Бакас — гаспадар вады, а пустальга — толькі настаўніца танцаў.
Бананавае дрэва падобнае да чалавечага грамадства: маладыя аддаюць чэсць старэйшым, а старэйшыя даюць цень маладым.
Бананавае дрэва, пакалечанае быкамі, выпростваецца не адразу.
Бесталковы, як папугай: любіць плады, а яшчэ больш — далёкія.
Бог стварыў кракадзіла не за прыгажосць, а за жорсткасць.
Вецер не вырывае пахілых дрэў.
Вецер — ногі агню, язык — дурнеў розум.
Вожык не вінаваты, што ў яго маленькія вочы.
Вугры і не падазраюць, што ў вадзе іх можна зварыць.
Галодны кракадзіл не трымаецца ўгавору пра ненападзенне.
Гоман і чуткі належаць старым жабам, вада — апалонікам.
Градзіна не праб’е чарапашын панцыр.
Гэта птушкі забываюцца пра пастку, а пастка пра іх — ніколі.
Два быкі не ўжывуцца ў адной загародцы.
Добрыя адносіны не павінны быць як тутавыя плады: пахнуць прыемна, а ўсярэдзіне — чарвівыя.
Дрэва амбіяці мае сэнс, бо яно падказвае людзям пачатак сезону дажджоў.
Дурны, як сараканожка: столькі ног, а поўзае.
Дурны, як саранча: да старасці скача і скача, маючы крылы.
Загінула дрэва, бо занадта гонкае.
Загубіла птушку прыгожае пер’е.
Залішне даверлівы, як карова, якая тыцкае мызай соннага кракадзіла.
Змагаецца з навальніцай, як кукурузная барада.
Змяя, якую забіваюць, не мае рук, каб абараніцца, яна проста чакае адплаты за сваю смерць.
І пустальга танцуе не без прычыны.
Калі б’юцца быкі, на бойку кароў не глядзяць.
Калі б’юцца пад месяцам, лысаму перападае больш.
Калі жабы сядзяць, дык падобныя да старых людзей, калі скачуць — падобныя да маладых.
Калі пацук цягае за вусы соннага ката, ён шукае смерці.
Калі сабака гыркае, ён бароніць не сваё.
Калі стаміўся лавіць вялікую саранчу, няма сэнсу лавіць малую.
Калі ў вугра шмат ран, дык гэта таму, што ён часта вылузваецца.
Камень, кінуты ў вераб’я, не баіцца, што асыплецца рыс.
Камяні ў студні не спрачаюцца за месца.
Кожная яшчарка ратуе свой хвост.
Косяць асаку, а чарот хвалюецца.
Кракадзіл вітае вас не таму, што вас любіць, а таму, што вас баіцца.
Кукуруза лічыць, што да яе чапляецца гарох.
Лепш ісці павольна, як квактуха, чым спяшацца, як кураняты.
Любіце, як любяць крабаў: іх ядуць з лапкамі.
Малады папірус, бананавае дрэва і зялёная пальма вельмі прыгожыя: як зацвітуць, здаецца, яны вечныя.
Марыць, як вугор у вадзе.
Нават на голай вяршыні расце трава.
Найпрыгажэй ходзяць куры, але і яны адхіляюцца, ідучы супроць ветру.
Нашкодзіў дзікі кот, а хвост адсеклі свойскаму.
Не будзьце як цукровы трыснёг: сцябло салодкае, а верхавінка нясмачная.
Не выгінайся, як чарвяк, калі нечага просіш.
Не глядзі, ці вялікі пацук, глядзі, ці малая мыш.
Не грэе, як далёкае вогнішча.
Не давярай кату, калі ў хаце ёсць рыба.
Не кахайце, як маладзік, а кахайце, як поўня.
Не крыўдзіце маладую авечку — яшчэ невядома, хто прывядзе двайнятак.
Не любіце, як любяць жавальны тытунь: рана ці позна яго выплёўваюць.
Не праз вусеняў гароху не сеюць.
