжды быў салдатам рэвалюцыі, і толькі тады йшоў з поля, калі раставалі дымкі і закопвалі расстраляных).
- ...Парцьера расхінулася, і ў мой кабінет увайшло двое: жанчына ў жалобе і мужчына ў пенснэ. Яны былі канчаткова напалоханыя абстаноўкаю: арыстакратычная раскоша, княскія партрэты і гармідар – пустыя пляшкі, рэвальверы і сіні цыгарэтны дым.
- Я:
- Ваша фамілія?
- Зэт!
- – Ваша фамілія?
- – Ігрэк!
- Мужчына сабраў тонкія губы і ўпаў у беспардонна-плаксівы тон: ён прасіў літасці. Жанчына выцірала хусткай вочы.
- Я:
- Дзе вас забралі?
- – Там і там!
- – За што вас забралі?
- – За тое й тое!
- Ага, у вас быў сход! Якія могуць быць сходы ў такі трывожны час уначы на прыватнай кватэры?
- Ага, вы тэасофы! Шукаеце праўды!.. Новай? Так! Так!.. Хто ж гэта?.. Хрыстос?.. Не?.. Іншы збаўца свету?.. Так! Вас не задавальняе ні Канфуцый, ні Лао-цзы, ні Буда, ні Магамет, ні сам чорт!.. Ага, разумею: трэба запоўніць пустое месца...
- Я:
- Дык па-вашаму, значыцца, наспеў час прыходу Месіі?
- Мужчына і жанчына:
- – Так!
- Я:
- Вы мяркуеце, што гэты псіхалагічны крызіс заўважаецца і ў Еўропе, і ў Азіі, і ва ўсіх частках свету?
- Мужчына і жанчына:
- – Так!
- Я:
- Дык якой жа вы халеры, трасца вашай матары, не зробіце гэтага Месію з “чэка”?
- Жанчына заплакала. Мужчына яшчэ больш збялеў. Суворыя партрэты князя і княгіні пахмура пазіралі са сценаў. Даносілася кананада і трывожныя гудкі з вакзалу. Варожы панцырнік насядае на нашыя станцыі – перадаюць у тэлефон. З гораду далятае галас: грукацелі па брукаванцы тачанкі.
- …Мужчына ўпаў на калені і прасіў літасці. Я з сілаю штурхануў яго нагою – і ён раскінуўся дагары жыватом.
- Жанчына прыклала жалобу да скроні і ў роспачы абаперлася на стол.
- Жанчына сказала глуха і мёртва:
- – Слухайце, я маці трох дзяцей!..
- Я:
- – Расстраляць!
- Умомант падскочыў вартавы, і праз паўхвіліны ў кабінеце нікога не было.
- Тады я падышоў да стала, наліў з графіна віна і залпам выпіў. Потым паклаў на халодны лоб руку і сказаў:
- – Далей!
- Увайшоў дэгенерат. Ён раіць мне ўсё адкласці і разгледзець пазачарговую справу:
- – Толькі што прывялі з гораду новую групу версальцаў, здаецца, усе манашкі, яны на рынку вялі адкрытую агітацыю проці камуны.
- Я ўваходзіў у ролю. Імгла стаяла перад вачыма, і я быў у тым стане, які можна кваліфікаваць як надзвычайны экстаз.
- Я мяркую, што ў такім стане фанатыкі ішлі на святую вайну.
- Я падышоў да акна і сказаў:
- – Вядзіце!
- Трывога.
- У горадзе крамкі забіты. Горад мёртвы і ідзе ў дзікую сярэднявечную далячынь. На небе вырастаюць зоры і ліюць на зямлю зялёнае балотнае святло. Потым гаснуць, знікаюць.
- Але мне трэба спяшацца! За маёй спінай група манашак! Ну так, мне трэба спяшацца: у склепе бітма набіта. Я рашуча паварочваюся і хачу сказаць безвыходнае:
- – Рас-стра-ляць!
