Калядны раманс (Рождественский романс)
Яўгену Рэйну, з любоўю
Плыве ў журбоце беспрычыннай паміж цаглянага надсаду караблік зыркай аблачынай ад Аляксандраўскага саду, начны ліхтарык нечуваны, як ружа жоўтая, прыгожы, над галавой сваіх каханых, ля ног прахожых. Плыве ў журбоце беспрычыннай пчаліны хор прапойцаў смешных. Глядзіць маркотнымі вачыма й фатаграфуецца замежнік, і выязджае на Ардынку таксоўка, хворая вякамі, і сталі мёртвыя ў абдымку з асабнякамі. Плыве ў журбоце беспрычыннай спявак маркотны па бульвары, ля крамкі з газаю айчыннай – маркотны дворнік круглатвары, плыве з паненкаю кісейнай стары каханак-малайчына. Картэж апоўначы вясельны плыве ў журбоце беспрычыннай. Плыве ў імгле замаскварэцкай плыўца ў няшчасце цяжкі подых, гучыць гаворкаю габрэйскай на жоўтых, на маркотных сходах, і, плывучы ў журбу з мілосці, каляднаю, нядзельнай госцяй сумуе пекная дзяўчына без дай прычыны. Плыве ўваччу халодны вечар, дрыжаць сняжынкі на вагоне, марозны вецер, бледны вецер апёк чырвоныя далоні; ў агнёх мядовых далягляды і пахне смачнаю халвою, начны пірог нясуць Каляды над галавою. Твой Новы год на хвалі сіняй за плыняй шуму гарадскога плыве ў журбоце беспрычыннай, нібы жыццё пачнем нанова, і будуць зноў святло і слава, удалы дзень і ўдосталь хлеба, нібы жыццё хіснула ўправа, хіснуўшы ўлева.28 снежня 1961
пераклад з рускай – Андрэй Хадановіч
24 снежня 1971 году (24 декабря 1971 года)
V. S.
У Раство, хоць не ўзносім хвалы, ўсе мы трохі біблійныя магі: дзеля каўнай бляшанкі халвы у аблозе трымае прадмагі плоймай скруткаў нагружаны люд – кожны сам сабе цар і вярблюд. Сумкі, торбы, авоські, кулькі, і гамонка не знае ўгамону; водар елкі, гарэлкі, траскі, мандарынаў, хурмы, цынамону; ды шукаць паміж трактаў дарма Віфлеемскі, і зоркі няма. І нашэннікаў сціплых дароў перапоўнены транспарт хістае і выплёўвае ў зеўрах двароў, хоць вядома: пячора пустая – ні жывёлы, ні ясляў, ні Той, што ў кароне святла залатой. Пустата. Ды ўспамін пра яе – як святло, што ліецца знікуды. Знаў бы Ірад: чым больш ён злуе, тым няўхільней калядныя цуды. Непарыўнасць пасеву й жніва – падставовая схема Раства. Цуд бліжэе і ўсюды жыве, і яднае ў святое застолле ўсе сталы. Не патрэба ў Растве хай яшчэ, але добрая воля ў чалавеках відаць праз грахі. І не спяць ля агню пастухі. Валіць снег. Аж расце да гаўбцоў. Трубы-коміны трубяць дачасна. Ірад п’е. Бабы туляць мальцоў. Хто прыйсціме – нікому не ясна. Мы не ведаем часу й прыкмет. Ці ж паверыць у прыхадня свет? Ды калі на дзвярным скавышы яна выйдзе з туману густога, у хусціне, нібыта на мшы, – і Дзіцяці, і Духу Святога пазнаеш у сабе хараство. Бачыш зорку і кажаш: Раство.
