нумар 9
27 сакавіка 2012

Art Detected

Злачынства, сэр!
Бясчынства, сэр!
За сцэнай
Ключавая рэпліка
Нечаканы паварот
Мышалоўка+разгарнуць
Пераклады пераможцаў "Ператвора"
Бэйкер-стрыт 221b
НАПІСАЛІ ЗАБОЙСТВА
ПЕРАКЛАЛІ ЗАБОЙСТВА
БІЯГРАФІЯ

Карлас Шэрман

Паэт, перакладчык, празаік, былы віцэ-прэзідэнт Бларускага ПЭН-цэнтра Карлас Шэрман нарадзіўся ў 1934 годзе ў Мантэвідэа (Уругвай) у сям’і эмігранта з Заходняй Беларусі, які ў пачатку 1920-х гадоў выехаў у Паўднёвую Амерыку на заробкі, а ў 1956 годзе вярнуўся з сям’ёй у Беларусь.

Карлас Шэрман – адзін з перакладчыкаў, а таксама рэдактар і аўтар прадмоваў да кніг: “Тытунёвая кветка: анталогія сучаснай кубінскай паэзіі”, зборнік вершаў Н. Гільена “Падарожжа да сябе самога” (пераклаў з гішпанскай разам з М. Стральцовым і Р. Барадуліным, 1978). У перакладзе Шэрмана выйшаў зборнік твораў аргентынскага паэта А. Т. Гомэса “Вось ідзе Лукас Рамэра” (1987).

У “Даляглядах” выходзілі наступныя пераклады К. Шэрмана: А. Бальмасэда (1979), Г. Г. Маркес (апавяданне “Неверагодная і сумная гісторыя пра нявінную Эрэндзіру і яе бяздушную бабулю”, 1980), В. Л. Порталь (1982), О. Фернандэс (1984), С. Ібаргоен (1986), мексіканская літаратура – К. Кастэльётэ, А. Навара (1987), паэзія Нікарагуа – Э. Кардэналь, Д. Артэга, Р. Мурыльё (1988). У часопісе “Беларусь” (№7, 1973) было надрукаванае апавяданне Ф. Піты Радрыгеса “Тобіяс” у яго перакладзе.

Шэрман – укладальнік, каментатар і аўтар прадмовы да зборнікаў вершаў Ф. Г. Лоркі “Блакітны звон Гранады” (пераклаў Р. Барадулін, 1975), П. Нэруды “Крыві бунтоўнай кроплі” (1976), Г. Містраль “Ветраліст” (пераклаў Р. Барадулін, 1984), С. Вальехі “Чорныя геральды” (пераклаў Р. Барадулін, 1993); аўтар шэрагу артыкулаў пра майстэрства перакладу, якія ўвайшлі ў зборнік “Таямніцы почырку” (1995; многія з іх уяўляюць сабой згаданыя вышэй прадмовы да зборнікаў; артыкул “На шляхах да спаткання” ўпершыню надрукаваны ў “Даляглядах”, 1977).

Разам з В. Тарасам пераклаў на рускую мову раман Г. Г. Маркеса “Восень патрыярха”, які дагэтуль лічыцца ўзорным і перавыдаецца зноў і зноў.

У анталогіі М. Скоблы “Галасы з-за небакраю” змешчаныя пераклады К. Шэрмана з гішпанскай мовы (М. дэ Сервантэс, А. Мачада, Э. Фларыт, Д. Алонса, С. Фейхоа, С. Ібаргоен, О. Фернандэс, У. Дзітаранта, К. Кастэльётэ).

Пераклаў з беларускай мовы на гішпанскую творы Я. Купалы, Я. Коласа, А. Куляшова, М. Танка, Р. Барадуліна і іншых.

Памёр Карлас Шэрман у 2005 годзе ў Крыстыянсане (Нарвегія).
ПЕРАКЛАДЫ
  • [LJ]Дадаць у ЖЖ