Аднойчы на свет з’явілася дрэва. Зялёны, кволы парастачак выцягнуўся з зямлі ў самай гушчыні саду. Яго, такога маленькага, нельга было адрозніць ад раслін побач. Цікаўны да ўсяго, ён адразу ж агледзеўся вакол сябе і ўбачыў кветкі, якія адкрывалі свае пялёсткі раніцай і закрывалі іх вечарам, птушак, якія шчабяталі, пераскокваючы з галінкі на галінку, гаспадара, які на золку прыходзіў збіраць садавіну, каласы, што калыхаліся ад ласкавага подыху ветру.
Ах! Якім прыгожым ён лічыў свет вакол сябе, непасрэдным удзельнікам якога ён таксама хацеў быць, каб знайсці сваё месца сярод гэтай гармоніі.
Прайшоў год, парастак падрос і ператварыўся ў галінку з некалькімі сцяблінамі. Ён зразумеў, што ён не травінка, як меркаваў раней, а дрэва, і з гэтай прычыны пачаў больш пільна разглядаць дарослыя дрэвы.
Яны здаваліся яму такімі вялікімі, такімі прыгожымі, апранутымі ў лістоту і кветкі... Ён з захапленнем пазіраў, як гэтыя кветкі ператвараюцца ў плады, з замілаваннем сачыў за тым, як гаспадар даглядаў за дрэвамі, але…
Але ж, разглядаючы сябе, ён заўважыў, што яго кара не падобная да кары дарослых дрэваў, а ягоныя галіны адрозніваюцца ад іх галінак. Тады ён адчуў страх: што будзе з ім, калі ён не вырасце такім вялікім, не стане такім прыгожым, не будзе прыносіць столькі пладоў, што адбудзецца, калі ўсе іншыя: яблыні, грушы, мірабэлы — не зразумеюць яго, такога адрознага ад іх і ён вырашыў, што будзе лепш зусім не мець ні лісця, ні кветак, ні пладоў.
Міналі гады, кожную вясну яго камель набіраў моцы, выцягваўся, з’яўляліся новыя галіны, але… без лісточка, без кветачкі, без плоду.
Каб не быць зусім без вопраткі сярод іншых дрэваў, ён, не ведаючы, да каго ён будзе падобны з часам, з самага пачатку свайго жыцця пачаў выкарыстоўваць чужую прыгажосць: ён дазволіў плюшчу, бярозцы і амяле апрануць яго.
Гаспадар некалькі разоў збіраўся спілаваць яго на дровы, але праз шматлікія іншыя клопаты ўсё неяк адкладаў гэтую справу. Аднак аднойчы ён прыйшоў у сад з вялікай сякерай і пачаў секчы плюшч, які, нібы ў абцугах, трымаў дрэва. Абцугоў плюшчу было так шмат, што чалавек працаваў цэлы дзень, так і не скончыўшы справу, і зноўку адклаў яе. Між тым, гэтай самай ноччу чарвячок-паразіт патачыў бярозку, якая адразу ж і сканала, а назаўтра птушкі, убачыўшы амялу, склявалі яе цалкам.
У гушчыні саду ад дрэва засталіся толькі камель і галіны: у гушчыні саду засталося толькі Дрэва.
Апынуўшыся знянацку зусім без вопраткі і не ведаючы, што ж на сябе нацягнуць, дрэва вырашыла распусціць уздоўж сваіх галінак прыгожыя светла-зялёныя лісточкі, а кожную галінку аздобіць цудоўнымі белымі кветачкамі, прыгажосць якіх надзвычай удала выдзялялася сярод зялёнай лістоты і цёмна-карычневых галінак.
Тым часам гаспадар вярнуўся з сякераю і ўбачыў замест нічога не вартага абрубка цудоўную вішню, секчы якую было б бязглуздзіцай. Чалавек пакінуў дрэва, неверагодна шчаслівы ад адчування здзейсненага цуду.
