Ніколі не кладзіце гасцей спаць на кухні, інакш у вас будуць вялікія непрыемнасці.
А Туту звычайна гэтак і рабіў. Лічыў, што гэта добра, бо на кухні цёпла. Але аднаго разу ў яго начаваў чалавек, які вельмі дасціпна пажартаваў з гаспадара.
Гэты чалавек звечара лёг спаць, а апоўначы ўстаў і пачаў раскідваць усё, што было на кухні: талеркі, лыжкі, відэльцы, сурвэткі, а таксама рэшткі ежы.
Не паспеў праспяваць першы певень, як госць развітаўся з гаспадаром і пайшоў невядома куды.
Калі раніцай гаспадыня ўвайшла на кухню, дык ледзь не самлела ад такога вэрхалу. Яна сказала мужу, што ў іх начаваў вядзьмар. Муж згадзіўся, і яны пачалі разам выкідваць на вуліцу рыс, чысціць катлы, паліць абрусы і сурвэткі. Пасля паклікалі вясковага ведзьмара, каб той выгнаў з кухні злых духаў.
Праз тыдзень гэты самы вандроўнік зноў завітаў да іх. Гаспадыня адразу пазнала яго, але не падала выгляду. Яна папярэдзіла мужа, і той загадаў ён трымацца далей ад ведзьмара.
Вандроўнік заўважыў насцярожанасць гаспадароў, але толькі ўсміхаўся сабе ў вусы.
Нарэшце гаспадар не вытрымаў і загаварыў першы:
— Паслухай, гэта ты начаваў у нас тыдзень назад і ўчыніў на кухні гэтакі рэзрух?
А гаспадыня пачала лаяць вандроўніка апошнімі словамі.
— Ён, ён, мяне не падманеш! — крычала яна.
Чалавек толькі гэтага і чакаў.
— Але, — адказаў ён, — начаваў я ў вас, дарагія гаспадары. Вы сустрэлі мяне ветліва, нічога не скажаш: добра накармілі, далі прыгожую цыноўку. За гэта я і нарабіў вам непарадку на кухні. Растлумачыць чаму? А вось: не кладзіце ніколі гасцей спаць на кухні! Бо там вада, якую вы будзеце піць, рыс, які вы будзеце есці, посуд з ежаю… Вы занадта даверлівыя і наіўныя, таму я вырашыў правучыць вас.
Даю вам добрую параду: у вас павінны быць два пакоі: адзін — для вас, а другі — для гасцей, дзе вы пакінеце толькі самае неабходнае для сну. Трэці ж пакой — кухня — павінен быць святым месцам. Каб туды ніхто не заходзіў, акрамя жонкі і вашых дзяцей, інакш...
Тут жанчына пляснула ў далоні і пагардліва паглядзела на мужа:
— Дык ты зразумеў, што нам раіць гэты добры чалавек? Колькі разоў казала табе, лайдак, што ў нас павінны быць тры пакоі! Не менш за сотню разоў паўтарала, а ты і слухаць не хацеў! Але нарэшце гэты чалавек правучыў нас. Дзякуй вам, — сказала яна незнаёмаму, — вы вельмі добра зрабілі.
Так што не дазваляйце вашым гасцям спаць на кухні, а то і з вамі можа здарыцца нешта падобнае.
Дарэчы, што вы думаеце пра гаспадыню? Магу пабажыцца, што не соладка жывецца таму, у каго такая жонка. Праўду я кажу ці не?
Адразу ж пасля нараджэння дзіцяці кожная маці з племені рангунала купаецца ў рацэ. Чаму гэтак? А вось гісторыя.
Аднойчы вудзіў чалавек рыбу і раптам выцягнуў з вады багаты пасаг маладой. Рыбак закінуў вуду яшчэ раз, і каго б вы думаеце злавіў? ІІрыгожую жанчыну!
— Ух ты! — усклікнуў ён, праціраючы вочы, і спытаўся: — Хто ты такая?
— Я Санера, твая жонка, — адказала жанчына, ласкава ўсміхнуўшыся.
— Цудоўна, — сказаў мужчына і, шчаслівы, павёў Санеру дадому.
