нумар 9
27 сакавіка 2012

Art Detected

Злачынства, сэр!
Бясчынства, сэр!
За сцэнай
Ключавая рэпліка
Нечаканы паварот
Мышалоўка+разгарнуць
Пераклады пераможцаў "Ператвора"
Бэйкер-стрыт 221b
НАПІСАЛІ ЗАБОЙСТВА
ПЕРАКЛАЛІ ЗАБОЙСТВА
ТЭКСТЫ

Лідзія Вадкерці-Гаварнікава (Lýdia Vadkerti-Gavorníková) 1932 – 1999

Трыванне Вершы



Сугучча

(Súzvuk)


Калі падыходзіш да мяне
як да песні даўняй
словы якой ты з часам забыў

я раблюся навязлівым напевам
і спяваю цябе фальшыва

Калі падыходзіш да мяне
як да загадкі
сэнс якой ты даўно разгадаў

я раблюся галаваломкай
рэбусам для самой сябе

Калі падыходзіш да мяне
як да чыстай старонкі
на якой пішаш верш пра мяне

я раблюся вершам пра цябе
і ведаю сябе на памяць



Ліст

(List)


Я паслала табе ўчора ліст
які сёння да мяне вярнуўся

Калі б я сказала што ён быў сумным
гэта магло б прагучаць як дакор
і не было б такім важкім

Аднак каб маё слова не было для цябе
легкаважным
я дадам што ліст быў паважлівым

Галоўнае што я цябе ў ім папярэдзіла
калі ты зусім выпадкова
знойдзеш дзе-небудзь збан
а каля яго камень
звярні ўвагу на тое
каб яны не сустрэліся

Ці то камень у збан
або збан у камень
у любым выпадку гэта будзе віно
якое пралілося марна

Гэта я напісала табе ў лісце
які сёння паліты віном да мяне вярнуўся
як адказ



Карціна

(Obraz)


Гэты букет
уласна толькі карціна
адзін з незлічоных букетаў
і ад расквітнелай вазы
якая няспынна поіць
намаляваныя кветкі
няіснай жывою вадой
даўно ўжо не засталося ні чарапка

Але кветкі ўсё ж не вянуць
вада не старэе
квецень і ваза жывяць адна адну
тым часам як я вяну ў няспынных змяненнях

Гадамі я прыглядаюся
як гэта ўдаецца карціне
і паступова пачынаю разумець
што такое цуд

Але яго можна пазбавіць жыцця
адным бяскрыўдным мазком пэндзля



Багі

(Bohovia)


Яны збудавалі сабе трон
у найцямнейшым куце нашай падсвядомасці

Толькі як усёведныя
яны ўсё ж мусілі хаця б прадбачыць
што аднойчы мы пасвецім у куты

Ці можа мы былі нявартымі
іхных вялікіх намаганняў?..

За пакуту багі будуюць цяпер троны
на самым сонцы
і для нас



Мяжа

(Rozhranie)


На гэтым месцы
і ў гэты момант

у век
які ўжо асвойвае права
хваліць дзень перад вечарам
яшчэ не перастаўшы спадзявацца
на мудрасць заўтрашняга ранку

на месцы
якое адбілася на тваіх далонях
на падэшвах і на каленях
і таму ты можаш узяць з яго столькі
колькі сабе забірае ўробленая ралля
з поту свайго аратага

у момант
які табою цікавіцца
засяроджаны ў адзіным семі
ён мабыць змог бы змясціцца
паміж двух роднасных удараў
пары чужых сэрцаў
каб прыносіць плады

у імгненне
вызначальнае для цябе
яно раскладзена на плады
і мабыць магло б напоўніць
нават бясконцасць замкнёную
ў тоесным руху
паміж калыскай і звонам

і ў век
які ўжо ўсвядоміў
на шматстайнай разлозе вады
што ён нават не прыгубіў
з усіх крыніц
і таму спадзяецца аддана
на глыбокі глыток
з адзінай пітной студні

на гэтым месцы
у гэты момант
і ў гэты век
спакойна пастой
у цішыні
і пашукай сябе ў творы
ўласных дзён

Пераклад са славацкайСвятлана Богуш



Вершы ўзятыя са зборніка “Трыванне” (Trvanie, 1979).


© Lýdia Vadkerti-Gavorníková, спадкаемцы, 2010

© Святлана Богуш, пераклад, 2010

Vadkerti-Gavornikova_vershy.pdf Vadkerti-Gavornikova_vershy.doc

  • [LJ]Дадаць у ЖЖ
каментары
Vitaliya напісаў(ла) 09:45:44, 27.09.2010
Славацкая.... Малайчынка, што не здалася, як я, а ўсё ж такі давяла да канца курс славацкай. Зараз я магу ганарыцца, што ведаю чалавека, які выдатна перакладае са славацкай мовы!
пакінуць каментар