нумар 9
27 сакавіка 2012

Art Detected

Злачынства, сэр!
Бясчынства, сэр!
За сцэнай
Ключавая рэпліка
Нечаканы паварот
Мышалоўка+разгарнуць
Пераклады пераможцаў "Ператвора"
Бэйкер-стрыт 221b
НАПІСАЛІ ЗАБОЙСТВА
ПЕРАКЛАЛІ ЗАБОЙСТВА
ТЭКСТ

Шатландскія народныя казкі (Scottish Fairy Tales)



Гісторыя Майкла Скота

(The Story of Michael Scott)


Майкл Скот жыў у трынаццатым стагоддзі. Ён славіўся на цэлы свет сваёю вучонасцю і вадзіўся, казалі, з чароўцамі ды з іншымі духамі. Калі ён хацеў збудаваць дом альбо мост, то клікаў дапаможцаў з маленькага люду, і тыя рабілі ўсю працу за адну ноч. Умеў ён ацаляць страшныя раны й вылечваць цяжкія хваробы, і людзі называлі яго варажбітам.

Калі Майкл Скот быў яшчэ юнаком, ён пайшоў аднойчы з двума прыяцелямі пешшу ў Эдынбург. У дарозе яны спыніліся раз адпачыць на схіле высокага пагорка. Не паспелі яны пасесці на зямлю, як аднекуль пачуўся гучны свіст. Паглядзеўшы ў той бок, вандроўнікі з жахам убачылі вялізнага белага змея, які скруціўся ў кола ды шпарка каціўся да іх. Не было сумневу, што пачвара збіраецца на іх напасці, і калі яна пакацілася ўверх па схіле гэтак жа хутка, як да таго праз пустку, Майклавы спадарожнікі ўсхапіліся на ногі й са спужанымі крыкамі кінуліся прэч. Майклу страх быў невядомы, і ён вырашыў адбіцца ад змея. Ён стаяў ды чакаў, моцна сціснуўшы ў руцэ дарожны кій.

Наблізіўшыся, змей выпрастаўся на зямлі і прыўзняў галаву, каб напасці, і раздвоены язык, бы страла, вылецеў з ягонай разяўленай пашчы. А Майкл замахнуўся, не марудзячы, кіем ды з такою моцаю ўдарыў пачвару, што тая разляцелася на тры кавалкі. Тады юнак абярнуўся ды крыкнуў сябрам, каб пачакалі яго. Пачуўшы ягоны голас, уцекачы спыніліся й са здзіўленнем глядзелі, як Майкл не спяшаючыся крочыць у іхны бок. З вялікаю палёгкаю яны пачулі, што страшыдла забітае.

Юнакі рушылі далей разам і хутка прыйшлі да хаціны, дзе жыла старая мудрая жанчына. Сонца ўжо сядала і вакол цямнела, таму вандроўнікі папрасілі ў яе начлегу, і яна запрасіла іх у дом. Адзін з іх расказаў гаспадыні пра прыгоду са змеем, якога забіў Майкл.

— А ці ўпэўненыя вы, што змей забіты? — спытала мудрая жанчына.

— Ён мусіць быць мёртвы, — адказаў Майкл, — бо я рассек яго на тры кавалкі.

— Гэта не просты змей, — сказала мудрая жанчына. — Ён мае сілу збіраць сваё цела наноў. Аднойчы з ім ужо біўся смелы чалавек і рассек надвое. Але пярэдняя частка папаўзла да крыніцы, і абмылася там, і, вярнуўшыся, прыяднала да сябе заднюю. А тады аздароўлены змей увесь ізнову абмыўся ў гаючай крынічнай вадзе. Усе гады робяць гэтак пасля нападу на чалавека. Калі ж чалавек, укушаны змеем, дасягне вады першым, то ацаліцца, а змей памрэ.

— Шмат жа ты ведаеш пра гэтыя таямніцы! — здзіўлена прамовіў Майкл.

— Гэтым разам ты перамог белага змея, — сказала мудрая жанчына, — але пры наступнай сустрэчы з ім табе можа пашанцаваць меней. Будзь пэўны: ацаліўшыся, ён будзе чакаць цябе, каб адпомсціць. І калі ён знову збярэцца напасці, нішто не папярэдзіць цябе пра ягонае набліжэнне.