Па дарозе жанчына папярэдзіла яго: “Толькі нікому не хваліся, што злавіў мяне вудаю, інакш я пакіну цябе назаўсёды і зноў вярнуся ў ваду”. Мужчына абяцаў маўчаць.
Рыбак прывёў жонку ў вёску, і яны шчасліва зажылі разам. У іх нарадзілася пяцёра дзяцей. Рыбак разбагацеў. Было ў яго амаль дзве тысячы галоў жывёлы, пяць гектараў рысавага поля, плантацыі маніёкі. Але, на жаль, у яго з’явілася дрэнная звычка: пачаў заглядваць у чарку. А п’янства, як вядома, развязвае язык. Наш гаспадар пачаў хваліцца прыгажосцю сваёй жонкі і асабліва яе руплівасцю.
— Ты ніколі не паверыш, — сказаў ён неяк свайму сябру, — што аднаго разу я закінуў вуду на карпа, а злавіў маю цудоўную Санеру.
Жонка пачула гэта, схапіла трох дзяцей і кінулася ў ваду.
Калі хмель выветрыўся, чалавек зразумеў, якую памылку зрабіў, і ледзь не звар’яцеў ад гора.
3 таго часу і ўзнік гэты звычай — купацца ў рацэ пасля нараджэння дзіцяці. Што ж да мужчын, то ў былыя часы яны не пілі гарэлку і ўмелі маўчаць.
Раней Туту і Ндзукіні не маглі жыць адзін без аднаго. Але аднаго разу яны пасварыліся, і сяброўству настаў канец. Цяпер яны жывуць што кот з сабакам: пры кожнай сустрэчы — дзікі позірк і пена на вуснах.
Кожны меў аднаго сына, тыя сябравалі.
Але пасля сваркі Туту пачаў баяцца, што яго сына могуць атруціць, а Ндзукіні не верыў больш у шчырасць сям’і Туту. Аднак абодва хлапчукі гулялі кожны дзень разам.
— Трэба пакласці іх сяброўству канец, — сказаў неяк жонцы Туту.
Ён параіўся з адным хітрым чалавекам і добра заплаціў яму.
На наступны дзень сябры зноў гулялі разам, як раптам перад імі ўзнік незнаёмы чалавек. Ён пачаў хадзіць узад-уперад, спыніўся, вярнуўся, зноў пайшоў насустрач хлапчукам... Калі да іх заставалася крокаў дваццаць, незнаёмы спыніўся што ўкапаны.
— Можна вас на хвіліначку? — сказаў ён сыну Туту. Той нясмела падышоў да незнаёмага. Калі яны адышліся крыху ўбок, чужынец пачаў жэстыкуляваць, тупаць нагамі, пляскаць у далоні, пасля па грудзях, нарэшце ўскінуў адну руку да неба і коса зірнуў на сына Ндзукіні.
Сын Туту здзіўлена паглядзеў на незнаёмага і прыняў таго за вар’ята, бо нічога не зразумеў з яго жэстаў. Хлопчык успыхнуў ад сораму. I, вярнуўшыся да свайго сябра, растлумачыў яму, што не ведае, чаго дамагаўся ад яго незнаёмы.
— Ты хлусіш, — пакрыўджана сказаў сын Ндзукіні. — Не лічы мяне за дурня: вы гаварылі пра мяне, ён нават пальцам на мяне паказаў. Я бачыў, як ён тупаў нагамі і ўзнімаў да неба руку. А ты таксама пазіраў на мяне падазрона. Не хлусі, вы гаварылі пра мяне, рыхтуеце нешта супраць мяне...
Вось так і пасварыліся двое сяброў. Кажуць, з таго часу людзі з племені цыміхеці не.любяць шаптацца ў прысутнасці сяброў.
Малоць языком — вельмі шкодна. Пра гэта сведчыць гісторыя, якая здарылася з Раманампехелуха.
Аднаго разу ў караля прапала яго любімая козачка. Усе добра ведалі гэту хітрую жывёліну з жывымі вочкамі, кучараваю бародкаю, крывымі рожкамі, якія заўсёды шукалі, каб некага падчапіць. І вось гэтая козачка прапала. Яе шукалі ўсюды, але не маглі знайсці.
