Аднойчы паляўнічы, які быў надзвычай бедны, блукаў па лесе, каб злавіць якую жывёліну на абед. Наблізіўшыся да глыбокай ямы, ён пабачыў там Леапарда, Змяю, Пацука і Чалавека. Усе яны трапілі ў пастку і не маглі выбрацца. Заўважыўшы паляўнічага, бедакі пачалі маліць яго аб дапамозе.
Спачатку ён нікога не хацеў вызваляць, акрамя чалавека. Леапард, казаў ён, часта краў яго жывёлу і з’ядаў яе. Змяя вельмі часта джаліла людзей, і тыя паміралі. Пацук увогуле не рабіў нікому нічога карыснага. Ён не бачыў сэнсу дапамагаць ім.
Аднак звяры так моцна прасілі выратаваць ім жыццё, што паляўнічы ўрэшце злітаваўся над імі і выцягнуў з ямы. Тыя, у сваю чаргу, паабяцалі аддзячыць яму за яго дабрыню — усе, акрамя чалавека. Той сказаў, што ён вельмі бедны, і добры паляўнічы забраў яго да сябе.
У хуткім часе да паляўнічага прыйшла Змяя і прынесла яму вельмі моцнае супрацьяддзе ад змяінага ўкусу:
— Захоўвай яго вельмі ахайна. Аднойчы яно табе спатрэбіцца. Але перад тым як ім скарыстацца, яго трэба змяшаць з крывёю здрадніка.
Паляўнічы цёпла падзякаваў Змяі і з таго часу заўсёды ахайна насіў парашок- супрацьяддзе з сабой.
Леапард таксама аддзячыў паляўнічаму, прыносячы яму забітую жывёлу цягам многіх тыдняў.
Потым прыйшоў Пацук і прынёс з сабой вялікі скрутак:
— Тут мясцовая вопратка, залаты пясок і ўпрыгожанні са слановай косткі. Яны зробяць цябе багатым.
Паляўнічы падзякаваў Пацуку і аднёс скрутак у хату.
Пасля гэтага ён зажыў багата. Пабудаваў сабе прыгожы новы дом і абсталяваў чым трэба. А чалавек, якога ён забраў з яміны, працягваў жыць разам з ім.
Аднак той быў па натуры вельмі зайздросны. Яму не падабалася, што гаспадару так пашэнціла, і ён увесь час чакаў зручнага моманту зрабіць паляўнічаму зло. Нарэшце гэты момант прыспеў.
Па ўсёй краіне абвясцілі, што ў каралеўскі палац праніклі злодзеі і скралі каштоўнасці і іншыя дарагія рэчы. Няўдзячны чалавек адразу ж кінуўся да караля і запытаўся, якая яго чакае ўзнагарода, калі ён пакажа, хто злодзей. Кароль паабяцаў яму палову скрадзеных рэчаў. І тады гэты паскуднік абылгаў свайго гаспадара і абвінаваціў яго ў крадзяжы, хаця добра ведаў, што той невінаваты.
Сумленнага паляўнічага адразу пасадзілі ў турму. Потым адбыўся суд, на якім ён мусіў расказаць, якім чынам разбагацеў. Ён сумленна прызнаўся, адкуль у яго з’явілася багацце, але ніхто яму не паверыў. Яго прысудзілі да смяротнага пакарання, якое мусіла адбыцца назаўтра апоўдні.
Раніцой, калі рыхтаваліся пакараць паляўнічага, у турме пранесліся чуткі, што старэйшага сына караля ўкусіла змяя і той памірае. Любога, хто мог выратаваць прынца, прасілі дапамагчы.
Паляўнічы адразу ж успомніў пра супрацьяддзе, якое дала яму яго сяброўка Змяя, і папрасіў дазволу скарыстаць яго. Спачатку яго не хацелі слухаць, але потым саступілі. Кароль запытаў, ці не патрэбна паляўнічаму яшчэ што-небудзь, каб прыгатаваць сумесь, і той адказаў:
— Прынясіце мне кроў здрадніка.
Яго Вялікасць паказаў на чалавека, які абылгаў паляўнічага, і сказаў:
— Вось стаіць найгоршы са здраднікаў, што выдаў свайго гаспадара, хаця той злітаваўся над ім і выратаваў яму жыццё.
Няўдзячнаму чалавеку адразу ж адсеклі галаву і з дапамогай яго крыві зрабілі супрацьяддзе, як і загадала Змяя. Як толькі лекі нанеслі на рану прынца, ён адразу ачуняў. Узрадаваўшыся, кароль узнагародзіў паляўнічага і адпусціў яго дадому.
