Паэт, празаік, эсэіст і перакладчык Леанід Дранько-Майсюк нарадзіўся ў 1957 годзе ў Давыд-Гарадку. У зборніку сваіх твораў “Вершы. Каханне. Проза” (2003) змясціў некалькі досыць вольных перастварэнняў замежных паэтаў: “Цютчаўскі трыпціх”, “З Яўгена Плужніка”, “Паводле самотнага верша Тэнэсі Ўільямса”, “Паводле пяшчотнага верша Тэнэсі Ўільямса”. Адзін з перакладчыкаў анталогіі “Славацкая паэзія” (1990, пераклаў вершы Т. Крыжкі), вершаў К. І. Галчыньскага, змешчаных у зборніку “Сёмае неба” (2006), а таксама асобных вершаў П. Вэрлена (змешчаныя ў зборніку “У месяцавым ззянні”, 1996).
Пераклады Л. Дранько-Майсюка ў часопісе “Крыніца”: вершы К. Скуеніекса (№ 9, 1995, з латышскай), К. І. Галчыньскага (№ 5–6, 1996), верш П. Вэрлена “Мастацтва паэзіі” (№ 9, 2001), верш Г. Апалінэра “Змярканне” (№ 11–12, 2001).
У анталогіі М. Скоблы “Галасы з-за небакраю” змешчаныя пераклады Л. Дранько-Майсюка з рускай (Ф. Цютчаў), французскай (П. Вэрлен, Г. Апалінэр), польскай (К. І. Галчыньскі), украінскай (А. Бондар) моваў.