нумар 9
27 сакавіка 2012

Art Detected

Злачынства, сэр!
Бясчынства, сэр!
За сцэнай
Ключавая рэпліка
Нечаканы паварот
Мышалоўка+разгарнуць
Пераклады пераможцаў "Ператвора"
Бэйкер-стрыт 221b
НАПІСАЛІ ЗАБОЙСТВА
ПЕРАКЛАЛІ ЗАБОЙСТВА
ТЭКСТ

Шарлота Пэркінс Гілман ( Charlotte Perkins Gilman ) 1860 – 1935

Чаму я напісала “Жоўтыя шпалеры” (Why I Wrote the Yellow Wallpaper)



Многія і многія чытачы задавалі мне гэтае пытанне. Калі апавяданне ўпершыню з’явілася ў часопісе New England Magazine у 1891 годзе, адзін доктар з Бостану выказаў свой пратэст у мясцовай газеце The Transcript. Ён пераконваў, што пісаць такія апавяданні нельга, бо яны могуць давесці да вар’яцтва любога, хто будзе іх чытаць.

Другі доктар, здаецца, з Канзасу, напісаў мне, што гэта найлепшае апісанне вар’яцтва на ранняй стадыі, якое яму калі-небудзь даводзілася чытаць, і “перапрашаю, Вы былі там?”

Але гісторыя гэтай гісторыі наступная:

Многія гады я пакутавала на цяжкае і даволі працяглае нервовае расстройства, што часам змянялася меланхоліяй. Прыкладна на трэці год гэтай хваробы я, поўная шчырай веры і надзеі, звярнулася да выбітнага спецыяліста па нервовых хваробах, добра вядомага ў краіне. Гэты мудры чалавек паклаў мяне ў ложак і прапісаў “лячэнне спакоем”. Мой арганізм паддаўся лячэнню так хутка, што доктар вырашыў адправіць мяне дахаты, бо са мною ўжо нібыта ўсё было ў парадку. Да таго ж, ён пільна раіў мне “як мага больш часу бавіць дома”, “прысвячаць інтэлектуальнай працы не болей за дзве гадзіны на дзень” і “больш ніколі ў жыцці не брацца за аловак, асадку ці пэндзаль”. Гэта было ў 1887 годзе.

Я вярнулася дахаты і недзе тры месяцы старанна выконвала прадпісанні, аж пакуль не апынулася на мяжы амаль поўнага псіхічнага краху.

Тады, сабраўшы рэшткі розуму, які яшчэ не згінуў, і дзякуючы сяброўскай падтрымцы, я адрынула парады выбітнага спецыяліста і зноў узялася за працу – працу, што ёсць нормаю жыцця любога чалавека, працу, якая ёсць і радасцю, і сталеннем, і служэннем і без якой чалавек – толькі ўтрыманец і дармаед. І тады нарэшце сілы зноў пачалі вяртацца да мяне.

Прыемна ўзрушаная сваім збавеннем, я напісала “Жоўтыя шпалеры”, крыху перабольшваючы і згушчаючы фарбы, каб перадаць галоўную ідэю (у мяне ніколі не было галюцынацый ці візуальных асацыяцый, народжаных шпалерамі), і даслала копію доктару, які ледзь не давёў мяне да вар’яцтва. Ён так і не пацвердзіў, што яе атрымаў.

Гэтая маленькая кніга знайшла водгук сярод псіхіятраў, а таксама была прызнаная літаратурным творам. Наколькі я ведаю, яна выратавала прынамсі адну жанчыну ад лёсу, вельмі падобнага да майго. Кніга так напалохала яе сям’ю, што жанчыне дазволілі вярнуцца да звычайных заняткаў. І яна ачуняла.

Але найлепшы плён апавядання – у наступным. Праз шмат гадоў я даведалася, што той вялікі спецыяліст прызнаўся сваім сябрам, што змяніў спосаб лекавання неўрастэніі, прачытаўшы “Жоўтыя шпалеры”.

Апавяданне не мела мэтаю давесці некага да вар’яцтва, а наадварот, было створанае, каб абараніць людзей ад спробаў іншых зрабіць гэта. І ўсё атрымалася.

Артыкул быў упершыню надрукаваны ў кастрычніцкім нумары The Forerunner за 1913 год.


© Юля Цімафеева, пераклад, 2010

пераклад з  ангельскай   –   Юля Цімафеева
  • [LJ]Дадаць у ЖЖ
пакінуць каментар