- . . . . . . . . . . . . .
- але я паварочваюся і бачу – проста перада мной стаіць мая маці, мая журботная маці з вачыма Марыі.
- Я ў трывозе шарахнуўся ўбок: што гэта – галюцынацыя? Я ў трывозе шарахнуўся ў бок і ўскрыкнуў:
- – Ты?
- І чую з натоўпу жанчына сумна:
- – Сыне! мой мяцежны сыне!
- Я адчуваю, што вось-вось упаду. Мне блага, я схапіўся рукою за фатэль і нахіліўся.
- Але ў той жа момант рогат грукатам пакаціўся, бухнуўся аб столь і знік. Гэта доктар Тагабат:
- – “Мама”?! Ах ты, чортава кукла! Сісі захацеў? “Мама”?!! Я імгненна апрытомнеў і схапіўся рукою за маўзэр.
- – Чорт! – і кінуўся на доктара.
- Але той халодна паглядзеў на мяне і сказаў:
- – Ну, ну, цішэй, здраднік камуны! Здолей расправіцца і з “мамаю” (ён падкрэсліў “з мамаю”), як умеў распраўляцца з іншымі.
- І моўчкі адышоў.
- …Я аслупянеў. Бледны, амаль мёртвы, стаяў перад маўклівым натоўпам манашак з разгубленымі вачыма, як зацкаваны воўк (я бачыў гэта ў агромністым люстры, што вісела насупраць).
- Так! – схапілі нарэшце і другі канец маёй душы! Ужо не пайду я на скрай гораду злачынна хаваць сябе. І цяпер я маю адно толькі права:
- – нікому, ніколі і нічога не казаць пра тое, як расшчапілася маё ўласнае “я”.
- І я галавы не страціў.
- Думкі рэзалі мае глузды. Што я мушу рабіць? Няўжо я, салдат рэвалюцыі, схіблю ў гэты адказны момант? Няўжо я пакіну варту і ганебна здраджу камуне?
- …Я сціснуў сківіцы, пахмура паглядзеў на маці і сказаў рэзка:
- – Усіх у склеп. Я зараз буду тут.
- Але не паспеў я гэтага вымавіць, як ізноў кабінет задрыжэў ад рогату.
- Тады я павярнуўся да доктара і кінуў выразна:
- – Доктар Тагабат! Вы, відаць, забыліся, з кім маеце справу? Ці не хочаце і вы ў штаб Духоніна… з гэтай свалатой! – я махнуў рукою ў бок, дзе стаяла мая маці, і моўчкі выйшаў з кабінету.
- …Я за сабою нічога не пачуў.
- . . . . . . . . . . . . .
- …Так, гэта былі нязносныя хвіліны. Гэта была мука. – Але я ўжо ведаў, як я зраблю.
- Я ведаў і тады, калі пакінуў сядзібу. Іначай я б не выйшаў так хутка з кабінету.
- …Ну так, я мушу быць паслядоўным!
- …І цэлую ноч я разбіраў справы.
- Тады на працягу некалькіх цёмных гадзін перыядычна бліскалі кароткія і выразныя стрэлы:
- – я, глаўкаверх чорнага трыбуналу камуны, выканаў свае абавязкі перад рэвалюцыяй.
- …І хіба гэта мая віна, што вобраз маёй маці не пакідаў мяне ў гэтую ноч ні на хвіліну?
- Хіба гэта мая віна?
- . . . . . . . . . . . . .
- …У абед прыйшоў Андруша і кінуў панура:
- – Слухай! Дазволь яе адпусціць!
- Я:
- Каго?
- – Тваю маці!
- Я:
- аўчу).
- Потым адчуваю, што мне да болю хочацца смяяцца. Я не вытрымліваю і рагачу на ўсе пакоі.
- Андруша сувора пазірае на мяне.