— Я не пайду болей праз гэтую гару, — адказаў Майкл.

— Змей будзе шукаць цябе і знойдзе, — сказала мудрая жанчына, — дзе б ты ні быў.

— Калі так, — усклікнуў Майкл, — то нядобры лёс напаткаў мяне. Як мне ўбараніцца ад гэтай пачвары?

— Ідзі да месца, дзе ты рассек змея, — сказала мудрая жанчына, — і забяры сярэдні кавалак ягонага цела. Паспяшайся, калі не хочаш спазніцца.

Майкл паслухаўся, і папрасіў спадарожнікаў пайсці з ім разам, але яны збаяліся, і юнак рушыў назад адзін. Ішоў ён шпарка і хутка дабраўся да месца, дзе біўся з пачвараю. Там ляжалі сярэдні й задні кавалкі змеева цела, а пярэдняга нідзе не было бачна. Цяпер Майкл ведаў, што мудрая жанчына сказала праўду. Прыцемкі згушчаліся, таму ён рашыў не шукаць крыніцу, да якой папаўзла галава змея. Ухапіўшы сярэдні кавалак, які шчэ трапятаўся, ён пабег да дому жанчыны. Неба ўжо зусім пацямнела, заблішчэлі першыя зоры. Майклу было ўсё трывожней. Ён пачуваўся пэўным, што нешта пераследуе яго на адлегласці, а таму паскараў крокі ды не азіраўся назад. Нарэшце ён без перашкодаў дабраўся да хаткі і з радасцю прыкмеціў, што закляцці над уваходам зачыняюць гэтае жытло для ўсякага зла.

Мудрая жанчына прывітала Майкла ды папрасіла аддаць ёй кавалак змеева цела. Юнак з ахвотаю пагадзіўся, і гаспадыня, падзякаваўшы, сказала:

— Зараз я згатую табе ды тваім сябрам есці.

Адразу ж узяўшыся за справу, жанчына прыгатавала ім выдатную вячэру. Майклу стала цікава, чаму яна гэтак да іх прыязная і чаму ў яе такі добры настрой. Яна смяялася й балбатала весела, бы малая дзяўчынка, і Майкл западозрыў, што ўзрадавалася яна здабытаму кавалку змеева цела. Таму ён надумаўся прасачыць за ёю ды дазнацца, што яна хоча з тым кавалкам рабіць.

Пасля вячэры Майкл пачаў скардзіцца, што нібыта пакутуе ад раптоўнага болю, пайшоў у кухню ды сеў ля агню. Сказаўшы старой, што ў цяпле яму робіцца лягчэй, ён папрасіўся застацца там спаць.

— Добра, — сказала жанчына, і Майкл уладзіўся ў крэсле ля полымя, а ягоныя стомленыя прыяцелі пайшлі ў ложак. А жанчына паставіла на агонь кацялок ды паклала ў яго кавалак змеева цела.

Майкл заўважыў гэта, але нічога не сказаў, а прыкінуўся, што спіць. Змеева мяса ў кацялку зашыпела, і жанчына зайшла ў кухню з суседняга пакоя, падняла крышку ды дакранулася на кавалка пальцам. У гэты момант на даху праспяваў певень. Майкл сцепануўся, расплюшчыў вочы ды агледзеўся.

— Я думала, ты ўжо моцна спіш, — сказала мудрая жанчына.

— Боль не дае мне заснуць, — адказаў Майкл.

— Калі так, то дапамажы мне, — сказала мудрая жанчына. — Я стамілася й хачу адпачыць, а тут у мяне гатуецца кавалак змея. Прыглядзі за ім, каб не прыгарэў. Як будзе гатовы — пакліч мяне, а да таго не дакранайся да яго ні ў якім разе.

— Чаму б і не дапамагчы, калі ўсё адно не спіцца, — пагадзіўся Майкл.

Мудрая жанчына ўсміхнулася.

— Як усё будзе гатова, я цябе вылекую, — сказала яна ды пайшла ў ложак.

