Гімн Афрадыце (Ύμνος προς την Αφροδίτη) Прад табой чало хілю, Афрадыта, Зеўсава дачка – што ў цянёты вабіш; Неўміручая, я малю: ты смуткам Сэрца не рві мне, А сыдзі з вышыняў зноў, як калісьці: Голас мой тады з далячынь ты чула І бацькоўскае пакідала неба, Як я прасіла. Птушкі хіжыя калясніцу неслі Залатую па-над зямлёю чорнай, І раз-пораз лопат магутных крылаў Чуўся ў паветры. Прамяністую, я цябе пазнала – Наўміруча-ўсмешліва і лагодна Ты спытала, што ад цябе хачу я, Што мяне цвеліць, Хто агонь журботы ўва мне раздзьмухаў, І каго багіня замоў любоўных Мне прывесці мае, і хто зрабіў мне Гэтак балюча?.. Ты казала: не заўважае?.. – Ўбачыць! Не бярэ дароў?.. – Сам з дарамі прыйдзе! Не кахае?.. – Дык закахаецца моцна, Хоць і міжволі... Дык сыдзі ж і сёння з прыступак трона: Не дазволь змарнець мне ў журбоце дзікай – У нялёгкай гэтай страшэнна хвілі Дапамажы мне!Роўным богу мне падаецца ў шчасці... (Φάινεταί μοι κῆνος ἴσος θέοισιν) Роўным богу мне падаецца ў шчасці Чалавек, які, гэтак блізка-блізка Седзячы з табой, твой пяшчотны голас Слухае ўважна. І цудоўны смех. У мяне пры гэтым Перастала сэрца б адразу біцца. Як цябе я ўбачу – больш не магу ўжо Вымавіць слова. Мой язык імгненна дранцвее, хваляй Лёгкі жар пад скураю прабягае; Вочы ўжо не бачаць. А вушы чуюць Звон несціханы. Пот з мяне гарачы цячэ, дрыжу я, Ззелянела ўся – ужо нават болей За траву. І маё жыццё нібыта Скончыцца мусіць. Ды цярпі, цярпі: ўжо далёка надта Ўсё зайшло...Поўню пекную атачаюць зоркі... (Ἄστερες μὲν ἀμφὶ κάλαν σελάνναν) Поўню пекную атачаюць зоркі – Твар, што ззяе, бы ў покрыва ўкруцілі, Каб яна адна ўсяму свету поўнай Славай свяціла.Як цячэ з гары ўніз ручай халодны... (αμφὶ δ᾽ ὔδωρ) Як цячэ з гары ўніз ручай халодны, Дык яго чуваць праз галінкі яблынь. І з лісткоў дрыготкіх там сон глыбокі Ціха сыходзіць.Пячора німфаў Да пячоры гэтай хутчэй, крыцяне! І да яблынь, і да свяшчэнных німфаў, Дзе над алтарамі надзвычай слаўна Смоламі пахне. Дзе цурчыць між срэбных галін крыніца Ў халадку, дзе ружаў шацёр цяністы, І дрымота мляўка з лісткоў дрыготкіх Льецца-струменіць. Там на поўным красак поплаве – статак. Павявае водарам траваў вясновых, Слодыч ад анісу йдзе; шчамяліца Ціха ўздыхае. Там Кіпрыда ладзіла ўсё бяседы: Напаўняла зграбнай рукой залатыя Кубкі боскім трункам сваім – нектарам Водарным, пахкім.Да Анактарыі (Οἰ μὲν ἰππήων στρότον οἰ δὲ πέσδων) Конніца – камусьці, камусьці – пяхота, Трэцім – зграбныя караваны суднаў... А як мне, дык на зямлі наймілейшы – Толькі каханы. Згодзіцца са мной той, хто вочы мае. Колькі ўжо Алена мужчын прыгожых Некалі пабачыла – хто ж ёй сэрца Зачараваў так? Жорсткі згубца колісь магутнай Троі... І на ўсё яна забылася ў свеце: Паланіла страсць і дзіця, і маці – Ў вір зацягнула... Розум хісткі мае жанчына – лёгка Нешта можа змусіць яе паддацца, А далёкім ёй стане нават блізкі, Анактарыя. Пра цябе, далёкую, я ўсё ж помню – Пра хаду прыгожую і аблічча, Што мілей мне ад калясніц лідыйскіх З тым іхнім бляскам. Ведаю, што здзейсніцца ўсё не можа На зямлі, як хочаш. Дый доля дружбы Ад мінулай любові – не дасць забыцца, Сэрца натоліць.Люблю – і быццам не люблю... Люблю – і быццам не люблю – І розум страчваю, і не.Раскошу люблю я: прыгажосць... Раскошу люблю я: прыгажосць, Бляск – нібы сонца зіхценне – Чаруюць мяне.Яблык спелы высока чырванее... Яблык спелы высока чырванее – Так высока, за ўсё вышэй; ці ўверсе Вы яго там не ўбачылі? А, можа, Ўсё ж убачылі, ды не дасталі!Пахкі, свежы кроп, о Дыке, пяшчотна спляці ў вяночак... (σὺ δὲ στεφάνοις, ὦ Δίκα, πέρθεσθ᾿ ἐράτοις φόβαισιν) Пахкі, свежы кроп, о Дыке*, пяшчотна спляці ў вяночак І надзень яго – хай кудзер тваіх ён аздобай стане. Бо цябе ва ўборы з кветак убачыць міла Харытам* – Абміне іх позірк тую, што без вяночка ходзіць.