— У мяне поўны рот казінай поўсці, — неяк пажартаваў сярод сваіх сяброў Раманампехелуха. Гэтыя словы разнесліся з хуткасцю маланкі. Жарт выклікаў у караля падазрэнне, і той паслаў па Раманампехелуха варту.
— Гэта ты ўкраў маю казу? — спытаў кароль у бедалагі.
— Я? — здзівіўся Раманампехелуха.
— Але, ты! — злосна паўтарыў кароль.
Як ні адмаўляў Раманампехелуха сваю віну, кароль стаяў на сваім. Паклікалі ведзьмароў. Тыя завялі балбатуна да ракі, што кішэла кракадзіламі. У той дзень іх сабралася асабліва шмат.
Уявіце: на вас, разявіўшы свае агідныя пашчы, пазіраюць тысячы кракадзілаў.
— Лезь у ваду! — загадалі ведзьмары. — Калі не вінаваты, дык кракадзілы цябе не крануць.
Раманампехелуха закалаціўся ад страху і сказаў, што заплаціць за казу. Ён аддаў каралю дзевяць самых тлустых быкоў.
Прайшлі гады. Памёр кароль, памерлі ведзьмары. Стала вядома, хто ўкраў каралеўскую козачку. Быў гэта зусім не Раманампехелуха. Тым горш для яго.
Так што трымайце язык за зубамі, а то і з вамі можа такое здарыцца.
— Я не тое што ненавіджу жанчын, але скажу: усе яны — нясціплыя, за гэта трэба іх караць адсячэннем галавы.
Так казаў мне адзін чалавек, якога я палічыў спачатку за вар’ята.
Але ён даводзіў сваё:
— Трэба ўсім жанчынам адсекчы языкі...
Каб скончыць з гэтаю размовай, я спытаўся ў яго, чаму ён так настроены супраць жанчын.
— О, — адказаў ён, — ты толькі паслухай гэтую гісторыю.
Аднаго разу гуляў Цікіфу па лесе і знайшоў чалавечы чэрап, які загаварыў з ім. Цікіфу вельмі здзівіўся, а пасля пачаў распытваць.
Чэрап ахвотна расказаў пра мінулае жыццё свайго гаспадара, параіўшы Цікіфу нікому не казаць пра іх гутарку.
Вярнуўшыся дадому, Цікіфу не стрымаўся, пайшоў да караля і расказаў пра здарэнне. Кароль быў вельмі жорсткі. Ён сказаў, што адсячэ Цікіфу галаву, калі той хлусіць.
Цікіфу павёў караля з вартаю ў лес. Чэрап ляжаў на сваім месцы. Кароль і прысутныя сталі задаваць чэрапу пытанні. Чэрап маўчаў. Тады Цікіфу закрычаў:
— Як, ты не пазнаеш мяне? Мы ж нядаўна гутарылі!
Але чэрап нават з месца не скрануўся. Кароль разгневаўся і загадаў адсекчы хлусу галаву. Калі акрываўленая галава Цікіфу пакацілася па зямлі, чэрап сказаў:
— Ты загінуў праз сваю нясціпласць.
Я сказаў суразмоўцу, што ягоны расказ жахлівы, але не бачу сувязі паміж чэрапам, Цікіфу і жанчынамі.
А мой суразмоўца дадаў, што жанчыны вельмі нясціплыя, што ўсе яны заслугоўваюць долі Цікіфу. Ён казаў яшчэ нешта, але я пайшоў сваёй дарогаю. Пасля я даведаўся, што гэты чалавек ажно тры разы разводзіўся з жонкамі і кожны раз па сваёй віне.
Вось гісторыя, якую расказаў мне адзін стары з Амбалавялуна.