Аднойчы пад час палявання Чалавек сустрэў у лесе Тыгра. Пабачыўшы адзін аднаго, яны спужаліся, але пасля кароткай гутаркі сталі сябрамі. Яны дамовіліся пажыць некаторы час разам. Спачатку Чалавек пайшоў у лес да Тыгра і правёў з ім два тыдні, потым Тыгр прыйшоў да Чалавека і жыў у яго хаце.
Тыгр паводзіўся так добра, што Чалавеку падалося, быццам яшчэ ніхто і ніколі не ставіўся да яго так. Але прыйшоў час Чалавеку вяртацца дадому разам з Тыграм. Па дарозе Тыгр крыху хваляваўся. Ён спытаўся ў Чалавека, ці сапраўды яму нічога не пагражае сярод людзей.
— А што, калі тваім сябрам не спадабаецца, як я выглядаю, і яны заб’юць мяне? — запытаў Тыгр.
— Нічога не бойся, — сказаў Чалавек. — Ніхто цябе не кране, пакуль я побач.
Так Тыгр прыйшоў у дом да Чалавека і пражыў з ім тры тыдні. Ён прывёў з сабой сваё тыграня, і яно вельмі пасябравала з сынам Чалавека.
Праз некалькі месяцаў у Чалавека памёр бацька. Даведаўшыся пра гэта, Тыгр з тыгранём адразу ж пайшлі да Чалавека, каб выказаць свае спачуванні. Яны прынеслі шмат грошай, каб дапамагчы Чалавеку.
Калі Тыгр вяртаўся дадому, двое сяброў Чалавека, што хаваліся ў кустах, падстрэлілі яго. На шчасце, ён застаўся жывы, але сэрца яго апанаваў смутак, што яго хацелі забіць па жаданні сябра. Ён вырашыў дазнацца, ці ведаў Чалавек што-небудзь пра гэта.
Тыгр пайшоў да месца, дзе ўпершыню сустрэўся з Чалавекам, і лёг на зямлю, быццам забіты. Перад гэтым ён загадаў тыграняці заставацца побач і назіраць за тым, што будзе далей.
Праз некаторы час прыйшоў Чалавек і, пабачыўшы, як ён падумаў, забітага Тыгра, жудасна расхваляваўся. Ён плакаў і тужыў па Тыгру, праседзеўшы побач з ім усю ноч, назіраючы за тым, каб нічога не здарылася з целам памерлага сябра.
Раніцай Тыгр, пабачыўшы, што яго сябар не мае аніякага дачынення да стрэлу, вельмі ўзрадаваўся. Ён падняўся, чым вельмі моцна здзівіў Чалавека, і патлумачыў, чаму прыкінуўся забітым.
— Ідзі дадому, — сказаў Тыгр, — і ніколі не забывайся на мяне. Дзеля цябе я ніколі не буду кідацца на людзей, калі толькі яны першымі мяне не зачэпяць.
Амангенэ азначае “галава вёскі”. У аднаго амангенэ было тры сыны, якія вельмі хацелі падарожнічаць. Яны пайшлі да бацькі прасіць дазволу, і той пагадзіўся без лішніх словаў.
Спачатку ў дарогу выправіўся старэйшы брат. Яму далі служку і ўсё неабходнае, што магло яму спатрэбіцца ў падарожжы.
У хуткім часе ён апынуўся ў вёсцы, дзе жыў амангенэ, які любіў загадкі. Як чужынца падарожніка, адпаведна мясцоваму звычаю, прывялі да галавы вёскі.
Той патлумачыў, што ў іх ёсць свае законы. Адзін з іх кажа: чужынец павінен перамагчы амангенэ ў спаборніцтве па адгадванні загадак, іначай яму адсякуць галаву. Спаборніцтва прызначылі на наступную раніцу.
Назаўтра старэйшы брат прыйшоў да месца сходу, дзе яго ўжо чакаў амангенэ са сваёй світай. Той загадаў падарожніку шмат загадак, але хлопец не здолеў адгадаць ніводнай. Амангенэ прызналі пераможцам, а яго суперніку адсеклі галаву.
Праз некаторы час другі сын амангенэ выправіўся ў падарожжа. Лёс прывёў яго ў тую ж вёску, дзе загінуў яго старэйшы брат. Яму таксама загадалі шмат загадак, але ён не здолеў іх разгадаць. І яго таксама прысудзілі да смерці.
