- Мы сустрэліся на палубе вялікага парахода, які рухаўся сярод пустэльні акіяну, як плавучы горад.
- У першую хвіліну я не пазнаў яе і спыніўся, прыглядаючыся толькі таму, што маю ўвагу прыцягнула мігценне старога золата, якое, хаваючыся за далягляд, запаліла ў ейных кудзерах сонца.
- Гэтае ззянне ў валасах і ўся ейная постаць у бледна-зялёным убранні так гожа адбівалася на шэра-блакітным фоне мора, што я глядзеў на яе са значна большай цікаўнасцю, чым гэта дазволена такому паважнаму і стрыманаму чалавеку, як я...
- Раптам ейны твар засвяціўся ўсмешкай і яна ўскрыкнула, працягваючы рукі.
- – Спадар Дэметрый?!
- – Гэта вы, спадарыня Іда? Як прыемна! – адказаў я, пазнаючы з сапраўдным задавальненнем Іду Рафалі, оперную спявачку, якую я сустракаў у розных тэатрах Еўропы, дзе працаваў мастаком-дэкаратарам.
- – Куды вы едзеце?
- – У Буэнас-Айрэс. Буду спяваць у Калоні. А вы?
- – Таксама ў Буэнас-Айрэс. Толькі затрымаюся на пару тыдняў у Бразіліі.
- Далей пайшлі іншыя пытанні, іншыя адказы, нязначныя, павярхоўныя, але іх хапіла, каб скасаваць гады, якія аддалялі нас ад апошняй сустрэчы. Праз некаторы час нам здавалася, што мы толькі ўчора бачыліся і абмяркоўвалі нейкую дэталь дэкарацыі ў Венскім тэатры, дзе разам працавалі.
- Мы размаўлялі, аж пакуль гонг не паклікаў нас у страўню. Тады разышліся ненадоўга, бо дамовіліся вячэраць разам.
- Я прыйшоў першы і чакаў Іду з нецярплівасцю, якая азначала, што я адчуваў да яе штосьці большае, чым звычайная сімпатыя.
- Яна прыйшла ў чорнай, з глыбокім выразам сукенцы, і лёгкі грым на ейным твары паказваў, што яна паклапацілася аб тым, каб яе пекната выявілася як найлепш.
- – Як я рада, – весела казала яна, сядаючы за стол, але раптам замоўкла і твар ейны пазмрачнеў.
- Бровы ссунуліся, погляд утаропіўся ў адну кропку на стале, нібыта яна заўважыла нешта жахлівае. Я паглядзеў у тым напрамку, але не пабачыў нічога незвычайнага. Толькі букет чырвоных ружаў ажыўляў банальную сервіроўку стала.
- – Адкуль гэтыя кветкі? Навошта яны тут? – нервова спытала яна метрдатэля, што паднёс нам карту напояў.
- – Гэта тыя самыя, што вы далі пакаёўцы, каб выкінуць, – адказаў ён. – Мне было шкада гэтых цудоўных кветак, яны так хораша аздабляюць стол.
- – Не, не, не! – горача выгукнула Іда. – Прыбярыце прэч! Кіньце іх за борт у мора! І каб нікому больш не прыйшло да галавы яшчэ некуды іх прыладзіць, я зараз разбяруся з імі сама.
- Яна схапіла кветкі, паабрывала пялёсткі, паламала сцябліны з такой лютасцю, нібыта знішчала нешта жывое і варожае.
- – Цяпер забярыце іх, – сказала з жорсткай усмешкай, – гэта ўжо не кветкі, а смецце.
- Метрдатэль моўчкі знёс знявечаны букет. Я таксама нічога не спытаў, і яна мне нічога не патлумачыла.
- Паволі яна супакоілася, і толькі раптоўная зморшчына на ейным ілбе час ад часу гаварыла, што нешта яшчэ трывожыць ейную душу.
- Пазней, уначы, калі, абапіраючыся на балюстраду, мы глядзелі на месяц, які таямніча свяціў праз смугу, Іда сказала мне:
- – Мушу вам расказаць. Магчыма, вы будзеце смяяцца. Гэта так дзіўна, так дзіўна... Вось паслухайце.