Ад таго самага дня, дрэва, не падобнае да іншых, шчасліва жыве ў гушчыні саду; яно ні прыгажэйшае, ні вышэйшае за іншыя, але карыснае, неабходнае, як і ўсе астатнія дрэвы.
Кожны год, калі надыходзіць час збіраць ураджай, дзеці гаспадара прыцягваюць лесвіцу, узбіраюцца на дрэва і, седзячы на ягоных галінках, удосталь ласуюцца вішнямі, радуючы яго сваім смехам.
Давайце не будзем баяцца таго, што мы можам прынесці ў гэты свет, таму што ніхто іншы не зможа даць нам гэтага, але кожны зможа скарыстацца гэтым.
Давайце не будзем баяцца таго, што мы можам прынесці ў гэты свет. Таму што кожны раз, калі мы адмаўляемся ад нашых будучых здабыткаў, свет страчвае іх, давайце не будзем баяцца таго, што мы можам прынесці ў гэты свет, таму што кожны наш здабытак дазволіць нам ухваліць Жыццё і Любоў, якія падараваў нам Усявышні.
Даўным-даўно, у самым пачатку ўсіх пачаткаў, яшчарка і яйка захацелі паласавацца вінаградам. Такім чынам, накіроўваюцца яны ў хмызняк шукаць вінаград (дрэва з маленькімі чырвонымі і салодкімі ягадамі). Шукаюць яны шмат, шукаюць доўга і знаходзяць усё ж цудоўны вінаград, знясілены ад цяжару ягад. У імгненне вока яшчарка хутчэй, чым пра гэта можна нават сказаць, запаўзае на галінкі. А вось яйку даводзіцца цяжка. Яно спрабуе ўскараскацца наверх, але нічога не атрымліваецца. Тады яшчарка спаўзае ўніз і пачынае яму дапамагаць узняцца на вінаград. Яна падымае яйка, ставіць яго на галіну. Тое пнецца, пнецца нарэшце ўздымаецца па галінках уверх. Абодва пачынаюць ласавацца вінаградам. Ядуць, ядуць, аж пакуль не набіваюць ім усе вантробы, так што ўжо не могуць праглынуць ні вінаградзінкі. Вырашаюць, што надышоў час спускацца. Зноўку яйка сутыкаецца з цяжкасцямі, яно коціцца, коўзаецца па галінах і неўзабаве крычыць яшчарцы, якая ўжо чакае ўнізе:
— Збяры мне мяккай зямелькі і лістоты пад дрэвам, каб я ўпала і не разбілася!
Яшчарка робіць усё, як просіць сябар, збірае мяккую зямельку і лістоту, але ў самую сярэдзіну кладзе вялікі камень. Яйка падае і разбіваецца на тысячы кавалачкаў. Яшчарку разбірае смех, яна смяецца як звар’яцелая, пакуль трава, вострая, як лязо, не прыходзіць і не перарэзвае ёй горла! І няма больш яшчаркі! Трава, вострая, як лязо, таксама пачынае смяяцца, яна аж заходзіцца ад смеху, пакуль агонь не спальвае яе. І няма больш травы! У сваю чаргу, агонь таксама пачынае рагатаць, ён рагоча, пакуль вада не прыходзіць і не гасіць яго. І няма больш агню! Вада смяецца, смяецца да слёз, пакуль дзікія жывёлы не прыходзяць яе выпіць. І няма больш вады! Дзікія жывёлы пачынаюць смяяцца, смяюцца, пакуль не валяцца ад смеху, паляўнічыя прыходзяць і забіваюць іх усіх. І няма больш дзікіх жывёл! Цяпер ужо смяюцца паляўнічыя. Смяюцца на ўсе зубы, калі прыходзіць смерць і забівае іх. І няма больш паляўнічых! Чарга смяяцца і смерці, яна аж захлынаецца ад яго, пакуль жыццё не забівае яе маланкай. І няма больш смерці! Жыццё таксама не можа стрымацца ад смеху, яно рагоча, калі прыходзіць Усявышні і знішчае яго. І няма больш жыцця! Цэлы свет знішчаны. Усявышні вельмі сур’ёзны. Ён не смяецца, нават не ўсміхаецца. Увесь свет цалкам знішчаны, таму Усявышні стварае новы свет — той, у якім жывем тут і цяпер вы і я.
