нумар 9
27 сакавіка 2012

Art Detected

Злачынства, сэр!
Бясчынства, сэр!
За сцэнай
Ключавая рэпліка
Нечаканы паварот
Мышалоўка+разгарнуць
Пераклады пераможцаў "Ператвора"
Бэйкер-стрыт 221b
НАПІСАЛІ ЗАБОЙСТВА
ПЕРАКЛАЛІ ЗАБОЙСТВА
ТЭКСТЫ

Пад Пікадорам Адозва



Кавярня "Пад Пікадорам" адкрылася 29 лістапада 1918 году на вуліцы Новы Свят. Наступная адозва "пікадорцаў" прагучала ў дзень адкрыцця. На фота: памятная шыльда на доме, дзе першапачаткова месцілася кавярня, і афіша кавярні, выкананая Антоніем Сланімскім.


Пад Пікадорам

(Pod Pikadorem)

Ян Лехань, Юльян Тувім і інш.


ЗЕМЛЯКІ!


Рабочыя, жаўнеры, дзеці, старыя, людзі, жанчыны, інтэлігенты і пісьменнікі-драматургі! 29 лістапада, у пятніцу а 9-й гадзіне ўвечары адкрываецца Першая Варшаўская Паэтычная Кавярня “Пад Пікадорам”, вуліца Новы Свят, дом 57. Сумленне маладога мастацтва Варшавы! Вялікая Стаўка Арміі Збаўлення Польшчы ад усяе сучаснае айчыннае літаратуры. Штодня ад 9-й да 11-й — вялікі турнір паэтаў, музыкаў, мастакоў.


МАЛАДЫЯ ВАРШАЎСКІЯ ТВОРЦЫ!

ЯДНАЙЦЕСЯ!!!


Матэрыяльная самаабарона паэтаў ад эксплуатацыі выдаўцоў, дырэктараў тэатраў і да т.п., кабарэ.


ВОЛЬНАЯ ЭСТРАДА!!!


Далоў тэатр Размаітасцяў і цукерню Лурс!

Далоў таварыства падтрымкі прыгожых мастацтваў!

Далоў філармонію і кінатэатр “Стыльны”!

Жыве ўваход “Пад Пікадора” за пяць марак!

Жыве Выканаўчы Камітэт Паэтычнай Кавярні!

Жыве Лешак Сэрафіновіч!

Жыве Антоні Сланімскі!

Жыве Юльян Тувім!


СТАТУТ І ПРЭЙСКУРАНТ “ПІКАДОРА”


§1.

З сабакамі нельга.


§2.

Уваход для дарослых — 5 марак. Моладзь школьнага ўзросту з 16 да 20 гадоў — 10 марак. Дзеці з 8 да 16 гадоў — 15 марак, з 4 да 8 гадоў — 25 марак. Дзеці да чатырох гадоў — 35 марак. Кожны дарослы мае права прыносіць на руках любую колькасць дзяцей — з даплатай 50 марак за штуку незалежна ад полу, веравызнання і нацыянальнасці.


§3.

Любы торг з касіркай адносна кошту білета — бессэнсоўны. Пажаданыя высокія надбаўкі. За нейкія там дурныя 10 ці 15 марак надбаўкі — шчыра дзякуем. Абыдземся!


§4.

У перапынках паміж асобнымі выступамі паэты з-пад “Пікадора” даюць аўдыенцыі. Адпаведныя заявы належыць складаць напярэдадні ў канцылярыі кавярні. Плата за аўдыенцыі:

а) звычайная размова (ад 3 да 5 хвілін) з правам падаць руку — 50 марак;

б) тлумачэнне прачытанага твора — 75 марак;

в) ахвяраванне рукапісу:
         - без прысвячэння — 150 марак,
         - з прысвячэннем — 500 марак.


Увага! За дадаванне слова “каханаму” ў прысвячэнні — 100 марак.

Шлюбныя прапановы — толькі ў чацвер.

Заўвага 1. Паэт Тувім такіх прапановаў не прымае.

Заўвага 2: Да рэшты могуць звяртацца толькі кандыдаткі, што маюць больш за 75 000 марак пасагу (незалежна ад полу, нацыянальнасці і веравызнання).


§5.

Кожны з гасцей абавязаны пазіраць на паэтаў з адпаведнай пашанай. Зняважлівыя воклічы і біццё паэтаў крэсламі, кійкамі альбо так званымі рукамі лічацца недапушчальнымі з прычыны эканоміі часу ў праграме.


§6.

Уваход у кавярню забаронены:

а) асобам у не надта цвярозым стане;

б) рэцыдывістам у галіне літаратуры і жывапісу;

в) прысутным у чорным спісе;

г) асобам у “цікавым становішчы”;

д) чальцам Рэгенцкай рады;

е) пану мецэнату Юзафу Кусьмідровічу.


§7.

Адгадваць рыфмы падчас чытання строга забаронена.


§8.

Сатысфакцый Урад Кавярні не дае.


§9.

Насілкі і карэта хуткай дапамогі на месцы.


§10.

Любы бруд забаронены.


1918


пераклад з польскайМарыя Пушкіна

© Марыя Пушкіна, пераклад, 2011

  • [LJ]Дадаць у ЖЖ
пакінуць каментар