Не рабіце, як са сцяблом арахісу: яго выкідаюць, а ён жа — крыніца ўраджаю.
Не само возера каламуціцца, нехта яго каламуціць.
Няма больш жорсткай жывёліны за дзіка, але і ён лагодзіцца, як свіння, калі дападзе да рысавых высевак.
Няма нікога дурнейшага за курыцу: кожны вечар яна сама вяртаецца дамоў.
Няма нікога дурнейшага за свінню: каб выйсці, яна паказвае лычам дарогу.
Пагрозлівы, як папараць: не паспела з зямлі вылезці, а ўжо кулакамі размахвае.
Падумалі на пустальгу, а куранят крадзе шуляк.
Паляўнічы сабака не цікавіцца свойскай цацаркай.
Папірус адзін не расце, ён любіць гоман.
Певень кліча квактуху не каб паказаць ёй зерне, а каб зрабіць ёй гонар.
Праўда — як агонь: і схаваная гарыць.
Простыя дрэвы растуць толькі ў лесе.
Пры чым тут сякера, калі дрэва ўпала само.
Пчолы, паміраючы, пакідаюць мёд.
Рабі як хамелеон: адным вокам зіркае наперад, а другім назад.
Рабіце як куры: выпіўшы глыток, яны задзіраюць галовы, каб падзякаваць небу.
Робіць выгляд, што не бачыць, як сабака гарачую поліўку.
Робіць што хоча, як дзікі кот, калі паблізу няма людзей.
Сабака брэша не ад сілы, а ад страху.
Сабака шчэрыць зубы не ад смеху.
Сабачая дружба — да першай косткі.
Салату не абавязкова замяняць салатай — можна і мясам.
Скачы, пустальга, і мы возьмем з цябе прыклад, сабраўшы ўраджай.
Сонца і месяц — як маці і бацька.
Сонца пячэ, а злосці ні на кога не мае.
Стары смоўж не баіцца вялікай качкі.
Сякера без тапарышча шукае дрэва, пірога без якара шукае плыні.
Узбунтаваная рака разбурае грэблю, узбунтаванае сэрца разбурае дружбу.
Хваліцца, як сабака, ідучы на кірмаш.
Хто мае злосную жонку, той трымае ў хаце маланку.
Хто трымаецца разам, падобны да скалы, хто не мірыцца — да пяску.
Чалавецтва — як бананавае дрэва: кветкі дзівяцца ўгору, а плады — уніз.
Шмат вандруе страказа, а памірае ў яры.
Што да нырання ўніз галавой, дык гэта найлепш робяць качкі.
Што курыца знойдзе, тое ёй і вячэра.
Як вада на камені: блішчыць, а ў прыгаршчы не збярэш.
Яйка не будзе біцца з каменем.
Як бульбіна: не паспееш добра пажаваць, а ўжо і з’елася.
Як вінаградная лаза: чым больш яе абразаеш, тым больш яна разрастаецца.
Як гарох за ракой: чым больш яго лаеш, тым лепш ён расце.
Як дзік: з галадухі і камароў хапае.
Як дзік: схаваўся ў яму і не бачыць, што пачынаецца навальніца.
Як конікі: пакуль малыя, трымаюцца разам, а як выраслі — разляцеліся.
Як матылькі, зачараваныя полымем, не думаюць пра небяспеку.
Як папірус: просты, але кволы і вузлаваты.
Як певень, адзін на ўсю вёску: няма з кім пабіцца, а ён ўсё роўна лопае крыламі.
Як рыбіна ў вяршы: і ў палацы, і няшчасная.
Як сцябло гарлачыка: ірвеш — яно простае, прынясеш дадому — скручанае.
Яшчэ ўчора тут была сцежка, а сёння — глыбокі роў.
Як цень: ніколі нас не пакідае, а не спадарожнік.
Як чарот: звонку просты, а ўсярэдзіне перагароджаны.
Упершыню надрукавана ў часопісе “Далягляды”, 1984.