Гэта адбылося менавіта так, і не ніяк інакш.
Даўным-даўно, калі яшчэ нашыя продкі не пасяліліся ў гэтай мясцовасці, Неба і Зямля не толькі жылі ў згодзе, але і знаходзіліся зусім поруч адно ад аднаго. Такім чынам, яны маглі раіцца, перш чым прымаць важныя рашэнні адносна не толькі жыцця чалавецтва, але і жыцця жывёл, раслін, скалаў, мінералаў, адным словам, шмат карысці было ўсім ад гэтага. Часта неба сваім добразычлівым позіркам ахінала істот, што жылі проста пад ім. Яно схілялася так нізка, што часам дакраналася да вершалін мангавых і сырных дрэваў, і былі нават выпадкі, калі старыя людзі, на галаву вышэйшыя за іншых, тыя, што жывуць уздоўж ракі, адчувалі лёгкую дрыготкую хвалю на сваіх паголеных галовах. Менавіта ў такія моманты неба давала зразумець, што яно надае людзям асаблівую ўвагу. Яны гэта ведалі, больш за тое, яны разумелі сваю значнасць і звязаную з гэтым адказнасць.
Аднойчы маладая жанчына ўзяла гліняны гаршчок і паставіла яго на трох камянях, што ўтваралі ачаг. Дровы ўжо добра разгарэліся, і языкі полымя высока шугалі ўгору. Пачырванелыя вугалькі свісцелі-шапацелі, намагаючыся аддаць як мага больш свайго цяпла. Жанчына з веданнем справы хуценька змешвала доўгім драўляным кіёчкам муку з вадой, каб атрымалася цеста, гладкае на паверхні і без аніякіх камякоў. Дзейства адбывалася ў цішыні, бо для дасягнення поспеху ў гэтым мастацтве, што заставалася справай далікатнай, нягледзячы на яго паўсядзённасць, поўная засяроджанасць была абавязковай умовай. Зварыўшы на агні маісавае цеста, якое было асноўным наедкам сям’і, маладая жанчына пачала адскрабаць кавалачкі цеста, што прыляпіліся да дна гаршчка. Яна адліла з вялікага, таксама глінянага гаршчка два-тры калебасы вады ад той, што была разлічаная на патрэбы ўсяго дня і ўліла іх у меншы гаршчок, які пачала трэсці так моцна, як толькі магла, і неасцярожным рухам падкінула змесціва гаршчка ўгару з усёй сілы. І адбылося няшчасце! Вада падскочыла так высока, што сутыкнулася з небакраем. Неба, адчуўшы непрыемны дотык, разгневалася. Яно адказала некалькімі ўдарамі грому, аднак без навальніцы. Але гэтага было недастаткова, каб супакоіцца.
— Што ж яшчэ я магу зрабіць, каб выказаць сваё незадавальненне? — глуха праракатала неба. Абрынуцца з усёй моцы на гэтую жанчыну і спляжыць яе? Але ж гэта не адпавядае маёй велічы. Лепш я адсунуся ад чалавечага жытла і ўсё.
І Неба адышло далёка, вельмі далёка ад Зямлі. І больш ні разу не пагадзілася на тое, каб спусціцца ніжэй і судакрануцца з чалавекам. Некалькі кавалачкаў маісавага цеста, што плавалі ў вадзе, дакрануўшыся да неба, так і засталіся на ім і сёння глядзяць адтуль на Зямлю зоркамі.
Вось так праз жаночую неасцярожнасць выгляд сусвету непазнавальна змяніўся.
Урывак з “Балбатлівага хамелеона” Дамінік Агесі, выдавецтва Ларматаў (Бенін і Сенегал).