Лепш было б, каб памерла я... (τεθνάκην δ᾽ ἀδόλως θέλω) ..................................................... “Лепш было б, каб памерла я...” – Плакала на развітанне яна. Шмат казала, і вось яшчэ: “Лёс, Сапфо, выпаў нам цяжкі, Вось жа, змушана я пакінуць цябе”. Я на гэта ёй у адказ: Што ж, бывай – згадвай пра мяне: Ведаеш, як цябе ўсе любілі мы... Ці забыла? Пойдзеш – згадай! ... Можа, пекнае з памяці Выпала – усё тое, што ў нас было?.. Як з фіялак ды з руж вянком Аздабляла сабе чало, Побач будучы тут вось, каля мяне?.. Як сплятала кветкі, і тым Сплётам шыю дзявочую Абвівала сваю – як найпрыгажэй – І намашчвала водарным Мiравым алеем ды Царскім пахкім бальсанам цела сваё. І на мяккім пухавіку Лежачы, ты сваю тугу Разганяла пяшчотна, прыгожа так... Карагод ці з ахвярай фэст – Анічога быць не магло, Каб не бачылі разам там нас з табой. Не было гаёчку вясной, Дзе б не чуўся пад флейты гук Гоман пекнай бяседы й дзявочы спеў...З вышыняў Сарда... .....................................з вышыняў Сарда* ..............няспынна думкі свае нам шле. І жывучы між нас, быццам багіню, цябе Славіла Арыгнота* – Надта цешыў яе твой цудоўны спеў. Ззяе яна цяпер і між лідыйскіх жанчын: Нібы на познім сонцы Бачны пальцаў ружовых поўні ды зор Водбліск; і поўня лье ў бездань салёных хваль Промні святла й на поплаў, На якім красак шмат – не відаць канца. Росы ляжаць наўкол, ружы чароўна цвітуць, Водар мядова-духмяны Ад канюшыны йдзе; свежы пах травы. З думкаю пра цябе тут вось Атыда* ўсю ноч Поўная смутку, блукае. Сэрца рвецца ў яе ад тугі такой. Кліча яна: “Да мяне! Дзе вы? Хадзіце сюды!” – Толькі той покліч не чутны: Голас глухне ўначы ў шуме хваль марскіх.Вас малю, Кіпрыда і Нерэіды... (Κύπρι καὶ Νηρήιδες, ἀβλάβην μοι) Вас малю, Кіпрыда* і Нерэіды*, Хай вярнуўся б мой брат дадому І жывы і здаровы. І хай яго мары Сталіся б явай. Хай пакаецца за свае правіны – Ворагам на злосць, а сябрам на радасць, Каб ніколі ўжо болей сваю радзіну Не засмучаў ён. Хай павініцца прад сваёй сястрыцай І загладзіць былыя ўсе тыя крыўды, Што неабдумана і беспадстаўна Ён прычыніў ёй...Хай, Кіпрыда, ён стане табе гарчэйшы... Хай, Кіпрыда, ён стане табе гарчэйшы, Хай не будзе больш хваліцца Дарыха*, Што спазнаць зноў любошчы каханка Ёй удалося.пераклад з старагрэцкай – Лявон Баршчэўскі
Каментар:
Дыке – дачка Зеўса і Феміды, якая ўвасабляла справядлівасць. Харыты – Зеўсавы дочкі, багіні прыгажосці, радасці і жаночай прывабнасці. Сард – горад, сталіца Лідыі. Арыгнота – імя дзяўчыны, якая належала да кола Сапфо. Атыда – маецца на ўвазе Андрамеда, якую Сапфо, відавочна, успрымала як сваю суперніцу, бо тая мела сваё кола дзяўчат. Кіпрыда – адно з імён-эпітэтаў Афрадыты. Нерэіды – марскія німфы, дочкі Нерэя і Дарыды; іх звычайна паказвалі як дзяўчат, што забаўляюцца ў марскіх хвалях з дэльфінамі і трытонамі. Дарыха – імя гетэры, звязанай з Хараксам, братам Сапфо.
Пераклады вершаў і фрагментаў “Гімн Афрадыце”, “Роўным богу мне падаецца ў шчасці...”, “Поўню пекную атачаюць зоркі...”, “Як цячэ з гары ўніз ручай халодны...”, “Пячора німфаў”, “Да Анактарыі”, “Люблю – і быццам не люблю...”, “Раскошу люблю я: прыгажосць...”, “Яблык спелы высока чырванее...” упершыню – у “Хрэстаматыі па літаратуры народаў свету ў 2-х частках. Ч. 1. Укл. Л. Баршчэўскага”. – 1995.
Перакладзена паводле: Poetae melici Graeci. Edited by D.L.Page. Oxford University Press, 1962; Lyrica Graeca selecta. Edited by D.L.Page. Oxford University Press, 1968).
© Лявон Баршчэўскі, пераклад, 1995, 2010.
Маё каханьне надта злоснае,
Але спакойны сёньня мой настрой...
Яшчэ раз перапрашаюся.