нумар 9
27 сакавіка 2012

Art Detected

Злачынства, сэр!
Бясчынства, сэр!
За сцэнай
Ключавая рэпліка
Нечаканы паварот
Мышалоўка+разгарнуць
Пераклады пераможцаў "Ператвора"
Бэйкер-стрыт 221b
НАПІСАЛІ ЗАБОЙСТВА
ПЕРАКЛАЛІ ЗАБОЙСТВА
БІЯГРАФІЯ

Аляксандр Ельскі

Беларускі гісторык, краязнаўца, публіцыст, адзін з першых гісторыкаў беларускай літаратуры і збіральнікаў беларускіх рукапісаў. Нарадзіўся 16 чэрвеня 1834 у маёнтку Замосце каля в. Дудзічы, Ігуменскага павета. Яго бацька Караль Станіслававіч, уладальнік маёнткаў Дудзічы і Замосце, быў скрыпачом-аматарам, атрымаў у свой час прафесійную падрыхтоўку ў вядомых музыкаў Кіфелінга і Дашчынскага, напісаў некалькі твораў для скрыпкі, у тым ліку і “Паланэз 1837 году”, ажаніўся са сваёй гувернанткай Людвікай Штайбух. Пачатковую адукацыю Ельскі атрымаў у гімназіі ў г. Лаздэне (Усходняя Прусія), скончыў Мінскую гімназію (1852). Служыў у расійскім войску, удзельнічаў у Крымскай вайне. Быў міравым суддзём. Пісаць пачаў з маладосці, на беларускай, рускай і польскай мовах. Літаратурна-публіцыстычная дзейнасць Ельскага пачалася з допісаў у газету “Віленскі веснік” прысвечаных пераважна вызваленню сялян ад прыгону. Добра ведаў французскую і нямецкую мовы.

Ельскаму належыць некалькі вершаваных і празаічных твораў на беларускай мове — "Сынок" (1895), "Выбіраймася ўпрочкі" (1896), "Слова аб праклятай гарэлцы і аб жыцці і смерці п'яніцы" (1900). Усе гэтыя творы вытрыманыя ў духу асветніцтва. У творчай спадчыне Ельскага шмат працаў на польскай і рускай мовах, якія прысвечаны пераважна мінуламу Беларусі, яе гісторыі, эканоміцы. Найбольш цікавыя з іх — "Слоўца аб старым Заслаўі", "Пра беларускую гаворку", "Нататкі аб падарожжы па Мінскай губерні", "Слоўца аб матэрыялах, якія служаць для даследавання беларускай гаворкі, этнаграфіі і літаратуры", апошні артыкул з нязначнымі зменамі змешчаны у восьмым томе польскай "Вялікай ілюстраванай энцыклапедыі" (1892). Напісаў звыш 10 тыс. гістарычна-краязнаўчых артыкулаў пра Беларусь для "Польскай ілюстраванай энцыклапедыі" і "Геаграфічнага слоўніка".

Ельскі пераклаў на беларускую мову першую частку паэмы А. Міцкевіча "Пан Тадэвуш" (Львоў, 1892), выйшаў яго зборнік "100 прымавак, загадак, прыдумак і гавэндаў для пажытку беларускага народа" (Вільня, 1908). Ельскі — першы біёграф і сябар пісьменніка В. Дуніна-Марцінкевіча. Менавіта ў яго апынуліся рукапісы са славутага куфра, які у доме Дуніна-Марцінкевіча бачыў падчас навучання Ядвігін Ш. Ён перапісваўся і з Ф. Багушэвічам і іншымі беларускімі пісьменнiкамi. У сваім маёнтку Ельскі разводзіў рыбу, займаўся добраўпарадкаваннем парку, дзе заклаў унікальную травяністую паляну.

Памёр у 1916.
ПЕРАКЛАДЫ
  • [LJ]Дадаць у ЖЖ