Майкл сеў глядзець за кацялком, дачакаўся, пакуль кавалак змея належна згатуецца, ды зняў яго з агню. Але перш чым клікаць старую, вырашыў ён зрабіць тое ж, што рабіла яна, падняўшы крышку кацялка. Ён дакрануўся да соку, што выцякаў з кавалка, моцна апёкся й сунуў палец у рот. Певень на даху забіў крыламі й закукарэкаў так голасна, што жанчына прачнулася ды ўскрыкнула.

Тут Майкл адчуў, што сок змеева мяса быў чароўны. Новыя веды абрынуліся на яго, і ён зразумеў, што можа прадказваць будучыню, і ацаляць хваробы чарамі, і чытаць у думках людзей.

Старая выйшла са свайго пакоя.

— Ты не паклікаў мяне, — сумна сказала яна.

Майкл ведаў, што яна мае на ўвазе. Калі б ён яе паклікаў, яна б сама першай пакаштавала той сок і завалодала б магуццем, якое цяпер дасталося яму.

— Гэта я забіў змея, — сказаў юнак, — і меў права пакаштаваць яго першым.

— Цяпер я не насмелюся цябе вініць, — сказала мудрая жанчына. — І няма мне патрэбы расказваць табе, якую моц ты атрымаў, бо ты стаў мудрэйшы за мяне. Ты можаш лячыць хваробы, прадбачыць і прадказваць тое, чаму наканавана здарыцца, і чароўны народ будзе слухацца твайго слова, і нікому са смяротных не адкрыецца столькі таямніцаў, колькі табе. Усё, чаго я папрашу, — твайго сяброўства.

— Сяброўства я табе з радасцю абяцаю, — сказаў Майкл у адказ. Мудрая жанчына села побач з ім, і шмат распытвала яго пра таямніцы свету, і не было ніводнага пытання, на якое ён не змог бы адказаць. Так яны размаўлялі да світання. Майкл пабудзіў сваіх сяброў, а жанчына згатавала ім сняданак. На развітанне яна сказала Майклу:

— Не забывайся на мяне, ты многім мне абавязаны.

— Я ніколі на цябе не забудуся, — паабяцаў ён.

Падарожнікі працягнулі свой шлях і йшлі да самага заходу сонца, але ім не трапілася ніякага жытла.

— Сёння, — сказаў адзін з юнакоў, — нам давядзецца спаць у верасе.

Майкл усміхнуўся.

— Сёння, — адказаў ён, — мы будзем начаваць у Эдынбургу.

— Але датуль шчэ дзень шляху, — нагадаў яму прыяцель.

Майкл паклаў свой кій на зямлю ды сказаў:

— А давайце пасядзем утрох на кій ды паглядзім, як тады пойдзе падарожжа.

Ягоныя спадарожнікі засмяяліся, але паселі разам з ім на кій, думаючы, што іхны сябар жартуе.

— Трымайцеся мацней! — параіў Майкл. Яго прыяцелі, усё шчэ пасміхаючыся, як след учапіліся ў палку.

— Ну, мой кію, — крыкнуў Майкл, — нясі нас у Эдынбург!

І толькі ён гэта вымавіў, як кій узняўся у паветра. Майклавы прыяцелі замерлі ад жаху, а кій узвіўся над аблокамі ды маланкаю панёсся наперад. Падарожнікі трымцелі ад холаду й страху. Камякі снегу падалі на іх, бо ляцелі яны вышэй за вяршыню Бэн-Нэвісу. Калі зусім сцямнела й заблішчэлі першыя зоры, кій пачаў спускацца. Дужа ўзрадаваліся спадарожнікі Майкла, жывымі й здаровымі ступіўшы на зямлю на ўскраіне Эдынбургу.

Моўчкі ўвайшлі юнакі ў горад, і першы ж чалавек, які трапіўся ім, замер ды ўтаропіўся ў незнаёмцаў у святле вулічнага ліхтара.

— Чаму ты гэтак на нас глядзіш? — спытаў яго Майкл.

— У вас снег на плячох і на галовах, — адказаў чалавек. Раптам жах ахапіў яго, і ён кінуўся прэч, бо вырашыў, што гэтыя трое, пэўна, ведуны альбо чароўцы.