Тэту лічылі нябожчыкам цэлыя два дні. Ён ужо ўбачыў святога Паўла з яго ключамі да раю і з вялікаю кнігаю, у якой запісаныя ўсе людскія грахі. Ён сустрэў сяброў і знаёмых, якія пакінулі гэты свет раней за яго. Але тут высветлілася, што памёр ён памылкова, і бог загадаў яму пакінуць салодкае жыццё на небе, каб зноў вярнуцца на зямлю, да злосных і прадажных людзей. А ў абмен за страчанае шчасце бог надзяліў яго здольнасцю разумець птушыную мову. Тэту вярнуўся на зямлю больш вясёлы і жвавы, чым быў дагэтуль.
Неяк ягоная жонка абдзірала рыс у ценю мангавага дрэва. Муж падышоў, сеў побач. Уверсе на галінцы дрэва спявала птушка. Тэту разумеў, пра што яе спевы, і адчуваў вялікую асалоду. Нават засмяяўся ад шчасця. Калі жонка спытала, што з ім, Тэту не адказаў. Тады яна ўзлавалася на яго і стала збіраць свае рэчы, каб пайсці з дому. Тэту спужаўся, што застанецца без жонкі, і ўсё расказаў ёй. І адразу ж знямеў, бо парушыў божы наказ.
3 таго часу цыміхеці не імкнуцца разумець птушыную мову. А шкада.
Жылі раз тры браты: Ікутулахі, Імбахітра і Імпанунга. Аднаго разу яны паспрачаліся, хто з іх старэйшы. Метрык тады не было, старыя людзі не маглі ўспомніць, хто з братоў калі нарадзіўся, дык хлопцы пачалі шукаць іншае рады.
Надумалі браты збудаваць пірогу. Вы, напэўна, ведаеце, як гэта робіцца?
Калі яны выдзеўблі ў тоўстым бервяне глыбокую нішу, нечакана пачалася навальніца. Вада імгненна напоўніла пірогу. Нарэшце дождж скончыўся, і браты ўбачылі ў пірозе дзесяць вугроў. Адзін нават пачынаў класці ікру.
А калі ўжо мальгаш зловіць вугра, дык у галаве ў яго толькі адно: падсмажыць рыбіну ды з’есці. Гэтак браты і зрабілі.
Падсілкаваўшыся, яны зноў узяліся за працу. Пірога была ўжо зробленая, і трэба было вартаваць яе. Вырашылі, што той, хто засне першы на варце, і будзе лічыцца самым малодшым.
Неўзабаве задрамаў Імпанунга. Браты трасянулі яго за плечы і спыталі:
— Ты ўжо спіш?
Імпанунга прачнуўся і адказаў, што ён не спаў, а думаў пра тое, як гэта ручай ператвараецца ў шырокую раку, па якой плаваюць пірогі. Казаў, што яго цікавіла тая невядомая сіла, якая павялічвала колькасць вады.
Другім задрамаў Імбахітра.
— Ты не спіш? — спытаўся ў яго Імпанунга.
— Не, — адказаў той, — я проста думаў, чаму гэта куранят лічаць курынымі дзецьмі, хоць спачатку на свет з’яўляюцца яйкі. Яны і ёсць дзеці, а кураняты ўжо ўнукі, ці ж не так? Вось пра гэта я і думаў, калі вы мяне перапынілі.
Браты прабылі ў лесе добрыя пяць месяцаў, але так і не даведаліся, хто з іх старэйшы. Кінулі недабудаваную пірогу і рушылі ў родную вёску.
Па дарозе назад яны спыніліся ў адной хаце адпачыць. Ікутулахі сеў на крэсла, Імпанунга — на канапу, а Імбахітра — прываліўшыся да сцяны, на падлогу. Вырашылі весці размову да позняе ночы, пакуль не засне самы малодшы.
Імбахітра задрамаў першы. Але ён сядзеў і не хроп, і браты не заўважылі, што ён спіць, бо ведалі: не аматар ён пачасаць языком. Хутка Ікутулахі зваліўся сонны з крэсла, і яго абвясцілі самым малодшым. Імпанунга, добра ўладкаваўшыся на канапе, схіліў галаву і пусціў сліні. Неўзабаве сусед разбудзіў яго.