- Мне было шаснаццаць гадоў, калі я першы раз атрымала чырвоныя ружы. Я не думала тады пра тэатр. Я спакойна жыла з бацькамі ў ваколіцы Неапаля. Каля нас жыў адзін хлопец, Арнольд. Я ведала яго з маленства, але аднойчы мы зразумелі, што дзіцячая прыязнасць ператварылася ў каханне. Яшчэ не было гаворкі пра шлюб, ані згадкі пра будучыню, але нашыя сэрцы пры сустрэчы біліся хутчэй, а пры расстанні мы абменьваліся нясмелымі пацалункамі.
- Аднае раніцы я знайшла на парозе свайго дому букет чырвоных ружаў.
- Я падняла яго з радасцю, мяркуючы, што яны ад Арнольда. З асалодай занурылася тварам ў духмяную халаднечу кветак і раптам ускрыкнула. Шып, востры, як нож, укалоў маю шчаку, і кропля крыві запляміла хустачку, калі я прыклала яе да пашкоджанага месца.
- Арнольд адразу прыкмеціў ранку, калі мы з ім спаткаліся апоўдні.
- – Што з табой здарылася, любая? – пяшчотна спытаў ён.
- – Ды нічога, мяне драпнулі ружы. Якія яны прыгожыя! Як я табе ўдзячная за такі цудоўны падарунак!
- Арнольд дзівіўся.
- – Пра якія кветкі ты гаворыш?
- – Яны не ад цябе? Адкуль жа яны? Хто іх мог прынесці?
- Мы спадзяваліся, што гэта памылка ці жарт. Але наступным ранкам я зноў знайшла ля дзвярэй букет чырвоных ружаў. І так штодзень. Мы мучыліся пытаннямі, хто іх прыносіў, і не маглі разгадаць. Дарэмна я прачыналася на досвітку, кветкі заўжды з'яўляліся раней.
- Нарэшце Арнольд вырашыў падпільнаваць таямнічага пасланца. Ён прастаяў без сну цэлую ноч каля майго дому і нікога не пабачыў. Раніцою я не знайшла кветак, не было іх і потым, але Арнольд захварэў. Відаць, ён прастудзіўся той ноччу. Праз два тыдні ён памёр.
- Іда змоўкла на некалькі хвілін пад уплывам сумных успамінаў, а тады працягвала:
- – Мая туга была бязмежнай. Я прысягнула, што не выйду замуж. Каб забыцца, я пачала навучацца музыцы і спевам. Пачалася мая тэатральная кар'ера. З часам я штораз радзей узгадвала трагічныя ружы.
- Вы ведалі тэнара Рыці? Вялікі артыст, цудоўны спявак і вельмі прыгожы мужчына. Ён быў ідалам усіх жанчын... і маім таксама.
- Ён пакахаў мяне. Так ён мне сказаў аднойчы ўвечары за кулісамі, калі я чакала свайго выступу. Я была вельмі шчаслівая. Спявала гэтым вечарам, як ніколі. Мела вялікі поспех. Мая ўбіральня была поўная кветак і між іх я знайшла букет чырвоных ружаў. Пры ім не было ніякай паштоўкі.
- Я не надала гэтаму вялікага значэння, але калі і назаўтра, і наступнымі днямі таямнічы пасланец дасылаў мне чырвоныя ружы, я пачала непакоіцца. Найпільнейшыя вышукі не праяснілі паходжання кветак.
- У мяне знік настрой, я была прыгнечаная, нервовая. Праз нейкую лухту мы пасварыліся з Рыці. Сезон акурат заканчваўся, я пагадзілася на першую прапанову і паехала спяваць ў Італію. Так абарваўся мой раман, вельмі нядоўгі, як бачна.
- Пазней, у розных краінах, я атрымлівала часам чырвоныя ружы. Дзіўна, яны заўсёды з'яўляліся, калі ў маім сэрцы нараджалася новае пачуццё. Але сярод людзей, што мне сустракаліся, ніхто не прывабліваў мяне моцна. Ужо даўна я не бачыла гэтых кветак. Калі я зайшла на параход, мне прынеслі ружы, якія вы бачылі. Я не хацела іх чапаць, наказала выкінуць, але яны вярнуліся, нібы хацелі мяне папярэдзіць.
- Яна змоўкла, і я пачаў цалаваць ейную далікатную руку.
- Я не спужаўся, наадварот. Калі і зрабіў на мяне ўражанне ейны аповед, то толькі таму, што ён паказваў мне, якое значэнне яна надавала нечаканай сустрэчы.