- Яго зусім не пазнаць.
- – Слухай. Навошта гэтая меладрама?
- Мой наіўны Андруша хацеў быць на гэты раз праніклівым. Але ён памыліўся.
- Я (груба):
- – Ідзі прэч!
- Андруша і на гэты раз збялеў.
- Эх, гэты наіўны камунар зусім нічога не разумее. Ён нават не ведае, навошта гэтая бязглуздая звярыная жорсткасць. Ён нічога не бачыць за маім халодным драўляным тварам.
- Я:
- Звані ў тэлефон! Дазнайся, дзе вораг!
- Андруша:
- – Слухай!
- Я:
- Звані ў тэлефон! Дазнайся, дзе вораг!
- У гэты момант над сядзібаю пранёсся снарад і недалёка разарваўся. Зазвінелі шыбы, і рэха пайшло па гулкіх пустых княскіх пакоях.
- У трубку перадаюць: версальцы насядаюць, ужо блізка: за тры вярсты. Казацкія раз’езды паказаліся каля станцыі: інсургенты адступаюць. – Крычыць далёкі вакзальны ражок.
- …Андруша выскачыў. За ім я.
- …Курылася далячынь. Зноў шугалі дымкі на гарызонце. Над горадам хмараю стаяў пыл. Сонца-медзь, і неба не відно. Толькі мутны пыл высока імчаў над далёкім небасхілам. Уздымаліся з дарогі фантастычныя віхуры, беглі ў вышыню, разразалі прасторы, пераляталі сялібы і зноў імчалі і мчалі. Стаяла, бы зачараванае, пераднавальнічча.
- ...А тут бахалі гарматы. Ляцелі кавалерысты. Адыходзілі на поўнач тачанкі, абозы.
- ...Я забыў пра ўсё. Я нічога не чуў і – сам не памятаю, як трапіў у склеп.
- Са звонам разрвалася каля мяне шрапнэль, і на двары стала пуста. Я падышоў да дзвярэй і толькі хацеў зірнуць у невялічкае аконца, дзе сядзела мая маці, як нехта ўзяў мяне за руку. Я павярнуўся –
- – дэгенерат.
- – Вось дык варта! Усе паўцякалі!.. хі... хі...
- Я:
- Вы?
- Ён:
- – Я? О, я! – і пагрукаў пальцам па дзвярах.
- Так, гэта быў верны пёс рэвалюцыі. Ён будзе на варце і не пад такім агнём! Памятаю, я падумаў тады:
- – “гэта вартаўнік маёй душы”, – і бяздумна пабрыў на гарадскія пусткі.
- . . . . . . . . . . . . .
- ...А пад вечар паўднёвая частка ўскраіны была захоплена. Мусілі ісці на поўнач, пакінуць горад. Але інсургентам далі загад затрымацца да ночы, і яны стойка паміралі на валах, на подступах, на раздарожжах і ў маўклівых закутках падваротняў.
- ...Але што я?
- Палілі дакументы. Адпраўлялі партыі закладнікаў. Бралі рэшту кантрыбуцый...
- ...Я канчаткова збіўся з ног!
- ...Але раптам усплываў твар маёй маці, і я зноў чуў журботны і неадступны голас.
- Я адкідаў валасы і павялічанымі вачыма глядзеў на гарадскую вежу. І зноў бралася на вечар, і зноў на поўдні гарэлі сялібы.
- ...Чорны трыбунал камуны збіраецца ўцякаць. Грузяць падводы, цягнуцца абозы, спяшаюць натоўпы на поўнач. Толькі наш адзінокі панцырнік замірае ў глыбіні бору і затрымлівае з правага флангу варожыя палкі.
- ...Андруша некуды знік. Доктар Тагабат спакойна сядзіць на канапе і п'е віно. Ён моўчкі назірае за маімі загадамі і зрэдчас іранічна паглядае на партрэт князя. Але гэты погляд я адчуваю якраз на сабе, і ён мяне нярвуе і непакоіць.