Майкл абтрос снег з галавы й плеч, і ягоныя спадарожнікі зрабілі тое ж. Яны знайшлі заезны дом і, павячэраўшы, пайшлі спаць.

Наступнай раніцай Майкл убачыў, што ягоныя прыяцелі прачнуліся як найраней ды сышлі. Ён ведаў, што яны цяпер страшыліся яго, і падумаў з усмешкаю: “Я на іх не крыўдую. Лепей мне надалей быць адному”.

Хутка Майкл праславіўся як вялікі дойлід. Калі яго прасілі збудаваць дом, ён клікаў на дапамогу чароўцаў, і тыя рабілі ўсю працу за адну ноч.

Аднойчы ён падарожнічаў у Інвэрнэс і дабраўся да ракі, а рака тая акурат паднялася. Па бродзе прайсці было немагчыма, і некалькі вандроўнікаў стаялі на беразе, паглядаючы на глыбокую бурную ваду.

— Шкада, — сказаў нехта з іх Майклу, — што тут няма моста.

— Я прыйшоў сюды будаваць мост, — адказаў Майкл. — Мае працаўнікі возьмуцца за справу сёння ж.

Людзі толькі пасмяяліся ды не звярнулі на яго ўвагі, але ж і здзівіліся яны раніцою, пабачыўшы гатовы мост. Яны перайшлі раку разам з коньмі й статкамі ды рушылі далей, разносячы па ўсім краі славу пра Майклава ўмельства.

З цягам часу Майкл заўважыў, што ягоным чароўным працаўнікам хацелася рабіць болей, чым ён прасіў. Яны пачалі прыходзіць да яго штовечар і патрабаваць: “Працы! Працы! Працы!”

Тады Майкл надумаўся даць ім заданне, з якім яны не ўправяцца, і калі наступным разам яны прыйшлі прасіць працы, ён сказаў ім перагарадзіць заліў пры горадзе Інвэрнэс, дзе ўпадае ў мора адразу некалькі рэкаў. Чароўцы паспяшаліся выконваць ягоны загад.

Майкл спадзяваўся на хуткія прылівы ды паўнаводныя рэкі, што дзень і ноч нясуць свае хвалі да мора, і быў пэўны, што гэтая справа будзе чароўцам не па сілах.

Але наступнай раніцай ён пабачыў, што рака Нэс хутка падымаецца й вось-вось залье Інвэрнэс. Майкл узышоў на пагорак ды паглядзеў у бок мора. Выявілася, што чароўцы ўжо амаль скончылі працу. Ад берагоў упоперак заліву працягнуліся два доўгія насыпы, паміж якімі заставалася шчэ вузкая пратока для вады. З мора наступаў прыліў, не пускаючы рачную ваду далей, ад таго й паднялася Нэс. Толькі ў час адліву вада пачала спадаць.

Увечары Майкл паклікаў чароўных працаўнікоў ды загадаў ім знову адкрыць заліў. Як толькі сцямнела, яны ўзяліся разбураць насыпы. Тым часам узышоў месяц. Святы чалавек, што праходзіў берагам мора, пабачыў іх ды прамовіў малітву аховы ад чароўнага народу. Працаўнікі мусілі збегчы й не маглі болей вярнуцца да насыпаў, якія з той пары так і тырчаць упоперак заліву, нібы клюшні краба. Адзін з іх завецца Чэнанры-пойнт, а на другім цяпер стаіць Форт-Джордж, збудаваны, каб сцерагчы Інвэрнэс ад варожых караблёў.

Пазбавіўшыся магчымасці выканаць тое заданне, чароўцы зноў вярнуліся да Майкла й пачалі крычаць: “Працы! Працы! Працы!” Тады Майкл надумаўся заняць іх невыканальнаю задачаю. Ён сказаў:

— Ідзіце й зрабіце з марскога пяску ды белае пены вяровачныя лескі на той бок месяца.

Чароўцы паспяшаліся ўзяцца за працу, але так і не змаглі зрабіць тыя лескі, колькі ні біліся. Некаторыя лічаць, што яны і дагэтуль спрабуюць выканаць апошняе заданне Майкла, таму і трапляюцца часам на беразе стужкі пены ды перавітыя ланцужкі пяску.