- Я супакойваў яе, знаходзіў натуральныя вытлумачэнні.
- – Пэўна, Арнольд сам прыносіў вам кветкі. Вы прыгадваеце, што падчас ягонае хваробы іх не было? Што да пазнейшых выпадкаў, то няма чаго здзіўляцца, калі нехта невядомы дасылаў кветкі таленавітай і чароўнай артыстцы. А тое, што ён рабіў гэта ананімна, то ён можа мець свае матывы... Ружы на параходзе? Няхай будуць яны блаславёныя! Яны з'яўляюцца, калі вашае сэрца адкрываецца для кахання, кажаце вы? Тады я іх вітаю, як сяброў, як веснікаў шчасця.
- Якое цудоўнае падарожжа ў нас было! Акіян быў спакойны, як лясное возера. Неба – бяскрайняе, блакітнае, не нахмурылася ні разу. Так і нашая прыязнасць з Ідай. З кожным днём мы адчувалі сябе бліжэйшымі, з кожным днём кахалі адно аднаго больш. Калі параход прыплыў у Рыа, дзе я мусіў сыходзіць, такі сум агарнуў нас, што мы вырашылі: гэта будзе апошняе расстанне!
- Мы пастанавілі ажаніцца, як толькі я прыеду з Буэнас-Айрэса.
- Кожны дзень я атрымліваў ліст ад Іды. Яна расказвала пра свае ўражанні ад тэатру, апісвала прыгожую сталіцу Аргентыны, але больш за ўсё пісала пра свае пачуцці да мяне. Лісты нарачоных! Яны дзіўныя і смешныя для чужых, але колькі шчасця даюць яны тым, каму адрасаваныя.
- Толькі ў апошнім лісце я адчуў трывогу.
- “Любы, – пісала Іда, – я не хацела цябе хваляваць, аднак ўсё ж лепш, каб ты ведаў. Ужо не раз я атрымліваю чырвоныя ружы. Яны крывавыя... страшныя! Прыязджай, прыязджай як найхутчэй, супакой мяне, засцеражы! Я баюся за нашае каханне”.
- Я сучасны чалавек. І на хвіліну не ўдзяляў сур'ёзнай увагі фатальным кветкам. Але дазнаўшыся, што Іда сумная і збянтэжаная, я скараціў сваё прыбыванне ў Бразіліі, купіў квіток на найхутчэйшы параход і паслаў радыёграму Ідзе, просячы адказаць. Але чамусьці яго не атрымаў.
- У Буэнас-Айрэсе я проста з порту паехаў ў гатэль, дзе жыла Іда.
- – Іда Рафалі тут не жыве, – сказаў службовец пераглядаючы спіс пастаяльцаў.
- – Куды ж яна выехала? – запытаў я, уражаны.
- Службовец зазірнуў у кніжку.
- – Новы ейны адрас не запісаны.
- – Гэтага не можа быць! – выгукнуў я.
- Службовец уважліва паглядзеў на мяне.
- – Пачакайце хвілінку, спадар. Я тут новы. Пайду спытаю загадчыка, можа, ён нешта ведае.
- Загадчык прыйшоў сам.
- – Сваяк панны Рафалі?
- – Так, так, – адказаў я таропка, прадчуваючы нешта страшнае.
- – Вельмі мне цяжка паведамляць вам, спадару (загадчык змошчыўся ў знак спачування). Вельмі цяжка... Іда Рафалі памерла пяць дзён таму, і яе пахавалі на могілках Чакарыта.
- Уражаны, прыгнечаны адчаем, ішоў я сярод новых магіл вялікага цвінтару, шукаючы шэраг і нумар, які мне сказалі ў канцылярыі. І раптам я пабачыў нешта, пасля чаго ўжо не вагаўся. Хуткімі крокамі праставаў я да свежанасыпанага пагорачку. Амаль не было патрэбы чытаць на часовым крыжы знаёмае, роднае імя.
- Букет, не, цэлы сноп чырвоных ружаў, ззяючы агнём і крывёй, накрываў магілу Іды.
- Ружы былі свежыя, грозныя пераможныя. Яны захапілі, схавалі яе назаўжды, навек.
- © Уладзь Лянкевіч, пераклад, 2009
|
![[старое]](/img/logos/old.gif)