- ...Сонца зайшло. Канае вечар. Надыходзіць ноч. Па валах ідуць перабежнікі, і аднастайна адбівае кулямёт. Пустынныя княскія пакоі замерлі ў чаканні.
- Я гляджу на доктара і не выношу гэтага погляду ў старажытны партрэт.
- Я рэзка кажу:
- – Доктар Тагабат! праз гадзіну я павінен ліквідаваць апошнюю партыю асуджаных. Я павінен прыняць атрад.
- Тады ён іранічна і абыякава:
- – Ну, і што? Добра!
- Я хвалююся, але доктар зласліва глядзіць на мяне і ўсміхаецца. – О, ён, бясспрэчна, разумее, у чым рэч! Гэта ж у гэтай партыі асуджаных мая маці.
- Я:
- Калі ласка, пакіньце пакой!
- Доктар:
- – Ну, і што? Добра!
- Тады я не вытрымліваю і шалею.
- – Доктар Тагабат! Апошні раз папярэджваю: не жартуйце са мной!
- Але голас мой зрываецца, і ў мяне булькоча ў горле. Я парываюся схапіць маўзэр і тут жа прыкончыць доктара, але раптам адчуваю сябе нікчэмным, вартым жалю і разумею што мяне пакідаюць рэшткі волі. Я сядаю на канапу і жаласліва, як пабіты бяссільны сабака, гляджу на Тагабата.
- ...Але ідуць хвіліны. Трэба выпраўляцца.
- Я зноў бяру сябе ў рукі і ў апошні раз гляджу на напышлівы партрэт княгіні.
- Цемра.
- ... – Канвой!
- Вартавы зайшоў і даклаў:
- – Партыю вывелі. Расстрэл прызначаны за горадам: пачатак бору.
- ...З-за далёкага адгор'я вынырваў месяц. Потым плыў па ціхіх блакітных ручаях, раскідваючы лімонныя пырскі. Апоўначы працяў зеніт і спыніўся над прорваю.
- ...У горадзе была энэргічная перастрэлка.
- ...Мы ішлі па паўночнай дарозе.
- Я ніколі не забуду гэтай маўклівай працэсіі – цёмнага натоўпу на расстрэл.
- Адзаду рыпелі тачанкі.
- Авангардам – канвойныя камунары, далей – натоўп манашак, у авангардзе – я, яшчэ канвойныя камунары і доктар Тагабат.
- ...Але мы напалі на сапраўдных версальцаў: за ўсю дарогу ніводная манашка не прамовіла аніводнага слова. Гэта былі шчырыя фанатычкі.
- Я ішоў па дарозе, як тады – у нікуды, а збоку ад мяне брылі ахоўнікі маёй душы: доктар і дэгенерат. Я глядзеў у натоўп, але я там нічога не бачыў.
- Затое я адчуваў:
- – там ішла мая маці
- з пахіленаю галавой. Я адчуваў: пахне мятаю.
- Я гладзіў ейную мілую галаву з налётам серабрыстае сівізны.
- Але раптам перада мной вырастала загораная далячынь. Тады мне зноў да болю хацелася ўкленчыць і малітоўна глядзець на кашлаты сілуэт чорнага трыбуналу камуны.
- ...Я сціснуў галаву і пайшоў па мёртвай дарозе, а адзаду мяне рыпелі тачанкі.
- . . . . . . . . . . . . .
- Я раптам адкінуўся: што гэта? галюцынацыя? Няўжо гэта голас маёй маці?
- І зноў я адчуваю сябе нікчэмным чалавекам і адчуваю: дзесьці пад сэрцам цісне. І не рыдаць, а плакаць драбненькімі слязамі хацелася мне – так, як у дзяцінстве, на цёплых грудзях.
- І бліснула:
- – няўжо я вяду яе на расстрэл?