Кажуць, адзін з тых працаўнікоў, стары, нязграбны ды нямоцны розумам, праводзіў цэлыя ночы ля заліву Кіркальдзі, спрабуючы звіць вяроўку з пяску й пены. Стаміўшыся, ён клаўся адпачыць, і халоднымі начамі чуваць было, як ён скардзіцца: “Ногі мерзнуць! Ох, як жа ногі мерзнуць!”



Том і Вілі

(Thom and Willie)


Том і Вілі, маладыя рыбакі з Лýны, што на Шэтландскіх астравох, былі супернікамі за руку прыгажуні Ослы, дачкі Ярма. Здарылася так, што аднойчы кастрычніцкім вечарам яны ўзялі свае снасці й паплылі ўдвух рыбачыць у чоўне.

Калі сонца зайшло, падняўся моцны вецер, і хутка юнакам давялося шукаць ратунку ў гавані Лінгі, найбліжэйшага астраўка, да якога ім пашчасціла дабрацца. На востраве ніхто не жыў, а ў рыбакоў нічога не было з сабою ні каб паесці, ані каб распаліць вогнішча. Але, прынамсі, у іх быў дах над галавою, бо там стаяла малая хацінка, што давала рыбакам прытулак летняй парой, а астатні час пуставала. Шторм лютаваў два дні без супынку, і падобна ўжо было, што хлопцы трапілі ў вялікую бяду. Але на трэці дзень на досвітку Вілі прачнуўся раней за таварыша ды ўбачыў, што мора супакоілася, а вецер дзьме ў спрыяльным кірунку. Не будзячы Тома, ён паспяшаўся туды, дзе ляжаў выцягнуты на бераг човен, і здолеў, паднапружыўшыся, у адзіночку спусціць яго на ваду. Тым часам прачнуўся і Том. Не дачакаўшыся Вілі, ён таксама пайшоў да мора, дзе яго чакала найсумнейшае відовішча. Бераг быў пусты, а падняўшы вочы, Том убачыў ужо далёка ў моры човен, які са спадарожным ветрам спяшаўся да Луны. Небарака Том быў у адчаі. Ён зразумеў, што таварыш подла й бессардэчна кінуў яго на тым астраўку. Ён ведаў таксама, што людзі наўрад ці з'явяцца там, пакуль зноў не прыйдзе рыбацкі сезон. І нават на дапамогу сяброў не было надзеі, бо тыя не зналі, дзе яго шукаць. У сумных развагах і нядобрых прадчуваннях паволі прамінуў дзень. Познім вечарам Том вярнуўся да свайго саламянага подсцілу ў хацінцы. Калі сцямнела, ён заснуў.

З набліжэннем раніцы юнак раптоўна абудзіўся і, на вялікае сваё здзіўленне, убачыў, што дамок напоўнены цудоўным ззяннем. Вакол гучалі незвычайныя, не падобныя да чалавечых мармытанне й балбатня, тупат безлічы маленькіх ножак ды звон залатога й срэбнага посуду. Гэта чароўны народ рыхтаваў у хацінцы бяседу. Том бязгучна прыпадняўся на локці ды пачаў назіраць за тым, што адбывалася. Пасля бясконцай мітусні й бразгату стол быў нарэшце накрыты. Тады ў дом увайшлі маленькія тролі, несучы крэсла, а ў крэсле сядзела чаровіца, якой усе аддавалі вялікую пашану. Усе расселіся вакол стала, і мусіла ўжо пачацца бяседа, як у адно імгненне святочная весялосць змянілася спалохам ды неразбярыхаю. У наступную хвіліну Тому давялося зразумець, у чым прычына перапуду. Шэры народ заўважыў прысутнасць чалавека і па слове сваёй каралевы стоўпіўся й падрыхтаваўся напасці на чужака. Але хоць справы й былі благія, Том і тут не страціў прысутнасці духу. Ягоная стрэльба ляжала побач набітая, і калі чароўцы кінуліся ў бой, юнак ускінуў яе на плячо ды стрэліў. І адразу ж святло згасла, і Том застаўся зусім адзін у цемры й цішыні.