Казка Буркіна Фасо
У адной вёсцы жыў заможны чалавек разам са сваёю жонкай. Меў ён бранзалет, які падаравала яму жанчына з народа вэнда са словамі: “Беражы яго як след, бо пакуль ён з табой, не перавядуцца ў цябе грошы”.
Аднойчы пасля сваркі з мужам жонка скрала гэты бранзалет і схавала яго ў маленькім надзейным буданчыку без дзвярэй, які зрабіла ў хмызняку на ўзвышшы. У хуткім часе, муж літаральна на вачах пачаў страчваць свае набыткі: гінула жывёла, знікала багацце. Зусім хутка ён канчаткова збяднеў.
Увесь гэты час чалавек паўсюль шукаў свой бранзалет, але марна.
Аднойчы ён сустрэў сабаку.
— Што ты тут робіш? — запытаўся сабака.
— Шукаю бранзалет, які вельмі шмат для мяне значыць.
— Калі аддзячыш мне як належыць, я дапамагу табе, — прапанаваў сабака.
— За бранзалет я дам табе ўсё што толькі пажадаеш, — адказаў чалавек.
Сабака, узяўся абнюхваць усё, шнарыць паўсюль. Пошукі прывялі яго да таго самага буданчыка, што паставіла жонка, аднак трапіць у яго сабака не здолеў і паклікаў чалавека.
— Твой бранзалет там, — сказаў ён, — але я не магу туды трапіць. Што далей?
— Што вы тут робіце? — раптам запытаўся ў чалавека і сабакі кот, што праходзіў міма. Тыя расказалі пра перашкоду.
— Я зраблю дзірку, але што ты мне за гэта дасі? — спытаў кот.
— Калі ты хоць адным вокам убачыш бранзалет, — адказаў чалавек, — дам табе ўсё што толькі твая душа пажадае.
Кот прадзёр кіпцюрамі дзірку, залез у буданчык і ўбачыў бранзалет, які вісеў прывязаны да столі. Кот вярнуўся, расказаў чалавеку і сабаку, што бачыў бранзалет, але дацягнуцца да яго не змог. Тут нечакана для ўсіх з’явілася мыш і прапанавала:
—Я лёгка зраблю так, што бранзалет зваліцца ўніз. Але, чалавеча, калі я гэта зраблю, што я атрымаю ў якасці падзякі?
— Атрымаеш усё што захочаш, — адказаў чалавек.
Мыш шмыгнула ў буданчык, узабралася па сцяне ўгору і скінула бранзалет уніз. Вярнулася, каб сказаць:
— Скінуць яго ўніз я скінула, але вось выцягнуць яго адтуль я не магу, занадта ён цяжкі для мяне.
— Што ж, цяпер мая чарга! — закрычаў сабака і праз секунду вярнуўся з бранзалетам. Як толькі чалавек пачапіў бранзалет сабе на руку, то адразу ж зноўку стаў заможным. Жывёлы пацягнуліся з усіх бакоў. Багацце пачало валіцца як з рога дабрабыту. Чалавек вярнуўся дахаты разам з сабакам, катом і мышшу. З той часіны сабака больш не жыве ў хмызняку, а жыве з чалавекам, і той корміць яго мясам. Кот таксама больш не жыве ў хмызняку, а жыве каля чалавека, і той поіць яго малаком, мыш гэтаксама не жыве больш у хмызняку, а жыве побач з чалавекам, і ён дае ёй арахіс — і ўсе шчаслівыя!
Акрамя, канечне ж, жанчыны, таму што акурат з таго самага часу мужчына ёй больш не давярае.
Калісьці даўно, яшчэ тады, калі на зямлі ўвесь час панаваў дзень і ніхто не ведаў, што такое ноч, пасварыліся слон і чарапаха. “Я цябе заб’ю”, — крыкнуў слон. Спалоханая да смерці, чарапаха схавалася сярод скалаў, а слон тым часам сабраў усіх звяроў на яе пошукі. Аднак чарапаха ведала на ўсялякі выпадак адзін дзейсны сродак, і таму за хвіліну да таго як яе хованка была знойдзеная, яна схапіла жменю пылу і кінула яе ў напрамку ветру. Адразу ж на зямлю прыйшла невядомая дагэтуль нікому ноч. Звяры, не бачачы больш сонца, спужаліся, слон таксама спалохаўся і паслаў пеўня прасіць прабачэння ў чарапахі, каб тая ў сваю чаргу вярнула дзень. Певень папрасіў прабачэння, чарапаха вярнула сонечнае святло. Але ж з той самай часіны не заўсёды сонечна на зямлі, бо дзень і ноч увесь час прыходзяць па чарзе.
