Ласкавыя будуць дажджы… (There Will Come Soft Rains) Ласкавыя будуць дажджы, запахнуць лугі, І ластаўка ў небе са свістам накрэсліць кругі; І жабы ўначы свой спеў завядуць у ставах, І будуць дзікія слівы струменіць пах. Будуць малінаўкі полымем ззяць у палёце, Трэлі выводзіць у садзе, сеўшы на дроце, Ніхто і ніколі вайну не заўважыць, калі Мы пакінем аднойчы абшары гэтай зямлі. І дрэвы, і птушкі працягнуць жыць, як заўжды, Калі знікнуць раптоўна нашы сляды. І нават вясна, што абудзіцца ў ранішні час, Наўрад ці калісьці ўзгадае пра нас.пераклад з ангельскай — Андрэй Стэфановіч
Будзе дожджык ласкавы... (There Will Come Soft Rains) Будзе дожджык ласкавы, запахне раллёй, Будзе ластавак свіст і палёт над зямлёй, Ноччу ў сажалцы — гучныя спевы рапух, Кветкі слівы бязважкія, як белы пух, Мітуслівых заранак агеньчык руды — Даляцяць птушак пошчакі з плоту сюды. І не скажа ніхто, што мінула вайна: Успамінаў ужо не пакіне яна. Не згадае ні дрэва, ні птушка павек, Калі знікне раптоўна з Зямлі чалавек. І Вясна, што прачнецца на золку сама, Не адчуе, напэўна, што нас тут няма.пераклад з ангельскай — Аляксей Арцёмаў
І будзе пяшчотны дождж... (There Will Come Soft Rains) І будзе пяшчотны дождж, і водар зямлі, І ластаўкі будуць са свістам мераць палі. Жабкі ўначы завядуць вечны куплет, І будзе трымтлівы дзікае слівы квет. Зноў малінаўкі свой апрануць убор, Будзе гучаць у садах пералівісты хор. Не заўважыць ніхто, што наўкола вайна, Думаць не будзе, калі заціхне яна. Не будзе клапот і птушкам, і дрэвам тады, Калі людзі знікнуць з зямлі назаўжды. І нават вясна, што ранкам выйдзе са сну, Наўрад ці згадае пра нас і нашу вайну.пераклад з ангельскай — Ганна Янкута
Ціха пройдуць дажджы… (There Will Come Soft Rains) Ціха пройдуць дажджы, будзе водар травы, Будуць ластавак спевам звінець паплавы, Будуць крумкаць у сажалках жабы ўначы, Будуць слівы бялець, на вятрах дрыжучы, Апрануцца малінаўкі ў яркі ўбор І напоўняць вясёлаю песняю бор. Не заўважыць ніхто, што наўкола вайна, І не будзе чакаць, калі сціхне яна. І ніхто не згадае — ні птушка, ні лес, — Як жылі яны колісь: з намі ці без. І калі зранку пройдзе вясна па зямлі, То наўрад ці заўважыць, што мы адышлі.пераклад з ангельскай — Алена Пятровіч
Вандроўка (The Wanderer) Заход пафарбаваў пяскі — Вось Ніл праз іх цячэ барвовы, Глядзіць удаль Рамсес суровы, Амона храм стаіць цяжкі. Вось стромы даўняе пары, Буянне хваль, аскепкі друзу — Тут перамог Персей Медузу, Тут жах спазналі тры сястры. Бязмежжа неба нада мной, Вятры бяруць мяне на крылы, І край паўночны сэрцу мілы, І мілы ледзяны прыбой. Але нічога не дае Мне падарожжаў дух спакусны З хвіліны той, калі ты вусны Пацалаваў мае.пераклад з ангельскай — Ганна Янкута
Пацалунак (The Kiss) Я марыла калісьці: Хай вусны ён кране. А сёння я — бы хворы птах, Што тужыць аб вясне, Бо ён мяне цалуе, А ў сэрцы — толькі лёд: За пацалункі лепш стакроць Тых даўніх мрой палёт.пераклад з ангельскай — Ганна Янкута
Лістапад (November) Стаміўся год і састарэў, Ледзь не збівае вецер з ног, Ляціць ахвотна лісце з дрэў І вецер гне трыснёг. Каханне чэзне, як быллё. Амаль ахвотна сочым мы: Пусцее сэрца, як галлё, Пад подыхам зімы.пераклад з ангельскай — Ганна Янкута
Кахай мяне (Love me) Мой дрозд спявае дзень пры дні І песняй поўніць гай. Хай мілы чуе ў цішыні: “Кахай мяне, кахай!” Ты растрывож яго душу, Спакою не даруй. Няхай гучыць яму ўвушшу: “Цалуй мяне, цалуй!”пераклад з ангельскай — Ганна Янкута
Раса (Dew) Я мару — ён са мною, Я мару — ён прыйшоў, У ружах — сховы росаў, А ў сэрцы — сховы слоў. О ружа, што сасмягла, О сэрца, — пільным будзь, Каб долю сотні ружаў Змагло ты абмінуць.пераклад з ангельскай — Ганна Янкута