- Што гэта: рэчаіснасць ці галюцынацыя?
- Але гэта была рэчаіснасць: сапраўдная жыццёвая рэчаіснасць – дзікая і жорсткая, як зграя галодных ваўкоў. Гэта была рэчаіснасць безвыходная, немінучая, як сама смерць.
- …Але можа, гэта памылка?
- Можа, трэба іначай зрабіць?
- – Ах, гэта ж боязь, маладушнасць. Ёсць жа пэўнае жыццёвае правіла: еrrаrе humanum est. Чаго ж табе? Памыляйся! і памыляйся менавіта так, а не так!.. І якія могуць быць памылкі?
- Сапраўды: гэта была рэчаіснасць, як зграя галодных ваўкоў. Але гэта была і адзіная дарога да загорных азёраў невядомай цудоўнай камуны.
- ...І тады я гарэў у агні фанатызму і выразна выбіваў крокі па паўночнай дарозе.
- ...Маўклівая працэсія падыходзіла да бору. Я не памятаю, як расстаўлялі манашак, я памятаю:
- да мяне падышоў доктар і паклаў мне руку на плячо:
- – Вашая маці там! Рабіце што хочаце!
- Я паглядзеў:
- – з натоўпу вылучылася постаць і ціха, самотна пайшла на ўзлесак.
- ...Месяц стаяў у зеніце і вісеў над прорваю. Далей адыходзіла ў зялёна-лімонную няведамасць мёртвая дарога. Праваруч маячыў каравульны атрад майго батальёну. І ў гэты момант над горадам узняўся густы агонь – перастрэлка зноў біла трывогу. Гэта адыходзілі інсургенты, – гэта прыкмеціў вораг. – Збоку разарваўся снарад.
- ...Я дастаў з кабуры маўзэр і хутка пайшоў да самотнай постаці. І тады ж, памятаю, бліснулі кароткія агні: так сканчалі з манашкамі
- І тады ж, памятаю –
- з бору ўдарыў у трывогу наш панцырнік. – Загудзеў лес.
- Кінуўся агонь – раз,
- два –
- і яшчэ – удар! удар!
- ...Напіраюць варожыя палкі. Трэба спяшацца. Ах, трэба спяшацца!
- Але я іду і іду, а адзінокая постаць маёй маці ўсё там жа. Яна стаіць, падняўшы рукі, і журботна глядзіць на мяне. Я спяшаю на гэты зачараваны нясцерпны ўзлесак, а адзінокая постаць усё там жа, усё там жа.
- Навокал – пуста. Толькі месяц ліе зялёнае святло з пранізанага зеніту. Я трымаю ў руцэ маўзэр, але мая рука слабее, і я вось-вось заплачу дробненькімі слязамі, як у дзяцінстве на цёплых грудзях. Я парываюся крыкнуць:
- – Маці! Кажу табе: ідзі да мяне! Я павінен забіць цябе.
- І рэжа мае глузды невясёлы голас. Я зноў чую, як маці гаворыць, што я (ейны мяцежны сын) зусім замучыў сябе.
- ...Што гэта? няўжо зноў галюцынацыя?
- Я адкідаю галаву.
- Так, гэта была галюцынацыя: я даўно ўжо стаяў на пустым узлеску насупраць сваёй маці і глядзеў на яе.
- Яна маўчала.
- ...Панцырнік зароў у бары.
- Уздымаліся агні. Ішла навальніца. Вораг пайшоў у атаку. Інсургенты адыходзяць.
- ...Тады я ў непрытомнасці, ахоплены пажарам нейкай невыноснай радасці, закінуў руку за шыю сваёй маці і прыціснуў галаву да сваіх грудзей. Потым паднёс маўзэр і націснуў спуск у скронь.
- Як зрэзаны колас, пахілілася яна на мяне.