Маўрытанская казка (адаптацыя)
Усім вядома, што малпа не можа вытрымаць ні хвілінкі, каб не пачухацца. Ведаюць усе і пра тое, што заяц цікаўны, нібы журналіст, і штохвіліны падскоквае то ўправа, то ўлева, каб паглядзець, што адбываецца навокал.
Аднойчы раніцай гэтыя няўрымслівыя прыяцелі сустрэліся ў лесе пад акацыяй. Заяц першым зачапіў малпу:
— Ці ведаеш ты, што пра цябе людзі гавораць? Толькі паслухай: яны кажуць, што ты не можаш ні секунды вытрымаць, каб не пачухацца. Некаторыя нават сцвярджаюць, што маці нарадзіла цябе ў мурашніку, і з таго часу мурашы поўзаюць у тваёй поўсці! А што... гэта і сапраўды ўсё тлумачыць.
— Лухта, — пярэчыць у адказ малпа. — я магу цэлую гадзіну, дзве гадзіны, ды не… нават усе дваццаць чатыры гадзіны не чухацца. Ат… пляткараць немаведама што. Вось ты сваімі даўжэзнымі вушамі, здольнымі, здаецца, і неба засланіць, чуў, што людзі пра цябе гавораць? Ха-ха-ха, ой, не магу, гавораць, што ты не можаш вытрымаць, каб кожную секунду не падскочыць ці то ўлева, ці то ўправа, паглядзець уніз ці ўгару.
— Лухта, надзвычайная, неверагодная лухта! — крычыць заяц. — Ды я магу цэлую гадзіну, дзве гадзіны, ды не… нават усе дваццаць чатыры гадзіны не падскокваць.
— Можа, паб’емся аб заклад, каб упэўніцца ў гэтым? — уносіць прапанову малпа.
— Згода, — адказвае заяц. — Станем насупраць адно аднаго і высветлім, ты першай пачухаешся або я першым падскокну.
Яны становяцца насупраць адно аднаго, і выпрабаванне пачынаецца. Па сканчэнні добрай гадзіны абсалютнай засяроджанасці, падчас якой ніхто не тое што не варухнуўся, але і не прамовіў ані слова, заяц гаворыць:
— А што, калі мы будзем апавядаць што-небудзь, каб час цягнуўся не так марудна?
— Добра, давай, — пагаджаецца малпа, — спачатку ты.
І заяц пачынае свой аповед:
— Даўным-даўно я ўдзельнічаў у вайне! Каб ты толькі ведала, як свісцелі кулі вакол нас! Яны ляцелі з усіх бакоў, справа, — заяц адскоквае ўправа, — злева, — адскоквае ўлева.
Малпа перапыняе зайца:
— Ды гэта ўсё твае жартачкі. Вось я была ў вайне, і гэта была вайна дык вайна, не на жыццё, а на смерць, нішто ў параўнанні з тваёй. Кулі ўпіваліся нам у грудзі, — малпа чухае грудзі, — траплялі ў левае сцягно, — і яна чухае левае сцягно.
Тут заяц як падскочыць угару, як закрычыць:
— Я выйграў, я выйграў, ты пачухалася!
А малпа яму ў адказ:
— Але ж ты першым пачаў скакаць.
З таго часу, калі гаворка ідзе пра няўдалы заклад, кажуць: пабіліся аб заклад, як малпа і заяц.
Тут і казцы канец. Першы, хто засне, трапіць у рай.
© Наталля Ярмольчык, пераклад, 2011