"Калевала" – карэла-фінскі паэтычны эпас. Уключае 50 рунаў, сабраных і апрацаваных з народных паэтычных песняў выбітным фінскім даследнікам Эліясам Лёнратам (Elias Lönnrot, 1802–1884). Апрацоўка была зробленая Лёнратам двойчы – у 1835 і 1849 гадах (першае і другое выданні "Калевалы").
Руна трэцяя
Вяйнямёйнен запасіць веды і становіцца славутым (1 – 20). Ёўкахайнен едзе спаборнічаць з ім у ведах, але не перамагае і выклікае яго на двубой мячамі. Раззлаваны Вяйнямёйнен чароўнымі спевамі заганяе яго ў балота (21 – 330). Спалоханы Ёўкахайнен прапануе яму сваю сястру ў жонкі, і задаволены Вяйнямёйнен выпускае яго з балота (331 – 476). Засмучаны Ёўкахайнен едзе дадому і апавядае маці пра свае прыгоды (477 – 524). Маці ў захапленні ад таго, што Вяйнямёйнен стане яе зяцем. Аднак гэтая навіна вельмі засмучае дачку, і яна пачынае плакаць (525 – 580).
Векавечны Вяйнямёнен
жыў увесь час бестурботна
на палянах Калевалы,
ў пушчах Вяйнёлы зялёнай.
5 Там спяваў ён свае песні,
спевы-чары, заклінанні.
Дзень за днём спяваў ён песні
і ўначы спяваў пра тое,
як радзіліся напевы,
10 старажытныя закляцці,
пра што зараз нават дзецям,
ні героям невядома,
ў нашыя часы ліхія,
калі й хлеба не хапае.
15 Весткі несліся паўсюдна,
разыходзіліся чуткі
пра цудоўныя напевы,
Вяйнямёйнена майстэрства.
Дасягнулі поўдня весткі,
20 чуткі поўначы дасталі.
Неяк юны Ёўкахайнен,
хударлявы сын лапландскі,
недзе у гасцях аднойчы
дзіўныя пачуў навіны,
25 нібы ёсць і лепей песні
ды майстэрскія закляцці,
там, на Вяйнёлы палянах,
Калевалы верасовай,
лепш ад песень, што спяваў ён,
30 што раней пачуў ад бацькі.
Нарадзілася ў ім крыўда,
зайздрасць сэрца апаліла
ад таго, што Вяйнямёйнен –
нашмат лепшы песнапеўца.
35 Ён да бацькі паспяшаўся
і да роднай да матулі,
кажа, што ў дарогу едзе,
што паехаць ён сабраўся
ў вёскі Вяйнёлы далёкай
40 паспаборнічаць у спевах.
Спампаваць 3, 9 і 15 руны можна па спасылках ніжэй.