Вернемся цяпер да нягодніка Вілі. Жывым і цэлым дабраўшыся да Луны, ён расказаў там выдуманую па дарозе сумную гісторыю пра тое, як згубіў таварыша. Пераканаўшыся, што яму паверылі, Вілі знову пачаў, не трацячы часу, дабівацца рукі прыгажуні Ослы. Ярм, бацька дзяўчыны, быў прыхільны да ягонага сватання, але сама Осла заставалася глухою да просьбаў Вілі. Яна адчувала, што не можа яго пакахаць, да таго ж яе не пакідала падазрэнне, што са знікненнем Тома, да якога яна ставілася з большаю пяшчотаю, справа нячыстая. Але колькі яна ні адмаўлялася, бацька быў няўмольны, і ў хуткім часе мусіла адбыцца вяселле. Бедная дзяўчына не ведала, што рабіць. Але раз уначы, заснуўшы ў слязах, яна ўбачыла сон, а ўранку паспяшалася да дому Томавых бацькоў упрошваць іх дапамагчы ў пошуках іхнага сына. Тыя, хоць сына і любілі, доўга не пагаджаліся, кажучы, што нават калі Том сапраўды быў пакінуты на адным з бліжніх скалістых астраўкоў, як прысніла Осла, то даўно ўжо загінуў там ад голаду й холаду. Але дзяўчына не здавалася і ўрэшце дамаглася свайго. Людзі падрыхтавалі човен і па ўказаннях Ослы павялі яго да Лінгі. Дабраўшыся туды, яны ўбачылі, зразумела, што на востраве ёсць жыхар, як і прадказвала дзяўчына. Том сустрэў сяброў на беразе. Пасля першых радасных прывітанняў тыя падзівіліся ягонаму свежаму здароваму выгляду. Але яшчэ болей яны падзівіліся, калі юнак расказаў пра свае прыгоды й патлумачыў, што ўвесь гэты час ён сілкаваўся рэштай чароўнай бяседы, на якой малы народзец амаль зусім не паспеў пачаставацца, і што ніколі ў жыцці ён не харчаваўся гэтак раскошна. Жыхары Луны радаваліся шчасліваму вяртанню, і наўрад ці патрэбна згадваць, што Том з Ослаю хутка ажаніліся. Вілі з гэтага часу не знаў радасці. Здароўе ды ўдача пакінулі яго разам з добрым іменем. Да пары ён сышоў у магілу, і ніхто аб ім не шкадаваў.



Ферндэнскі браўні

(The Brownie of Fern-Den)


У Шатландыі шмат расказваюць пра браўні. Ёсць казкі пра браўні з Бодзбэку, і іншыя, пра браўні з Бледнаку. Але ні пра кога з іх няма гісторыі лепшай за тую, якую я раскажу вам зараз пра браўні з Ферн-Дэну.

Ферн-Дэн, гэта значыць Лагчына Папараці, быў фермерскім домам, а зваўся так таму, што сапраўды стаяў ля лагчыны, і кожны, хто ішоў у Ферн-Дэн, мусіў яе прамінуць. Казалі, што ў той лагчыне жыў браўні. Удзень яго ніколі не сустракалі, але ўначы, расказвалі людзі, можна было пабачыць, як ён нязграбным ценем крадзецца ад дрэва да дрэва, хаваючыся ад людскога вока. Ніхто не чуў, каб ён учыніў камусьці шкоду.

Насамрэч, як і ўсе браўні, якім не дакучаюць без патрэбы ды аддаюць належную павагу, гэты не толькі не рабіў шкоды, а наадварот, толькі і шукаў, каму б дапамагчы. Фермер часта казаў, што й не ведае, як бы без яго абыходзіўся. Калі толькі на ферме не паспявалі зрабіць нейкую працу — змалаціць ці павеяць збожжа, ці пазасыпаць яго ў мяхі, ці парэзаць рэпу, ці памыць бялізну, ці збіць масла, ці прапалоць гарод — фермеру й ягонай жонцы толькі і трэба было, што не зачыняць на ноч гумно, ці пуню з рэпаю, ці клець, а на ганку паставіць місачку са свежым малаком, браўні на пачастунак. Наступнага ранку місачка была пустая, а праца ўся скончаная, ды гэтак добра, што куды там людзям да такога ўмельства.