Пераклад з рускай – Марыйка Мартысевіч
Калядная зорка (Рождественская звезда) Халодай парою ў мясцовасці, звыклай хутчэй да пары спякотнае, схільнай да плоскасці болей, чым да гары, Дзіця ў свет прыйшло, Збаўца свету ад ночы самой; мяло, як толькі ў пустэльні можа месці зімой. Яму ўсё было велізарным: грудзі матчыны, жоўты шар каганца, тры цары – Мельхіёр, Бальтазар, Каспар; дарункі іх, дбайна ўцягнутыя ў стойла вала. Ён быў адно толькі кропкай. І кропкаю зорка была. Уважліва, не міргаючы, цераз густую сінь на Таго, хто ляжаў у яслях, з найвышэйшых вышынь, з іншага краю Сусвету, з другога яго канца, зорка глядзела ў пячору. І гэта быў позірк Айца.24 снежня 1987
Пераклад з рускай – Марыйка Мартысевіч
Калядная зорка (Рождественская звезда) Халоднай парою ў месцах, знаёмых хутчэй з парой гарачаю, з роўнай паверхняю болей, чым з гарой, Дзіця, што выбавіць свет, у пячоры на свет прыйшло; мяло, як толькі зімою ў пустыні месці магло. Было Яму ўсё завялікае: валы, іх дыханне; твар і грудзі матулі; цары – Мельхіёр, Бальтазар, Каспар – і іх падарункі, падцягнутыя да святла. Ён быў усяго толькі кропкай. І зорка кропкай была. Уважліва й неадрыўна з-за рэдкіх аблок на яслі і немаўлятка, што ў іх ляжала, здалёк, з глыбіняў Сусвету, з іншай мяжы быцця, зорка гладзела ў пячору. Бацька глядзеў на Дзіця.24 снежня 1987
пераклад з рускай – Вера Бурлак
Уцёкі ў Егіпет (ІІ) (Бегство в Египет (ІІ)) У лёху (які-ніякі, а дах! Вярнейшы за гмах а простых кутах!) У лёху ўтульна траім было. Саломаю, зрэб’ем пахла цяпло. Агонь унутры быў, а звонку – змрок. У змроку завея малола пясок. І, згадваючы пра яе памол, храплі знепакоена мул і вол. Марыя шаптала, агонь гудзеў, Язэп задуменна ў агонь глядзеў. Дзіця, замалое для іншых спраў, драмала і сніла, як вол араў. Яшчэ адзін дзень прамінуў і знік, забраўшы трывогі і страхі, зык раз’ятранай Ірадавай арды, – і цэлым стагоддзем бліжэй гады. Спакойна было ў тую ноч траім. Праз дзверы ў прахон выпараўся дым, каб іх не трывожыць, і толькі мул у сне (або вол) сам сабе ўздыхнуў. Глядзела зорка цераз парог. Адзіным з траіх, хто напраўду мог ведаць, што позірк той азначаў, быў Немаўлёнак. Ды ён маўчаў.
пераклад з рускай – Вера Бурлак
* * * (Снег идет, оставляя весь мир в меньшинстве...) Снег ідзе, пакідаючы ў меншасці свет. Пінкертонам да ранку раздолле, і сябе выкрываеш, бо знойдзены след – непадробны і твой, як ніколі. Цішыня, але светла над кожным жытлом, і ты бачыш сваімі вачамі кожны зорны аскепачак, поўны святлом, нібы лодачка – уцекачамі. Не аслепні, глядзі! Ты і сам уцякач, сучын сын, парушальнік закону, прайдзісвет. За душой – ні халеры, прабач. Пара з рота, бы профіль дракона. Памаліся, як Той, з Назарэту, пра шлях валацугаў далёкіх і блізкіх, аб калядных дарах, самазваных царах і пра ўсіх немаўлят у калысках.1980
пераклад з рускай – Андрэй Хадановіч
За выключэннем вершаў "Снег ідзе, пакідаючы ў меншасці свет..." (пераклад – Андрэя Хадановіча) і “Калядная зорка” (пераклад – Веры Бурлак), падборка з’явілася ў 48-м нумары газеты “Наша Ніва” за 26 снежня 2003 года.
© Вера Бурлак, пераклад, 2009
© Марыйка Мартысевіч, пераклад, 2003
© Андрэй Хадановіч, пераклад, 2003, 2009
Друкуецца з ласкавага дазволу Фонду Іосіфа Бродскага.
2 назоўнікі ў адным склоне побач у бел.мове - само па сабе - цяжкасць.
але што мелася на ўвазе:
-што ў зеўрах двароў з'яўляецца транстарпт і там плюецца?
ці не лепш было б - і выплёўвае ў зеўры двароў?..