У нашым сямейным архіве вось ужо шмат дзесяцігоддзяў захоўваюцца паперы сябра майго дзеда Эрнэста Савы, беларуса паводле паходжання, які гадах у 20-х мінулага стагоддзя эміграваў у Канаду. Мы ведаем пра яго няшмат, бо з тых часоў да нас дайшло занадта мала звестак, а цяпер пытаць няма ў каго. Не ведаю нават, ці сапраўдным імем падпісаныя ўсе гэтыя вершы. Як я магу здагадвацца, лёс Эрнэста Савы склаўся ў Канадзе не найлепшым чынам: ён памёр на самоце, хутчэй за ўсё ад нейкай хваробы, а свой архіў перадаў майму дзеду — адзінаму, хто хоць неяк падтрымліваў з ім стасункі. Дзед, што праўда, архівам не надта займаўся. Ён схаваў рукапісы, і ніхто не браўся іх разбіраць, пакуль старыя паперы аднойчы не трапілі мне ў рукі. Зрэшты, такая гісторыя — зусім не рэдкасць для нашых шыротаў, незвычайным падаецца мне толькі той факт, што сярод малачытэльных дзённікаў і амаль графаманскіх беларускамоўных вершаў, напісаных Эрнэстам Савой у маладыя гады (а яны цалкам адпавядалі духу часу і маглі б з’явіцца ў якім-небудзь “Маладняку”, калі б не іх абсалютна непрымальны для тых часоў пафас), я знайшоў і вершы на французскай мове канадскага перыяду. Многія з беларускамоўных спробаў на сённяшні дзень немагчыма зразумець праз вялікую колькасць наватвораў (накшталт “непрыкаемны”, “рыхманне”, “абвет”, “гніціцца” і інш.). Канадскія ж вершы напісаныя правільнай французскай мовай. На маю думку, вершы гэтыя могуць падацца цікавым прыкладам творчасці, што ўзнікла на скрыжаванні французскай мовы і беларускай свядомасці, а таму я наважыўся зрабіць некалькі перакладаў для беларускага нумару “ПрайдзіСвета”, каб паказаць існаванне гэтай цікавай, хаця і досыць маргінальнай, з’явы.
пераклад з французскай – Андрэй Стэфановіч
© Андрэй Стэфановіч, пераклад, 2011