Гэты ўрывак напісаны ў 1799 годзе. Паданне, на якім заснаваная гэтая гісторыя, звязанае з домам, што знаходзіцца ва ўладанні Гілмертанаў ля Ласвэйда ў Мідлотыяне. Гэты будынак, які цяпер называецца Гілмертан-Грэндж, першапачаткова насіў назву Бэрндэйл (Абпалены Дол) у гонар адной трагічнай падзеі. Цяперашнія ўладанні Гілмертанаў належалі колісь даўно гаспадару на імя Херан, у якога была прыгажуня-дачка. Дзяўчыну спакусіў абат Ньюбатла, добра забяспечанага манастыра на беразе Паўднёвага Эска (сённяшнія ўладанні маркіза Латыянскага). Калі Херан даведаўся пра гэта, а таксама пра тое, што ганебнай сувязі спрыяла нянька паненкі (што жыла ў тым жа Гілмертан-Грэнджы, ці Бэрндэйле), ён вырашыў жорстка адпомсціць. Яго не спыняла нават меркаваная недатыкальнасць духоўнай асобы ці моц жывога пачуцця. А таму, абраўшы для сваіх мэтаў цёмную і ветраную ноч, калі закаханыя мелі таемную сустрэчу, ён запаліў вязку сухога цёрна ці яшчэ нечага лёгкаўзгаральнага і пакінуў ля самага дома, каб ператварыць жытло ў горстку сатлелых вугалёў разам з усімі, хто быў унутры.