- Я паклаў яе на зямлю і дзіка азірнуўся – Навокал было пуста. Толькі збоку цямнелі цёплыя трупы манашак. – Недалёка грукацелі гарматы.
- ...Я засунуў руку ў кішэню і тут жа ўзгадаў, што ў княскіх пакоях я штосьці забыў.
- “Вось дурань!” – падумаў я.
- ...Потым азірнуўся:
- – Дзе ж людзі?
- Ну так, мне трэба спяшацца ў свой батальён! – І я кінуўся на дарогу.
- Але не зрабіў я і трох крокаў, як мяне нешта спыніла.
- Я здрыгануўся і пабег да матчынага трупа.
- Я ўкленчыў перад ім і пільна ўглядаўся ў твар. Але ён быў мёртвы. Па шчацэ, памятаю, цекла цёмным струменем кроў.
- Тады я падняў гэтую безвыходную галаву і прагна ўпіўся вуснамі ў белы лоб. – Цемра.
- І раптам чую:
- – Ну, камунар, падымайся!
- Пара ў батальён!
- Я зірнуў і пабачыў:
- – перада мною зноў стаяў дэгенерат.
- Ага, я зараз. Я зараз. Так, мне даўно пара! – Тады я паправіў рэмень свайго маўзэра і зноў кінуўся ў дарогу.
- ...У стэпе, як далёкія волаты, стаялі конныя інсургенты. Я бег туды, сціснуўшы галаву
- ...Ішла навальніца. Дзесьці прабіваліся досвітныя плямы. Ціха паміраў месяц у пранізаным зеніце. З захаду насоўваліся хмары. Ішла выразная, шчыльная перастрэлка.
- . . . . . . . . . . . . .
- Я спыніўся сярод мёртвага стэпу.
- – там, у далёкай невядомасці, нязнана гарэлі ціхія азёры загорнай камуны.
- © Уладзімір Лянкевіч, пераклад, 2009
“Яблыні ў квецені”
– Трывога! – Маці кажа, што палівала сягоння мяту, мята
памірае ў скрусе. Маці кажа: “Збіраецца на навальніцу!
І я бачу: у ейных вачах стаяць дзве крышталёвыя роскі.
І
– “расстраляць”,
– “расстраляць”, –
ІІ
…У кабінет уваліўся цэлы натоўп манашак. Я гэтага не бачыў, але я
гэта адчуваў. Я глядзеў на горад. Вечарэла – Я доўга не паварочваўся,
я смакаваў: усіх іх праз дзве гадзіны не будзе! – Вечарэла. – І зноўку
пераднавальнічныя маланкі рэзалі краявід. На даляглядзе за цагельняю
віліся дымкі. Версальцы насядалі люта і зацята – гэта перадаюць у
тэлефон. На пустынных шляхах зрэдку вырастаюць абозы і спешна
адступаюць на поўнач. У стэпе стаяць, як далёкія волаты, кавалерый-
скія каравульныя атрады.
…Ад сядзібы я пайшоў, нібы п’яны, у нікуды па змроку
пераднавальнічнага душнага вечара. Кананада мацнела. Зноў шугалі
дымкі над далёкай цагельняй. За курганом грукацелі панцырнікі: гэта
ішоў між імі рашучы двубой. Варожыя палкі люта насядалі на
інсургентаў. Пахла расстрэламі.
Я ішоў у нікуды. Паўз мяне праходзілі абозы, праляталі
кавалерысты, грукацелі па брукаванцы тачанкі. Горад стаяў у пыле,
і вечар не разрадзіў набою пераднавальнічча.
Я ішоў у нікуды. Без думкі, з тупою пустатой, з цяжкім цяжарам
на сваіх згорбленых плячах.
Я ішоў у нікуды.
ІІІ
...Ішла спешная эвакуацыя, ішла выразная перастрэлка,
і я канчаткова збіўся з ног!
|
![[старое]](/img/logos/old.gif)








