нумар 9
27 сакавіка 2012

Art Detected

Злачынства, сэр!
Бясчынства, сэр!
За сцэнай
Ключавая рэпліка
Нечаканы паварот
Мышалоўка+разгарнуць
Пераклады пераможцаў "Ператвора"
Бэйкер-стрыт 221b
НАПІСАЛІ ЗАБОЙСТВА
ПЕРАКЛАЛІ ЗАБОЙСТВА
ТЭКСТЫ

Рэй Бэроа (Rei Berroa) нар. 1949

Убранні Вершы

Oiconologia

(Oiconologia)

Нашмат лягчэй адмовіцца ад хлеба, чым ад словаў.

Э.М. Чаран


Імкнуцца казаць усё меней,
Старацца сказаць усё больш.

У полымя вогнішча кідаць трафеі,
Каб вярнуць іх не здолеў ніхто
і зноў не схаваў за бляскам вітрынаў,
за глупствам і фанабэрыяй шкла.
Захоўваць менш рэчаў і меней ценяў,
Ды зрок штодня яснейшым рабіць
І слых з кожным разам вастрыць.

Сцішыць гучныя воклічы
ў імя Найсвятога,
алоўкі, паперы ды мроі звіць у гняздо,
каб форма іх выяўляла ўнутраны дысбаланс
з тут і цяпер, з нашым нязбыўным заўтра.

Асвойваць штораз усё меней,
Засвойваць увесь час усё больш.

Не думаць шмат пра будучае і былое,
Зважаць на тое, што па сілах рашыць
Цудам гэтай самай хвіліны
Ў вечным змаганні “забіць ці памерці”,
З якім шторазу накідваемся на час.

Спаць кожны раз усё меней,
Сніць увесь час усё больш.

Калі толькі можна шукаць самоты,
І з надыходам ночы, тушыць
Святло на гаўбцы, каб вокам
заўважыць зорку ў далёкіх нябёсах.
Сталее ў скляпенні віно,
каб стаць крыязнай або рэзервай.
Бо тое, што блага настоіцца, воцатам стане,
Кіслым віном, горкім на смак, і агідным.

І ні ўзняўшыся, ні ўпаўшы,
не пакланіцца ніводнаму анёлу, проста быць
неаддзельнаю часткаю гэтага
загадкавага і журботнага чалавецтва.

Не зважаць на прычыны няшчасцяў
І ніколі ў жыцці не марыць
Аб суцяшэнні смерцю.

Імкнуцца прамовіць штораз усё меней,
Цярпліва чакаючы маёй чаргі,
Каб стала магчымым сказаць з кожным днём усё больш.



 

пераклад з гішпанскай – Юля Цімафеева


Убранні

(Los Atuendos)

Не кленчы, каб жыць.
Распраніся:
У вандроўках табе спатрэбіцца розная адзежа,
Што дапаможа табе перажыць чатыры ўзросты.

Пазбаў сваё сэрца марных забаваў.
Зразумей:
Ніхто не зможа парэзаць сваімі правіламі і мантыльямі
Непашыты хітон твайго непаўторнага цела.

Вызваліся ад званоў і крыжоў.
Разуйся:
Не варта шукаць у шафах зямлі сандалі,
Што парушаць сувязь з вуліцаю і жыццём.

Запусці ў паветра свае гучныя абліччы і ідзі.
Не пакідай месца нянавісці, хлусні і зайздрасці.
Будзь з людзьмі дома, на працы, на вучобе
Ветлівым, дасведчаным, гатовым да ўзаемадзеяння.

Але ніколі не кленчы, каб жыць.

Нашыя першамаці ўжо выразалі дэталі,
Якія ты дзень пры дні будзеш прынагодна выкарыстоўваць:
Яны – твае рукі, твой рот, твае ўспаміны.
З крыкам ты ўварваўся ў жыццё, не ведаючы, што адбываецца,
Ты так і пойдзеш па жыцці, не зведаўшы, навошта ты жывеш.

Шыеш убранне, абнадзеены ведай,
Што праз гады знойдзеш
Касцюм, што лепей ляжыць на плячах і не цісне ў таліі,
Не скоўвае сцёгны, не муляе ў падпахах. Вось убачыш:
У аскепках значнага і нязначнага, злучаных у адно,
Ты палюбіш жыццё,
Якое будзеш сплятаць i расплятаць з дня ў дзень.

Але ніколі не кленчы, каб жыць.


 

пераклад з гішпанскай – Ганна Янкута


© Юля Цімафеева, пераклад, 2009

© Ганна Янкута, пераклад, 2009

  • [LJ]Дадаць у ЖЖ
пакінуць каментар