Такім чынам, браты прызналі самым старэйшым Імбахітра. Ён вельмі радаваўся гэтаму, бо меў цяпер права есці курыны пупок, гаварыць ад імя астатніх і, што самае галоўнае, — ягоную ношу мусілі насіць малодшыя браты.
Якая ж тут мараль? Мне здаецца, гэтым людзям не хапала зусім малага: розуму.
Аднаго разу галубка ўзляцела высока ў неба, каб убачыць, што там за аблокамі. Яна падымалася ўсё вышэй і вышэй, пакуль не спаткала нарэшце дзікага галубка, якога прыняла за сваяка, і пачала з ім гутарыць. Галубка расказала галубку, што на зямлі шмат мошак, зярнят, вады, у той час як на небе нічога няма.
Галубок паслухаў яе і вырашыў наведаць цудоўную, казачна багатую зямлю, паспытаць лёгкага і прыемнага жыцця.
— Калі ты вяртаешся ўніз? — спытаў ён галубку.
— На золку, — адказала тая.
— А мне можна з табою?
— Вядома!
О, каб бачылі б вы, як яны зніжаліся, дружна прабіваючы аблокі, і ляцелі да хмызняку на схіле гары! А як гэтыя шчаслівыя птушкі радаваліся ценю! Кожная ўсхваляла на свой лад шчасце і волю. Калі б гэта былі людзі, дык не мелі б яны сумневаў пра хараство жыцця на гэтым свеце...
Але пакуль нашы сябры размаўлялі на сваёй птушынай мове, нейкі хлапчук дзьмухнуў у сарбакан, і малюсенькая страла параніла галубку лапку. Перапужаная да смерці галубка пакінула свайго сябра. Галубок ледзь не стаў здабычаю хлопчыка. Схаваўшыся ў густой траве, ён сумна разважаў пра свой гаротны лёс...
“Ах, — думаў ён, — колькі зла на зямлі...”
І тут на яго накінуўся пітон. Зноў галубок дзівам уратаваўся ад смерці. Нарэшце ён узляцеў на вершаліну высокага дрэва і хацеў адпачыць, але тут яго ўкусіла за параненую лапку мурашка, пасля аса!
Урэшце паблізу замычаў вялізны бык і, наставіўшы страшэнныя рогі, рынуўся на дрэва, на вершаліне якога сядзеў бедны галубок...
Параненая птушка знайшла ў сабе сілы, каб узмахнуць крыламі. Яна ўздымалася ўсё вышэй і вышэй у неба, да сваіх родных. Расказы пра свае нягоды ўнізе яна закончыць словамі: “Цяжка жыць на зямлі”.
Жылі-былі дзве тэнтэны, муж і жонка, і сябравалі яны з дзіком. Птушкі зрабілі гняздо, куды гаспадыня клала яйкі.
Аднаго разу пайшоў моцны дождж, і дзік папрасіў сяброў даць яму прытулак.
— Наша хатка малая на цябе, — адказалі птушкі і папрасілі ў дзіка прабачэння.
— Дазвольце хоць адно вока схаваць ад дажджу, — не адставаў дзік.
— Гэта немагчыма, ты разбурыш нашае гняздо і раздушыш яйкі.
Дзік раззлаваўся, наступіў на гняздо, раскідаў яго лычом, пабіў усе яйкі і, задаволены, пайшоў прэч.
Птушкі маўчалі.
“Што могуць зрабіць яйкі супраць скалы?” — падумалі яны.
Але бойцеся маленькіх, калі тыя маўчаць і разважаюць. Абедзве тэнтэны пакінулі родныя мясціны і паляцелі далёка-далёка. Неўзабаве яны ўбачылі рысавае поле, што зелянела ў даліне. Птушкі ведалі, што дзікі вельмі любяць малады рыс. Яны вырвалі некалькі сцяблінак і прынеслі іх дзіку. Дзік спытаўся ў іх, дзе яны гэта ўзялі. Тэнтэны адказалі і паказалі, як трэба ісці да рысавага поля. Дзік пайшоў на тое поле і трапіў у пастку, пастаўленую гаспадаром поля.
— Дапамажыце мне, — прасіў дзік птушак, якія назіралі за ім.