Але хоць і зразумела было па ўсіх справах браўні, што істота ён добрая ды рахманая, але ж усе ў наваколлі яго баяліся, і калі вярталіся позна з касцёлу ці з кірмашу, то гатовыя былі пракрочыць лішніх дзве ці тры мілі ў абыход, абы толькі не йсці лагчынаю, дзе можна было выпадкам яго сустрэць.

Хаця не, калі як след падумаць, то не ўсе баяліся браўні. Фермерава жонка была такая добрая й лагодная, што не пужалася нікога на Божым свеце. А калі трэба было пакінуць вячэру для браўні, яна ліла ў міску самае тлустае малако ды яшчэ дадавала добрую лыжку вяршкоў, кажучы: “Ён так старанна працуе, а платы ніякае не просіць, то прынамсі пачаставаць яго трэба як найлепей”.

Аднойчы ўначы гэтая слаўная жанчына захварэла, і ўсе баяліся, што яна памрэ. Ейны муж, канечне, быў у роспачы, і слугі таксама, бо яна была добраю гаспадыняю, і яны любілі яе як родную маці. Але ўсе яны былі маладыя й зусім нічога не разумелі ў хваробах, таму трэба было ехаць па старую жанчыну, што жыла за сем міляў адтуль, за ракою, і была вядомая сваім лекарскім умельствам.

Але каму паехаць? Вось гэта было пытанне. Стаяла самая поўнач, на дварэ было цямнютка, а дарога да дому старой лекаркі ляжала напрасткі праз лагчыну. А ў лагчыне, так і чакай, напаткаеш таго вусцішнага браўні.

Фермер, вядома, прывёз бы лекарку й сам, але не адважваўся пакінуць жонку. А слугі таўкліся ў кухні, і кожны падбухторваў паехаць іншага, а сам з дому выйсці баяўся.

Ніхто й думаць не думаў, што прычына іхных страхаў, гэты дзіўны касабокі карантышка, увесь кудлаты, з даўгою барадою й чырвонымі веямі, са ступнямі шырокімі ды пляскатымі, нібы ў рапухі, з даўжэзнымі рукамі, што даставалі да зямлі нават калі ён стаяў проста, — дык вось, кажу я, ніхто й не ведаў, што гэтае страшыдла хавалася ў гэты час за два крокі ад іх, за кухоннымі дзвярыма, ды з цікаўнасцю прыслухоўвалася да іхных размоваў.

Прыйшоў браўні са свайго схову ў лагчыне, як зазвычай, каб паглядзець, ці ёсць для яго праца ды каб пачаставацца малачком. Па расчыненых дзвярах ды святле ў вокнах ён зразумеў, што на ферме здарылася няладнае, бо ў гэты час там мусіла ўжо быць цёмна, ціха ды спакойна. Тады ён прашмыгнуў у дом, надумаўшыся разабрацца, у чым справа.

Калі ён уцяміў з размовы слуг, што гаспадыня, якую ён так любіў, якая заўсёды была да яго такая добрая, цяпер ляжыць хворая, у яго проста сэрца абарвалася. А калі ён пачуў, што бесталковыя слугі так баяцца выйсці з дому, што нават не адважыліся паехаць за лекаркаю, ягонай злосці ды пагардзе не было межаў.

— У, дурні, боўдзілы, ёлупы! — мармытаў ён, тупаючы агіднымі пляскатымі нагамі. — Нібыта я іх пакусаю, як толькі сустрэну! Ды калі б яны, пустаплёты, толькі ведалі, як я стараюся не трапляцца ім на вочы! Але што ж я стаю! Так жа гаспадынька і памерці можа, пакуль яны языкамі малоцяць. Давядзецца, напэўна, самому й ехаць па лекарку.

Сказаўшы так, ён ухапіў фермераў цёмны плашч, што вісеў тут жа на цвіку, накінуў яго на галаву й плечы, крыху прыхаваўшы сваё пачварнае аблічча, ды паспяшаўся ў стайню, а там асядлаў ды закілзаў самага быстраногага каня.