Нарэшце трэці брат абвясціў пра сваё жаданне выправіцца ў вандроўку. Маці ўсяляк спрабавала адгаварыць сына, але марна.
Яна была ўпэўненая, што калі яе сын трапіць у тую вёску, дзе загінулі два ягоныя старэйшыя браты, тое ж самае здарыцца і з ім. Каб не дапусціць гэтага, яна вырашыла, што будзе лепей, калі яе сын памрэ ў дарозе.
Яна прыгатавала яму страву, якая называлася кэнкі, і дадала туды атруты. Паклаўшы ежу ў торбу, малодшы сын выправіўся ў дарогу. У хуткім часе ён захацеў есці. Аднак ведаючы, што маці была супраць яго падарожжа і магла падсыпаць у ежу атруту, ён вырашыў спачатку праверыць яе. Пабачыўшы непадалёк грыфа, ён адламаў палову пірага кэнкі і кінуў птушцы.
Грыф з’еў той кавалак і адразу ж зваліўся мёртвы ля дарогі. Міма ішлі тры пантэры. Заўважыўшы цела мёртвай птушкі, яны пачалі яго жэрці і таксама сканалі.
Хлопец адрэзаў кавалкі мяса ад целаў пантэраў і засмажыў іх. Асцярожна паклаўшы мяса ў торбу, ён пайшоў далей.
Не паспеў ён далёка адысці, як на яго накінуліся сем рабаўнікоў. Яны хацелі забіць яго адразу ж, але той сказаў, што хацеў бы спачатку пачаставаць іх добрым смажаным мясам. Тыя пагадзіліся і падзялілі мяса на восем частак.
Пакуль рабаўнікі елі, юнак асцярожна схаваў свой кавалак. У хуткім часе семярым рабаўнікам зрабілася кепска, і яны памерлі. А хлопец рушыў сваёй дарогай.
Нарэшце ён дабраўся да вёскі, дзе загінулі яго браты. Яму таксама належала паўстаць перад амангенэ і разгадаць яго загадкі. Два дні ніхто не мог перамагчы. Пры канцы другога дня хлопец сказаў:
— У мяне засталася толькі адна загадка. Калі разгадаеш яе, можаш мяне пакараць. Слухай:
Палова забівае аднаго —Адзін забівае трох —Тры забіваюць семярых.
Амангенэ не змог даць адказ у той вечар, таму было вырашана адкласці спаборніцтва на наступны дзень.
Увечары амангенэ пераапрануўся ў простае адзенне і накіраваўся ў дом, дзе спыніўся чужынец. Там ён убачыў юнака, які спаў у гасцёўні. Вырашыўшы, што гэта служка чужынца, ён пабудзіў яго і паабяцаў узнагароду, калі той скажа правільны адказ на загадку.
Юнак сказаў, што выканае просьбу амангенэ, калі той прынясе яму вопратку, якую ён зазвычай надзявае на сход.
Галава вёскі ўзрадаваўся і прынёс тое, што прасіў юнак. Атрымаўшы вопратку, той растлумачыў загадку хітраму амангенэ. Ён расказаў, што калі яны збіраліся ў дарогу, маці яго гаспадара прыгатавала кэнкі. Каб праверыць, ці не была ежа атручанай, яны далі палову грыфу, які з’еў яе і сканаў. Тры пантэры, якія з’елі грыфа, таксама памерлі. Смажанае мяса пантэраў забіла семярых рабаўнікоў.
Атрымаўшы адказ, амангенэ ўзрадаваўся і папярэдзіў меркаванага служку. каб той не расказваў пра гэта свайму гаспадару.
Раніцай усе жыхары вёскі зноў сабраліся на сход. Амангенэ з гонарам даў адказ на загадку, быццам бы сам яго знайшоў. Але юнак папрасіў яго паказаць цырыманіяльную вопратку, у якой амангенэ мусіць быць падчас сходу. Гэтага, зразумела, ён зрабіць не змог, бо юнак надзейна яе схаваў.
Чужынец расказаў, што здарылася ноччу і як галава вёскі атрымаў адказ падманным шляхам.
Сход вырашыў, што амангенэ не здолеў разгадаць загадку і таму мусіць памерці. Яму адсеклі галаву, а юнак стаў новым амангенэ.
Казкі ўзятыя са зборніка: Barker, William H. and Cecilia Sinclair. West African Folk-tales. Lagos, Africa: Bookshop, 1917.
© Мікола Ціханаў, пераклад, 2011