Але тэнтэны адказалі:
— Памятаеш, як ты раскідаў наша гняздо і раздушыў яйкі? Твая сіла прымусіла нас прамаўчаць, тваё ж дармаедства загубіла цябе. Бывай!
Што выкрывае гэтая легенда? Дармаедства? Не толькі.
— Моцныя гэтага свету, — павучае яна, — прымушайце гаварыць вашы гарматы, разбурайце мой дом, адбярыце маё поле, быдла, парушайце чаконы, ешце ад пуза... Я схаваюся, бо я слабы... Але я разважаю... Я такое ж божае стварэнне, як і птушачка тэнтэна.
Неяк адзін стары садзіў маніёку на беразе возера, якое кішэла кракадзіламі. Тут яго падпільнаваў і схапіў упоперак цела сваёю страшэннаю пашчаю кракадзіл. Трымаючы дзеда ў зубах, ён поўзаў па беразе возера, каб пахваліцца сваёю здабычаю.
Першы спаткаўся яму каршун. Кракадзіл спытаўся ў яго:
— Скажы, брат мой, ці павінен я з’есці гэтага старога?
— Безумоўна, — адказаў каршун, — гэты вар’ят шпурляе ў мяне камяні кожны дзень, як толькі я наважуся красці ў яго куранят. Не шкадуй, забі яго, гэта будзе справядліва.
— Добра, — сказаў кракадзіл і папоўз далей. Неўзабаве ён сустрэў дзіка.
— Ага, папаўся, — злосна сказаў той, маючы на ўвазе старога. — З’еш яго, сябра, з’еш гэтага дзівака, які з ранку да вечара ганяецца за мною з кап’ём, забіць мяне хоча, я ж харчуюся адной маніёкаю.
— Добра, — сказаў кракадзіл і рушыў далей.
Па дарозе ён сустрэў мурашку. На пытанне кракадзіла, што рабіць са старым, тая адказала:
— Расцісні яго, пачынаючы з галавы. О, колькі маіх сваякоў загінула пад нагамі гэтага злодзея! Хоць бы раз ён папрасіў у нас прабачэння. Як я буду рада, калі ён памрэ!
Ад радасці мурашка пачала танцаваць.
— Добра, — сказаў кракадзіл і папоўз далей, увесь час моцна трымаючы бедалагу ў пашчы.
Неўзабаве яму сустрэлася старая жанчына.
— Ха-ха-ха, — засмяялася яна, убачыўшы старога ў пашчы ў кракадзіла. — Наш суддзя будзе рады пазбавіцца ад лішняй работы, калі на гэтым свеце стане на аднаго злодзея менш. — І яна зноў зарагатала на ўсё горла.
— Ты таксама лічыш, што яго трэба з’есці? — спытаўся кракадзіл.
— Вядома, — адказала старая жанчына.
Кракадзіл папоўз далей. Раптам дарогу яму перабег сабака. Кракадзіл крыкнуў таму наўздагон:
— Гэй, чакай, дай мне параду, ці есці мне гэтага чалавека?
Сабака спыніўся і разважліва сказаў:
— І праўда, добрая здабыча трапіла да вас. Вы ж ніколі яшчэ не каштавалі чалавека. Таму трэба як след парадавацца гэткай удачы, добра пасмяяцца, перад тым як з’есці яго.
— Гу-гу-гу, — глуха засмяяўся кракадзіл, не расціскаючы зубоў.
— Ну, гэтага мала, — сказаў сабака, — толькі я адзін чуў пра вашую радасць, а трэба, каб пра яе ведала ўсё наваколле. Няхай знаюць, што вы будзеце есці самую агідную істоту на свеце.
— Праўду кажаш, — згадзіўся кракадзіл і зарагатаў на ўсё горла. Пры гэтым ягоная пашча шырока разявілася, стары выскачыў адтуль і ўзлез на дрэва. Вось так ён і выратаваўся.Кажуць, з таго часу людзі перасталі есці сабак.
Упершыню надрукавана ў часопісе “Далягляды”, 1988.
Перакладзена паводле выдання: Andano sy lovan-fsofina efo Madagasikara. — Antananarivo, 1973.