Юнак і пілігрым (Youth and the Pilgrim) Ты шмат пабачыў, пілігрым, Мне адкажы, малю, Ты без Кахання бачыў край, Шчаслівую зямлю? Мяне замучыў гэты бог, І я збягу, калі Адкрыю шлях за далягляд На хуткім караблі. “Ты не шукай шчаслівы край — Цябе ён знойдзе сам: У грудзі меч свой усадзі — І апынешся там”.пераклад з ангельскай — Ганна Янкута
П’еро (Pierrot) П’еро гуляе ў садзе Пад месяцам старым, І лютні гук здаецца Трымтлівым і жывым. П’еро спявае ў садзе, І, дорачы мне спеў, Ён пра мяне не помніць Сярод вішнёвых дрэў. П’еро спявае ў садзе, На нас — нібы таўро: П’еро напевы любіць, А я — П’еро.пераклад з ангельскай — Ганна Янкута
Сутонне (Twilight) Летуценна на дах Весні дожджык сыходзіць, І самотны свой спеў Птах заводзіць, заводзіць. Спакваля на зямлю Ноч на крылах сыходзіць, Сэрца, быццам той птах, Спеў заводзіць, заводзіць.пераклад з ангельскай — Ганна Янкута
Да Эолавай арфы (To an Aeolian Harp) Вятры перамаўляюцца з табой І аднаўляюць крык былога гора, Той крык, які цябе кранаў учора: Бяда жанчын, што з Троі выгнаў бой, Стогн Андрамахі, змучанай журбой, Узнесены й рассеяны ў прасторы, У ім — уся пакута і пакора, Бы ў ракавіне — мора і прыбой. Вось так, жывы, гучыць часамі спеў, І ў ім — для тых нязнаны, хто пяе, — Забытых земляў безгалосы прах Крычыць, што не здалеў і не паспеў, І ў горкай скрусе струнам не дае Спакою на раз’юшаных вятрах.пераклад з ангельскай — Ганна Янкута
Сапфо (Sappho) Сыходзіць змрок, глыбокі, як вада, На Лесбасе, аддаленым бясконца, Між дрэваў храмы ў поўневым святле. Схавалі прыцемкі маленькі твар, Ды пакідае цемра літасціва Цяжар салодкі цельца на грудзях. І я — Сапфо? Я бегла праз імглу Ўздоўж хваляў, што накотвалі на бераг, Калі зямлі адхланне нёс прыліў, І, бегучы, пакуль чарнела ноч, Я падала ў знямозе на пясок І трэслася ад ветрыку з-над мора? Самотны ціха марыць пра прыліў, Які пякуча хвалямі цалуе. Мая любоў — без міру, ноч — без сну. Кранаю пену жарснаю рукой, Каханне клічу, што лагодзіць мора, Што робіць мора горкім, быццам смерць. О Афрадыта, як спыню хвалу Табе, па сіле роўнай толькі Богу, То ад таго, што слодыч слоў маіх Збыткоўная ў салодкім існаванні. У сэрцы закаханым — цішыня, Я боль спасцігла і здабыла мір, І гэты мір, Клеіда, у душы. Пяшчотней, чым кранаюць птушаняты, Яна кранае вуснамі мой рот. Ніколі больш у час, калі вясна Запаліцца агнём у клейкім лісці, Не буду я, самотная, збягаць Ад радасці Алкеевых радкоў І слёз, што заглушаюць спеў Эрыны. Ніколі з песняй, што гучыць, як боль, Пад небам бесклапотнае вясны Трымценне й крык зняможанага сэрца Не буду ад любові я хаваць. І помню я, як спрабавала збегчы Ад птушак, што спявалі пра любоў, І, апусціўшы долу погляд свой, Убачыла два цені закаханых, І жарсць вясны ўзяла мяне ў палон. Любоў, не ўратавацца ад цябе І не стаіцца ў схованцы самотнай Ці ў пустцы, дзе няма тваіх слядоў І кветак, што з-пад ног тваіх растуць. Ты розныя прымервала абліччы: І танчыла імкліва між дзяўчат, І чаравала ўсмешкаю Фаона, Анактарыя зведала твой пал, Керкілас быў табой апанаваны, Але ніколі нічыю любоў З маёй любоўю не ўраўнала ты, І мой спакой збягае ад мяне — І сэрца я надзейна замыкаю. Любоў, маё жыццё — лірычны спеў, Любоў, маё жыццё — твой лірны ўздых, Я навучыла свет тваім пэанам — І спеў мой болей не жадаюць чуць.пераклад з ангельскай — Ганна Янкута
© Аляксей Арцёмаў, пераклад, 2010
© Алена Пятровіч, пераклад, 2010
© Андрэй Стэфановіч, пераклад, 2010
© Ганна Янкута, пераклад, 2010