прыйдзі, сваёй не грэбуй чашай,
каб горды спеў з’яднаць з узнёслай песняй нашай.
Нашчадкі скальда мы, які трыюмф баёў
з мелодыяй зямлі паўночнай моцна сплёў.
Ідзем мы праз палі, праз паплавы і дзюны,
а хрысціянскі дух палоняць сагі, руны
і даўні спеў — у ім жыцця палае жар,
са спевам гэтым бард вайне глядзеў у твар.
Хадзем. Педанты нам зацята шлюць праклёны,
ды радасцю жыцця гарыць наш зрок натхнёны.
Па краі нам блукаць, па ўзгорках і лясах,
да зброі ўзяўшы спеў, з вятрамі ў валасах.
пераклад з нідэрландскай — Кацярына Маціеўская
Арол
(De arend)
Нібы на троне, годны птах
на стромкіх скалах марыў,
і сонца клікала яго
ўзляцець вышэй ад хмараў.
Але атрутная змяя
ахвяру адсачыла,
калі хацеў узняцца ён
і ўжо раскінуў крылы,
каб межы аглядаць наўсцяж
у сонечным праменні,
ды кольцы здрадлівай змяі
мацнеюць штоімгненне.
Ён, цар свабоднай вышыні,
ляціць, нічым не скуты,
ды па грудзях цячэ струмень
пякучае атруты.
Ляці, узнёслы славалюб,
да вышыні гарачай,
і боль прымай, бо ў ім твой лёс:
не можа быць іначай.
пераклад з нідэрландскай — Ганна Янкута
Лебедзь
(De zwane)
Глядзіцца вечар спадцішка
у хвалі чыстых плёсаў.
Цнатлівы і прыўкрасны стаў
люструе гладзь нябёсаў.
І поўня поглядам сваім
праводзіць дзень мінулы,
і лебедзь у яе святле
плыве, амаль заснулы.
Ён закаханы з даўніх пор
у воды люстраныя,
ён ловіць плёскат, як паэт,
і сэрца ў жарсці ные.
І ўпадабала яго гладзь,
вада цурчыць і кліча,
і лашчаць хвалі, і ў вадзе
люструецца аблічча.
І, поўны жарсці да вады
і чыстае пяшчоты,
ніколі закаханы птах
яе не зганьбіць цноты.
пераклад з нідэрландскай — Ганна Янкута
Мары
(Fantasiën)
У небе воблакі плывуць —
па сінім палатне.
Глядзіць на воблакі юнак,
бы ў сне.
І воблакі, забыўшы жаль,
плывуць у мару, нібы ў даль,
над лабірынтамі алей
далей, далей,
далей.
У моры ветразі плывуць,
палотны вецер мне.
Глядзіць на ветразі юнак,
бы ў сне.
І караблі, забыўшы жаль,
плывуць у мару, нібы ў даль,
плывуць усё хутчэй, смялей,
далей, далей,
далей.
У цемры міражы плывуць,
як мары аб вясне.
Глядзіць на міражы юнак,
бы ў сне.
І міражы плывуць праз жаль
за новай марай, нібы ў даль,
да Леты, да начных алей,
далей, далей,
далей.
пераклад з нідэрландскай — Ганна Янкута
Eene Fransche zonde
(Eene Fransche zonde)
Жоржу Радэнбаху, аўтару кнігі “Агмень і поле”
Кузэн мой, ці жыве ў вас памяць краявідаў,
сярод якіх наш дух у спрэчках акрыяў?
Мы ў тых турнірах шмат пераламалі дзідаў:
валонец юны — вы, фламандзец юны — я.
Я радасці душы ў агонь юнацтва кідаў:
жыве ўва мне цяпер да Францыі агіда —
і Фландрыю кляну, боль множачы ўдвая,
калі ўскіпае кроў нямецкая мая.
Ды вашыя радкі так дзіўна сэрца раняць,
што гальскім полымем запальваецца памяць —
я музы Францыі скараюся красе.
Скажу я, хоць няма маім пакутам меры —
бо скальда Радэнбах адрынуў праз трувэра, —
што гэта, мой кузэн, прыўкрасна, як Мюсэ.
пераклад з французскай — Кацярына Маціеўская
Каментары:
Верш “Мары”, перакладзены на рускую мову Я. Віткоўскім, вядомы перадусім як песня з фільма “Востраў скарбаў” (“Плывут седые облака в лазури высоты...”).
“Eene Fransche zonde” — “Французская памылка” (нід.). Верш прысвечаны кузэну Албрэхта Радэнбаха Жоржу, аднаму з найвыбітнейшых франкамоўных сімвалістаў. Продкі Радэнбахаў па бацькоўскай лініі былі немцамі. Радэнбах, лідэр студэнцкага руху за адраджэнне ў Фландрыі нідэрландскай мовы, свой адзіны верш, напісаны па-французску, іранічна ахрысціў “памылкаю”.
© Кацярына Маціеўская, пераклад, 2010
© Ганна Янкута, пераклад, 2010

<br><br><a href='PS_PAGE_LINK'>чытайце цалкам на prajdzisvet.org</a>