Зашпіліўшы апошнюю спражку, браўні падвёў каня да варотаў, ускараскаўся ў сядло ды сказаў:

— Ну, калі ўмееш скакаць хутка, то й зараз скачы як найхутчэй!

Конь нібыта зразумеў ягоныя словы: ён ціхенька заржаў, застрыг вушамі, і стралою ірвануўся ў цемру. Сем міляў быстра засталіся ззаду, і вось ужо браўні нацягнуў павады ля дому старой лекаркі.

Лекарка ўжо моцна спала, але браўні затарабаніў у акно, і нарэшце за шыбаю паказаўся абрамлены белым каптуром твар, і голас старой спытаў, хто яе непакоіць. Браўні нахіліўся ды адказаў грубым басам:

— Едзем хутчэй, цётухна, а тое гаспадыня Ферн-Дэну вось-вось памрэ. А на ферме лекарак няма, адно дурніцы-служанкі.

— А як жа мне туды дабрацца? Па мяне павозку прыслалі? — занепакоілася старая, якая не бачыла на двары нічога, апроч каня ды вершніка.

— Не, павозкі няма, — каротка адказаў браўні. — Таму сядай у сядло ў мяне за спінаю ды як след за мяне трымайся. Не бойся, давязу цябе да Ферн-Дэну жывою ды здароваю.

Такі ўладны быў ягоны голас, што старая не адважылася адмовіцца. Да таго ж у юнацтве ёй даводзілася шмат паездзіць такім спосабам, за спінаю вершніка. Таму яна як найхутчэй апранулася й выйшла на двор, узлезла на камень ля ганку, а з яго перабралася каню на спіну, уладкавалася ззаду незнаёмца ў цёмным плашчы ды моцна яго абхапіла, каб не ўпасці.

Яны не прамовілі ні слова, аж пакуль не пад'ехалі да страшнай лагчыны. Тут старая адчула, што смеласць ёй здраджвае.

— Як вы думаеце, мы тут браўні не сустрэнем? — баязліва спытала яна. — Не хацела б я яго ўбачыць. Людзі кажуць, не да дабра гэта.

Ейны спадарожнік дзіўна засмяяўся.

— Не бойся й не кажы лухты, — сказаў ён. — Будзь пэўная, ты не пабачыш тут большага страшыдла за таго, хто сядзіць перад табою.

— Ну і слаўна тады, — з палёгкаю ўздыхнула лекарка. — Твару я вашага не бачыла, але вы, мусіць, добры чалавек, калі клапоціцеся пра бедную старую.

Яны знову замоўклі. Хутка лагчына засталася ззаду, і конь звярнуў на двор фермы. Вершнік саслізнуў з сядла, павярнуўся, асцярожна падняў лекарку доўгімі моцнымі рукамі ды паставіў на зямлю. Тут плашч упаў з ягоных плячэй, адкрываючы кароткае шырокае тулава ды выродлівыя ногі й рукі.

— Ды хто ж гэта вы такі? — спытала лекарка. Пачынала ўжо віднець, і яна здзіўлена ўгледзелася ў ягоны твар у шэрым ранішнім святле. — Чаму ў вас такія вялікія вочы? А з нагамі сваімі вы што зрабілі? Яны ж у вас не раўнуючы лапы ў рапухі.

Дзіўны чалавечак зноў засмяяўся.

— Я шмат павандраваў у свой час і ўсё пехатою, а шмат хадзіць, кажуць, нагам не на карысць, — адказаў ён. — Але не марнуй часу на размовы, добрая жанчына. Ідзі ў дом. Ды паслухай яшчэ: калі нехта спытае, хто цябе гэтак хутка прывёз, то скажы, што людзей па цябе ехаць не знайшлося, вось ты й мусіла дабірацца дасюль верхам за спінаю ў ферндэнскага браўні.

© Антон Францішак Брыль, пераклад, 2011

пераклад з  ангельскай   –   Антон Францішак Брыль
  • [LJ]Дадаць у ЖЖ
пакінуць каментар